Ілюстрацыйнае фота nikhospital.ru

Арганізацыі аховы здароўя Мінскай вобласці запісваюць жадаючых прышчапіцца супраць інфекцыі COVID-19, паведаміла БЕЛТА доктар-эпідэміёлаг, загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марына Качкан.

Для ўключэння ў спісы на вакцынацыю варта звярнуцца ў амбулаторна-паліклінічную арганізацыю па месцы жыхарства (на тэрапеўтычны ўчастак паліклінікі, у  амбулаторыю, ва ўчастковую бальніцу, фельчарска-акушэрскі пункт).

Пры гэтым Марына Качкан ўдакладніла: у сувязі з абмежаванымі магчымасцямі пастаўкі адначасова неабходнай колькасці вакцыны Міністэрства аховы здароўя вызначыла групы рызыкі, якія падлягаюць першачарговай вакцынацыі. Гэта работнікі арганізацый аховы здароўя, адукацыі і сацыяльных устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых.

– Па меры паступлення вакцыны будуць прышчапляцца пэўныя кантынгенты, якія маюць рызыку цяжкага працякання захворвання і больш высокую рызыку заражэння інфекцыяй COVID-19 у параўнанні з астатнім насельніцтвам у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, – адзначыла загадчыца аддзялення.

Масавая вакцынацыя насельніцтва плануецца з другога квартала 2021 года.