Фота narachanka.by.

Мінскі абласны суд вынес рашэнне па справе 61-гадовага маладзечанца, які абвінавачваецца ў замаху на забойства міліцыянта і гвалце ў дачыненні да супрацоўніка РАУС з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці.

Інцыдэнт адбыўся летась 30 жніўня каля 16.15 на вуліцы Грамадоўскай у Маладзечне. Міліцыянеры вярталіся з выкліку ў райаддзел і звярнулі ўвагу на мужчыну, які паказваў непрыстойныя жэсты. Па знешніх прыкметах ён быў у стане моцнага алкагольнага ап’янення. Калі праваахоўнікі спыніліся для разбору, агрэсіўна настроены грамадзянін дастаў два нажы і накінуўся на міліцыянераў. Аднаму з супрацоўнікаў фігурант нанёс цялесныя пашкоджанні ў выглядзе колатай раны патыліцы, другі атрымаў рэзаную рану галёнкі. Як паказала медынынская экспертыза, ў выдыханым паветры ў мужчыны было тры праміле алкаголю.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку (частка 1 артыкул 14, артыкула 362 КК Рэспублікі Беларусь), а таксама супраціве супрацоўніку міліцыі, звязаным з прымяненнем гвалту (частка 2 артыкула 363 КК Рэспублікі Беларусь).

Суд прызначыў яму пакаранне – пазбаўлення волі на 13 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму. Фігурант раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Акрамя таго, судом задаволеныя грамадзянскія пазовы пацярпелых аб кампенсацыі прычыненай маральнай шкоды. Двум міліцыянерам асуджаны павінен выплаціць у агульнай суме пяць тысяч рублёў. Частку з іх міліцыянеры плануюць аддаць на дабрачыннасць.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

• Текст доступен на языке: Русский