Віктар Таўгень перад пасяджэннем. Фота Настассі Уткінай.

Віктара Таўгеня абвінавачваюць у парушэнні часткі першай артыкула 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх».

Справу ў судзе Маладзечанскага раёна разглядае Іна Каханоўская. Дзяржаўны абвінаваўца Алена Балоціна, адвакат – Анатоль Клімовіч.

36-гадовы Віктар Таўгень працуе наладчыкам абсталявання, выхоўвае дваіх дзяцей, раней несудзімы.

На судовым пасяджэнні мужчына не прызнаў віну, таму што лічыць, што не парушаў грамадскі парадак. Адзначыў, што на плошчу прыйшоў, каб выказаць грамадзянскую пазіцыю, але не меў мэты дэстабілізаваць абстаноўку.

За ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ён ужо часткова адбыў пакаранне ў выглядзе арышту ад 12 да 16 жніўня па артыкуле 23.34.

Прычынай абвінавачвання стала тое, што Таўгень прыняў удзел у незаконных дзеяннях, далучыўся да групы асобаў, што парушалі парадак, знаходзіўся ў счэпцы, выкрыкваў лозунгі, хлопаў рукамі, падымаў іх над галавой, свяціў ліхтарыкам, адмаўляўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. Уключаў музыку на калонцы, дэманстратыўна і з выклікам падымаў яе над галавой, правакаваў натоўп на больш агрэсіўныя дзеянні. Таксама замінаў міліцыянеру Танюкевічу, які тлумачыў прысутным пра адказнасць.

Віктар Таўгень у чорнай майцы з белым бранзалетам на маладзечанскай плошчы ўвечары 9 жніўня.

Расказвае абвінавачваемы

Падчас апытання Таўгень расказаў, што 9 жніўня адзін ішоў на цэнтральную плошчу Маладзечна з выбарчага ўчастка. Даведаўся з сацыяльных сетак, што там плануюць збірацца людзі. З сабой з машыны ўзяў калонку, таму што часам гуляе па гораду з ёй. Меркаваў, што пабудзе там некаторы час, каб мірна паказаць пазіцыю.

Па дарозе ўключаў розную музыку. На плошчы збіраліся людзі, пасля сталі ў шэраг міліцыянеры. Яны казалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і прасілі разысціся. Таўгень не сыходзіў, таму што лічыў, што нічога супрацьзаконнага не робіць. Таму што ніхто з жыхароў заўваг яму не рабіў, а міліцыянеры не звярталіся асабіста да яго. Падымаў рукі і хлопаў без асаблівай мэты – пад музыку. Магчыма, некалькі разоў крыкнуў «Жыве Беларусь». Калі стала цёмна, пайшоў дадому.

12 жніўня яго затрымлівалі ў межах адміністратыўнай справы за знаходжанне на несакцыянаваным масавым мерапрыемстве. Віктар прыгадаў, што ўцякаў ад міліцыянераў падчас затрымання, таму што ведаў, як «здзекуюцца над людзьмі, збіваюць». Яго штурхнулі ў спіну, ён трапіў у кусты і галінкай рассёк века. Пасля завезлі ў гараж райаадзела міліцыі, дзе ён прабыў тварам уніз 3-4 гадзіны са сцяжкамі на руках. Медыцынскую дапамогу яму не аказвалі.

Пабоі не здымаў, таму што хацеў як мага хутчэй забыць усе гэтыя падзеі.

На пытанне, якую грамадзянскую пазіцыю хацеў паказаць на плошчы, адказаў, што падчас галасавання не дапускалі незалежных назіральнікаў, таму палічыў, што выбары не могуць прайсці сумленна. Ведаў папярэднія вынікі галасавання і быў з імі нязгодны. Таму хацеў мірна паказаць пратэст прадстаўнікам улады. А мэты перашкаджаць міліцыянерам не меў.

Віктар Таўгень перад першым пасяджэннем. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сведка Бурачонак

Сярод сведкаў на судзе – міліцыянеры Маладзечанскага РАУС. Першым апыталі Віталя Бурачонка.

Ён расказаў, што 9 жніўня міліцыянеры накіраваліся на «беспарадкі», таму што на плошчы сабралася шмат людзей. Яны былі там з мэтай ахоўваць грамадскі парадак. Было шмат людзей, шумна, грала музыка. Сталі ў шарэнгу, тварам да натоўпу. Пра сэнс крыкаў людзей сказаў, што былі нечым незадаволеныя, можа наконт выбараў. Танюкевіч казаў праз гукаўзмацняльнік, каб разыходзіліся.

З’ехалі з плошчы, калі сцямнела. На заданне адправіў Руслан Манькоўскі.

Адвакат: Што вы рабілі, выконваючы заданне?

Бурачонак: Стаялі, чакалі ўказанняў.

Адвакат: Колькі стаялі?

Бурачонак: Можа гадзіну, можа менш.

Адвакат: Што вы назіралі?

Бурачонак: Несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Адвакат: Адкуль вы ведалі, што несанкцыянаванае?

Бурачонак: Я не ведаю або не помню.

Адвакат: Як вы кваліфікуеце гэта дзеянне?

Бурачонак: Адміністрацыйнае правапарушэнне.

Адвакат: Што вы як міліцыянер павінны рабіць, калі бачыце правапарушэнне?

Бурачонак: Спыняць.

Адвакат: А вы што рабілі?

Бурачонак: Стаяў насупраць іх.

Адвакат: Чаму не спынялі?

Бурачонак: Чакалі каманду кіраўніцтва.

Адвакат: Вы толькі па камандзе павінны спыняць?

Бурачонак: Там былі кіраўнікі, хадзілі каля нас.

Адвакат: Чаму вы не рабілі дзеянні, каб спыніць правапарушэнні?

Бурачонак: Я ўжо заблытаўся.

Пасля Бурачонак сказаў, што чакалі АМАП. На пытанне адваката, як расшыфроўваецца «АМАП» сведка адказаў, што не памятае.

На пытанні аб супярэчнасцях паміж паказаннямі на этапе следства адказаў, што падтрымлівае ранейшыя паказанні.

Адвакат спытаўся, якія лозунгі выкрыквалі людзі. Сярод іх – «Міліцыя з народам» і «Жыве Беларусь». На пытанне, ці нясуць яны супрацьпраўны і негатыўны сэнс адказаў, што дакладна не негатыўны.

Сведкі Буранчонак і Сіняўскі.

Сведка Сіняўскі

Міліцыянер Павел Сіняўскі расказаў, што 9 жніўня днём быў інструктаж, бо вечарам былі магчымыя масавыя мерапрыемствы. Музыка з калонкі грала, сярод песен запомніў «Перамен» Цоя. Некаторыя падтрымлівалі музыку хлапкамі. Некаторыя прысутныя выкрыквалі пагрозы, але Сіняўскі не чуў, каб пагрозы выкрыкваў Таўгень. Каля 22 гадзін была каманда ісці да аўтамабіляў і ўключыць праблісковыя маячкі.

На пытанне, якая задача стаяла перад міліцыянерамі падчас працы на плошчы сказаў, што не дапусціць праход грамадзян да райвыканкама. Такіх спробаў ён не заўважаў. Сказаў, што ад людзей можна было чакаць чаго заўгодна – пойдуць яны на міліцыянераў ці штосьці яшчэ.

Сведка Танюкевіч

Аляксандр Танюкевіч працуе ў інспекцыі па правах непаўнагадовых. 9 жніўня атрымалі інфармацыю, што на плошчы вялікая кампанія грамадзян, паводзяць сябе агрэсіўна. Ён разам з 25 калегамі стаяў ў шарэнзе насупраць натоўпу. Менавіта Танюкевіч казаў у гукаўзмацняльнік пра адказнасць і прасіў разысціся.

Сказаў, што Таўгень падыходзіў да яго і ўключаў музыку, напэўна, каб перабіць міліцыянера. Калі ўключаў музыку перад натоўпам, людзі актывізаваліся. З пратакола зачыталі, што міліцыянерам ставілі ўльтыматум, а пасля Танюкевіч удзельнічаў у рассяроджванні грамадзян.

Сведка Сянько

Міліцыянер Аляксандр Сянько сказаў, што бачыў Таўгеня на плошчы 9 жніўня. Той раскрываў рот, а крычаў, спяваў ці маліўся, не ведае. З натоўпу вылучаўся толькі тым, што была музыка. Дадаў, што ў Таўгеня былі не такія агрэсіўныя дзеянні, як у некаторых іншых прысутных.

На пытанне, ці станавіліся людзі больш агрэсіўныя з-за музыкі Таўгеня сказаў, што там людзі былі адразу агрэсіўныя.

Сведка Філістовіч

Міліцыянер Генадзь Філістовіч сказаў, што сярод натоўпа былі агрэсіўна настроеныя грамадзяне. Быў момант, калі яны сталі ў счэпку і рушылі на міліцыянераў. Стаялі, пакуль чакалі дапамогі АМАПа. Таўгень прыцягнуў увагу тым, што хадзіў з калонкай. Успрыняў яго дзеянні як агрэсіўныя – таму што той не проста стаяў, а размахваў рукамі.

Адзначыў, што пасля атрымаў траўму, яго забрала хуткая дапамога.

Сведка Церашонак

Міліцыянер Юры Церашонак сказаў, што Таўгень выдзяляўся тым, што падыходзіў да міліцыі, а падыходзілі нямногія. Калі Танюкевіч казаў пра адказнаць, падыходзіў да яго, музыка замінала інфармаваць грамадзян.

Сярод музыкі была «Перамен» і «Штосьці пра муры».

Лічыць, што дзеянні Таўгеня правакавалі іншых – людзі актывізаваліся, хлопалі.

Сведка Туровіч

Сведка Яраслаў Туровіч 9 жніўня на плошчы здамаў падзеі на відэакамеру. Для эканоміі месца здымаў найбольш яркія моманты, твары людзей, ад якіх была пагроза міліцыі.

Некаторыя выкрыквалі незадавальненне ўладай. На пытанне адваката, якімі фразамі, прыгадаў лозунг «Міліцыя з народам». На ўдакладненне адваката дадаў, што гэтую фразу не лічыць пагрозай, але там былі і іншыя фразы — «Мы вас будзем рэзаць», «Будзем вешаць вашы сем’і», якія расцаніў як пагрозу.

Сказаў, што там быў чалавек з калонкай, з якой гучала музыка, ён заводзіў натоўп. Але ці быў гэта Таўгень, дакладна апазнаць не можа, таму што ўвагу канцэнтраваў на здымцы.

На пытанне, чаму не папярэдзіў правапарушэнне ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства сказаў, што невядома, як бы адрэагаваў бы натоўп на затрыманні, а сілы былі няроўныя.

Сведка Закамскі

Міліцыянер Захар Закамскі 9 жніўня здымаў падзеі на відэа з дапамогай прылады «Дазор». Сказаў, што здымаць увесь час немагчыма, бо «батарэйкі слабыя». Уключаў, калі станавілася грамчэй, актывізаваліся прысутныя. Калі стала цёмна, перастаў здымаць, бо не было б відаць. Памятае, што абвінавачваемы ўключаў музыку на калонцы.

Дзяржаўны абвінаваўца Алена Балоціна.

Спрэчкі бакоў

Дзяржаўны абвінаваўца прыйшла да высновы, што сваімі дзеяннямі Таўгень справакаваў грамадзян на больш актыўныя дзеянні, дэманстратыўна выходзіў з натоўпу. Працягваў здзяйсняць актыўныя дзеянні і парушаць грамадскі парадак пасля неаднаразовых заклікаў міліцыянераў спыніцца.

Яна запатрабавала прызначыць абвінавачваемаму пакаранне ў выглядзе двух год абмежавання свабоды з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адвакат Анатоль Клімовіч.

Адвакат Клімовіч выказаў меркаванне, што расследаванне правялі аднабакова і з яўным абвінаваўчым ухілам. Клімовіч сказаў, што матэрыялы справы — гэта кампеляцыі дакументаў, якія не датычацца яго падабароннага, і гэта абцяжарвае саму абарону.

Адвакат дадаў, што Таўгеня ўзялі пад рукі ў счэпку, але без яго волі. Абвінавачваемы хадзіў па плошчы, гэта засведчылі відэазапісы. Ён слухаў музыку, людзі рэагавалі, запальвалі ліхтарыкі.

— У абвінавачванні сказана, што ён гучна пляскаў у далоні, а хто замерыў гучнасць? Не выключаецца, што ён некалькі разоў выкрыкваў. Гэта парушэнне парадку? Паасобку і сукупнасці, гэта не тое, што не грубае парушэнне, гэта наогул не парушэнне.

Клімовіч мяркуе, што няма ніводнага канкрэтнага доказу віны Таўгеня, а толькі здагадкі.

— «Незаконны спосаб выказвання сваіх поглядаў», «вядзенне дэструктыўнай дзейнасці», «абвастрэнне напружанасці ў грамадстве», «музычныя кампазіцыі пратэстнага характару» — што гэта за юрыдычныя тэрміны? Гэта набор словаў. Яны не падлягаюць юрыдычнай ацэнцы.

— «Пацягнула масавае доўгае ўпартае няспыннае грубае парушэнне парадку і спакою грамадзян, абмежаваўшы права добрапрыстойных і законапаслухмяных грамадзян на адпачынак і свабоднае перамяшчэнне» — з-за таго, што Таўгень музыку слухаў? — запытаўся адвакат.

Клімовіч падкрэслівае, што ў дзеяннях Таўгеня няма складу злачынства, абвінавачванне крыміналізуе некрымінальныя дзеянні. Клімовіч папрасіў вынесці апраўдальны прысуд.

Апошняе слова

Віктар Таўгень выступіў з апошнім словам:

— Я не пераследваў мэты заводзіць натоўп і ўплываць на іх. Дзеянні рабіў для сябе. Прашу даць магчымасць працягнуць працу на заводзе і дабудаваць дом для дзяцей.

Прысуд — у панядзелак, 22 лютага ў 9:20.

• Текст доступен на языке: Русский