Шэрыя гусі. Фота Дзмітрыя ВІнчэўскага.

«Нягледзячы на марозную і снежную зіму, на поўдні і захадзе краіны ўжо заўважылі першых птушак-мігрантаў. У параўнанні з мінулым годам, калі зіма была цёплай і практычна бясснежнай, птушкі пачалі вяртацца да нас прыкладна на тры тыдні пазней», — адзначае «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Шэрых гусей бачылі і над Гродна: яны ляцелі ўздоўж Нёмана ў бок Літвы. А пад Брэстам заўважылі палявых жаўрукоў.

«Гэта так званыя блізкія мігранты, якія зімуюць у Паўднёвай, Заходняй і нават Цэнтральнай Еўропе. Часткова такія птушкі застаюцца зімаваць і ў нас. Сярод такіх птушак шэрыя і вялікія белыя чаплі, вялікія бакланы, лысухі, пастушкі, чаротніцы, чорныя дразды, звычайныя канюкі, валавокі і зімародкі», — адзначылі ў грамадскай арганізацыі.

Напрыклад, шпакі, якія да нядаўняга часу лічыліся вестунамі вясны, нават у гэтым годзе назіраліся падчас зімоўкі амаль па ўсёй Беларусі.

«А кнігаўкі зімуюць у Заходняй Еўропе, таму няма сумненняў, што мы бачым пералётных птушак», — дадалі ў АПБ.

• Текст доступен на языке: Русский