У Смаргоні пасля абвяшчэння прысуду двум мясцовым жыхарам за паклёп у суд выклікалі міліцыю і нікога з прысутных не выпускаюць, паведамляе незарэгістраваны ў Беларусі праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сёння ў судзе Смаргонскага раёна агучылі прысуд Руслану Валюку і Інэсе Маркавай, абвінавачаным у паклёпе (артыкул 188 КК) – а менавіта ў распаўсюдзе ўлётак, у якіх утрымліваліся «заведама ілжывыя» звесткі, якія зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі. Валюк атрымаў два гады абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову («хімія»), Маркава – два гады «хатняй хіміі».

Пасля ў калідоры суда хтосьці крыкнуў «Жыве Беларусь!». А старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму выпускаць прысутных на вуліцу і выклікала міліцыю. У будынку суда засталіся заблакаванымі каля 20 чалавек, у тым ліку і праваабаронца «Вясны» Алесь Дзергачоў. Туды мусіць прыехаць міліцыя.

Як паведамляюць мясцовыя жыхары, у судзе – 10-15 чалавек. Іх не выпускаюць, але частка людзей змагла выйсці на вуліцу. Падсуднаму Валюку выклікалі «хуткую». Яна прыехала.

Мы звязаліся з сястрой Руслана Любоўю, якая прысутнічала на судзе. Вось што яна расказала:

– Пасля прыгавору чалавек 20 выйшлі з залы суда. З суседняй залы выйшла суддзя Пятрова.

Яна, па словах Любові, сказала, што людзі парушаюць грамадскі парадак у судзе і што яны крычалі «Жыве Беларусь!». Таксама сказала, што гэта могуць пацвердзіць людзі, якія сядзелі ў яе зале. Пасля Пятрова пайшла да ахоўніка. Выклікалі нарад.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Рэгiянальная газета (@rg_rhby)

Каля 13:30 нам паведамілі, што Руслана Валюка павезлі на агляд.

Таксама мы звязаліся з праваабаронцам Алесем Дзергачовым, якія быў сярод прысутных.

– Мы выйшлі з залы суда. Нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!», нехта падтрымаў. Тут з суседняй залы выскачыла суддзя Пятрова, сказала «Што гэта такое? Знайшлі месца!». Падзеі адбываліся на другім паверсе, яна хутка пабегла на першы і загадала ахоўніку нікога не выпускаць. Людзі аказаліся забракаванымі. Не дазволілі выйсці і адвакату. Аднак некалькі чалавек усё ж змаглі выйсці, – расказаў Алесь Дзергачоў.

Як нам паведамілі жыхары Смаргоні, каля 14:00 людзей пад канвоем павялі ў РАУС. Будынак аддзялення міліцыі знаходзіцца паблізу суда. Колькасць затрыманых пакуль невядомая.

Па папярэдняй інфармацыі могуць быць затрыманымі не менш за 7 чалавек. Нам паведамляюць, што гэта сваякі асуджанага Руслана Валюка – сястра Любоў і маці Марэт, праваабаронца Аляксандр Дзергачоў, Яўген Новікаў, Людміла Сульжыцкая, Наталля Путырская і, магчыма, Ілля Петуноў. «Вясна» паведамляе пра 9 затрыманых.

• Текст доступен на языке: Русский