22 лютага ў судзе Смаргонскага раёна павінны былі разглядаць справы чатырох затрыманых смаргонцаў на мінулым тыдні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў будынку суда. Але суддзя накіраваў справы ў РАУС на дапрацоўку.

Судоў не было, справа — на дапрацоўцы

Ад раніцы на стэндзе суда вісеў расклад пасяджэнняў: ад адміністрацыйных спраў за абразы да крымінальных за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Сярод шматлікіх пасяджэнняў у смаргонскіх суддзяў не было разбіральніцтваў па артыкуле 23.34 КоАП.

22 лютага павінна было прайсці 72 гадзіны з моманту затрымання як мінімум пяці смаргонцаў – Іллі Петунова, Яўгена Новікава, Людмілы Сульжыцкай, Рамуальда Улана і Сяргея Трая.

Будынак смаргонскай міліцыі.

Іх затрымалі пасля суда, што адбыўся 18 лютага, над Русланам Валюком і Інэссай Маркавай па справе аб паклёпе. Прысутныя выйшлі з залы пасяджэння, нібыта нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!». З суседняй залы выйшла старшыня суда Людміла Пятрова і заявіла, што людзі парушаюць грамадскі парадак. Пасля частку людзей адвялі ў аддзяленне міліцыі, пагутарылі і выпусцілі. 19 лютага затрымалі пяць чалавек па адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў будынку суда.

Чытайце яшчэ: Хтосьці крыкнуў «Жыве Беларусь!». Пасля прысуду за паклёп у смаргонскі суд выклікалі міліцыю і нікога не выпускалі

Суд Смаргонскага раёна.

Раніцай 22 лютага смаргонцы чакалі, што адбудуцца пасяджэнні. У канцылярыі суда карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» паведамілі, што справы па артыкуле 23.34 разглядацца не будуць, а ў аддзяленні міліцыі родным затрыманых не далі дакладнага адказу, ці пройдуць сёння суды.

Пасля абеду мясцовыя жыхары паведамілі, што разбіральніцтвы могуць прайсці ў Астраўцы. Аднак пасля блізкія затрыманых удакладнілі, што справы будуць разглядаць у смаргонскім судзе. Пра час не паведамлялі ні ў міліцыі, ні ў судзе.

Прыкладна ў 16 гадзін будынак суда пачалі патруляваць двое супрацоўнікаў міліцыі. У будынку суда – яшчэ чатыры міліцыянеры. У 17 гадзін суддзя Сяргей Боландзь у зале заявіў, што ў справах Петунова, Новікава, Сульжыцкай і Улана ёсць недакладнасці, справу накіроўваюць на дапрацоўку ў Смаргонскі РАУС, а пра разгляд папярэдзяць загадзя. Усіх чатырох адпусцілі ўвечары, а Трая мусяць судзіць 23 лютага.

Ілля Петуноў.

Прыйшоў у міліцыю з заявай, а ў выніку затрымалі

18 лютага Ілля Петуноў прысутнічаў на судзе па справе Валюка і Маркавай. Пасля пасяджэння бачыў, як Рамуальд Улан выйшаў амаль першым, а ён сам спусціўся на першы паверх.

– На турнікеце стаяла суддзя Пятрова, яна не выпускала. Сказала, што нікога не выпусціць з будынку. Я развярнуўся, пайшоў у канцылярыю. Праз нейкі час спусціўся уніз, там міліцыянер паклікаў у РАУС.

У аддзяленні міліцыі ён правёў больш за тры гадзіны. Петунова апыталі, забралі мабільны тэлефон. На наступны дзень мужчына пайшоў у РАУС з заявай, каб яму вярнулі сім-карту, бо ён застаўся без сувязі.

Яўген Новікаў пасля вызвалення з ізалятара вітаецца са знаёмымі.

– Да мяне выйшаў супрацоўнік і сказаў ісці за ім. Мы падняліся на другі паверх. Я ведаю, што трэба павярнуць направа, кажу яму пра гэта. Ён вядзе ў іншы кабінет, дзе сядзеў начальнік ААПП Руслан Ткачоў. Ён пачаў казаць, што мы нешта арганізавалі. Кажу, што нічога не арганізоўваў, паказваю яму заяву. Ён гэтую заяву адкінуў увогуле.

Затым на Петунова склалі пратакол адміністрацыйнага затрымання. Трое сутак ён правёў у ІЧУ Смаргонскага РАУС. У ізалятары Сяргей Трай расказаў Петунову, што ў пятніцу яму далі двое сутак. Пасля мужчына чуў, як у ІЧУ завялі Сульжыцкую і Улана, а пра затрыманага Новікава даведаўся толькі ў судзе.

Рамуальд Улан.

«Вінавацяць у пікетаванні ў судзе»

18 лютага пасля пасяджэння па Валюку і Маркавай Рамуальд Улан хутка выйшаў з суда, бо спяшаўся на працу. У той дзень яго апыталі, вынялі тэлефон і адпусцілі.

– У пятніцу дэжавю, другая серыя. Прыйшлі сяржанты, папрасілі збірацца з рэчамі, бо наўрад ці адпусцяць. Адтуль адразу ў ізалятар. Мяне вінавацяць у пікетаванні ў будынку суда. Але я ж не пікетаваў.

Людміла Сульжыцкая.

«Я аб’явіла галадоўку»

Людмілу Сульжыцкую затрымалі ўвечары ў пятніцу, 19 лютага. Па яе словах, яна ўвечары выйшла на шпацыр у горад.

– Пад’ехалі да пешаходнага пераходу міліцыянеры. Я паспела паведаміць знаёмым, каб яны звязаліся з дзецьмі, бо трэба даглядаць за паравым ацяпленнем у доме.

Сульжыцкую затрымалі некалькі супрацоўнікаў, адвезлі ў аддзяленне. Яна запытвалася ў іх, на якой падставе адбылося затрыманне, ёй адказвалі, каб паразмаўляць.

– Як толькі зайшлі за дзверы аддзялення, мне каротка і ясна сказалі – «На ІЧУ».

У Людмілы праблемы са спіной, яна не можа доўга сядзець, то ёй трэба ці ляжаць, ці стаяць. Спецыяльны гарсэт для спіны ў яе забралі.

– У суботу напісала дзве заявы. Адна заява па судзе па запазычанасцях, каб справу без мяне не разглядалі. А другая заява – аб’яўленне галадоўкі. Яны прывозяць мяне на размову, закрываюць у ІЧУ, ведаючы, што ў мяне праблемы са спіной, што я не супраціўляюся, заўсёды прыходжу, то аб’явіла галадоўку.

Сяргей Трай

Сяргея Трая адпусцілі пасля 15 гадзін 23 лютага з ізалятара часовага ўтрымання. У пятніцу, 19 лютага, яго асудзілі на двое сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белы шалік, які ён апранаў у судзе. Шалік вынялі.

Трай таксама праходзіць па адміністрацыйнай справе за вокліч «Жыве Беларусь!».

• Текст доступен на языке: Русский