На сайце Цэнтра прамысловай ацэнкі з’явіліся аб’явы аб продажы нерухомасці буйнога ў Беларусі і ў СНД вытворцы металаканструкцый – ААТ «Маладзечанскі завод металаканструкцый», паведамляе realt.by.

Агульная плошча нерухомасці – больш за 13 тысяч квадратных метраў, а зямельны ўчастак – 55 гектараў.

На сайце Цэнтра прамысловай ацэнкі былі размешчаныя тры лоты.

Першы – будынак лабараторна-бытавога корпусу, у яго адміністрацыйна-гаспадарчае прызначэнне. Агульная плошча нерухомасці – 8139,7 м2. У лота ёсць абцяжарванне: частковая арэнда (3150,53 м2). Пачатковы кошт аб’екта –2.188.780 рублёў ($ 848.397).

Другі – будынак інжынернага корпусу. Прызначэнне: спецыялізаванае для навукова-даследчых, праектных, канструктарскіх арганізацый, інфармацыйных цэнтраў, грамадскіх арганізацый і дзяржаўных архіваў. Агульная плошча аб’екта – 5769,4 м2. Абцяжарання і абмежаванні: іпатэка (залогатрымальнік –«Беларусбанк»). Пачатковы кошт аб’екта 2.489.256 рублёў ($ 964.865).

Трэці – аўтазаправачная станцыя. Плошча – 36,8 «квадрата». Кошт складае 129.600 рублёў ($ 50.034).

Таргі павінны прайсці напрыканцы сакавіка гэтага года.

«МЗМК» уведзены ў строй 29 снежня 1968 года, з’яўляецца самастойным вытворча-гаспадарчым комплексам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.

У сярэдзіне 2018 года «МЗМК» прызналі неплацежаздольным. Цяпер завод знаходзіцца ў працэдуры «Санацыя».