Дзевяцікласніца Юля Ярашонак - пра беларускую, рускую і англійскую мову ў сваім жыцці.

Беларуская, руская і англійская… Кожная з гэтых моў адыгрывае пэўную ролю ў маім жыцці.

Руская мова

Руская мова – асноўная мова зносін у Беларусі. Пакуль гэта мова вучобы ў школе, шыльдаў у большасці крамаў, мова медыцыны, афіцыйных папер… Ды што там казаць, большасці сфер нашага жыцця. Па-руску размаўляе шмат маіх сяброў і сваякоў.

Руская – мова вядомых паэтаў і пісьменнікаў – Пушкіна, Лермантава, Ясеніна, мова песень Віктара Цоя і блогераў, якіх мы слухаем з сястрой. А яшчэ руская мова – адзін са школьных прадметаў. Ён таксама даецца мне нядрэнна. І з настаўніцай пашанцавала. І ўсё ж, я лічу, што руская мова больш складаная ў правапісе і вымаўленні.

Англійская мова

Англійская мова – распаўсюджаная ў свеце. Яе вывучаюць амаль ва ўсіх краінах. Упершыню я пазнаёмілася з ёй у Ільянскай школе імя Грымаця, у трэцім класе. Мне яна давалася лёгка, і я часта атрымлівала добрыя адзнакі. Што гэта мова мне спатрэбіцца, зразумела яшчэ ў дзевяць гадоў, калі была на міжнароднай кніжнай выставе. Там я пазнаёмілася з дзяўчынкай прыкладна майго ўзросту, якая жыла ў Амерыцы. І вельмі здзівілася, бо амаль усё, што казала замежная аднагодка, я разумела. Канешне, час ад часу мне дапамагаў перакладчык, але і сама я магла шмат чаго ёй сказаць па-англійску.

З кожным годам патрэбу ведаць гэту мову я адчувала ўсё больш. У наш час можна сустрэць шмат сайтаў і праграм на англійскай мове, некаторыя курсы і трэнінгі таксама праходзяць на ёй. Для мяне вялікім плюсам з’яўляецца тое, што я магу глядзець англійскія фільмы яшчэ да таго, як выйдзе агучка, перакладзеная на рускую, і слухаць англійскія песні, разумеючы, пра што там ідзе размова.

Для шматлікіх прафесій трэба ведаць гэту мову. Мая мама ў школе вывучала нямецкую і цяпер яна сама мне кажа, што ёй вельмі складана без англійскай. Маме даводзіцца адмаўляцца ад цікавых курсаў і трэнінгаў толькі таму, што там патрабуюцца веды англійскай мовы. Я, канешне, спрабую вучыць маму, але поспехі пакуль так сабе.

З англійскай у жыцці лягчэй.

Беларуская мова

Беларуская мова – родная мова. Я лічу, што яна прыгожая і нездарма займае другое па мілагучнасці месца ў свеце. Гэта мова выконвае далёка не апошнюю ролю ў маім жыцці. Чаму?

Па-першае, гэта мая родная мова, таму зусім ёй не карыстацца немагчыма. Па-другое, я ўсю пачатковую школу навучалася на беларускай мове ў Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця. Я размаўляла на ёй з аднакласнікамі, з настаўнікамі і звычайна ўсе школьныя мерапрыемствы адбываліся на беларускай мове.

Потым я пераехала ў Маладзечна. З задавальненнем і там пайшла б у беларускамоўны клас, калі б хоць адзін такі быў у гэтым горадзе. У новай школе я пачала навучацца на рускай мове. І да майго вельмі непрыемнага здзіўлення, нават гісторыя Беларусі тут выкладаецца па-руску.

Але беларуская таксама была ў маім жыцці. Мама пачала працаваць у беларускамоўнай газеце, а я пісала і пішу вершы на беларускай мове і з захапленнем чытаю і слухаю вершы беларускіх пісьменнікаў. Акрамя вершаў, слухаю і спяваю разам з мамай беларускія песні. Па вечарах з нашай кватэры можна пачуць «Тры чарапахі», «Вожык-патрыёт», «Пагоню»,  «Аксамітны летні вечар».

Родная мова выклікае ў мяне цёплыя і прыемныя пачуцці. Кожны раз, калі я чула, што маім аднакласнікам яна не падабаецца, я вельмі сумавала. Але з цягам часу некаторыя дзеці самі пачалі размаўляць са мной па-беларуску. Дакладна ёсць два-тры чалавекі, якія падыходзяць да мяне і прапаноўваюць паразмаўляць на роднай мове.

Настаўніца беларускай мовы таксама заўважыла маю зацікаўленасць да гэтага прадмета. Яна пачала мне прапаноўваць удзел у розных конкурсах і даваць дадатковыя творчыя заданні, якія я з задавальненнем выконвала. Я займала першыя месцы з вершамі на роднай мове і знаёмілася з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі – Таццянай Атрошанкай, Міколам Шабовічам, Рагнедам Малахоўскім.

У сям’і паміж сабой мы часта размаўляем па-беларуску.

І я спадзяюся, што нарэшце прыйдзе час, калі беларуская мова будзе выконваць галоўную ролю ў жыцці кожнага з нас.