Паліна Ганецкая.

Паліна Ганецкая больш за 15 год займалася манікюрным сэрвісам. У яе некалькі год была буйная студыя манікюру ў Маладзечне, але цяпер Ганецкая з’ехала ў Польшчу.

«Займаюся манікюрам 15 год, мне – 32»

Пасля школы Паліна не паступала ва ўніверсітэт. Яе бацькі прапанавалі два варыянты: яна працуе ў іх ці ідзе на курсы манікюру. Так Ганецкая адвучылася на майстра, нейкі час працавала ў маладзечанскім Палацы культуры. Затым стала працаваць разам з сяброўкай. Тады выйшла замуж і нарадзіла дачку.

– Я займаюся манікюрам ужо 15 год. Вось з 17 год у гэтым, а цяпер мне ўжо 32 гады.

У 2012 годзе Ганецкая стала індывідуальным прадпрымальнікам і адкрыла свой кабінет па манікюры. Адпрацавала год і вырашыла яго закрыць.

– Табе трэба праходзіць стандартызацыю і сертыфікацыю. Гэта працэдура адбываецца не проста так: у цябе абавязкова знойдуць парушэнне… Я хацела сумленна ўсё рабіць, таму проста закрылася, каб не рабіць нікому бутэрброды.

Да 2017 года Паліна працавала ў сябе дома, ездзіла да кліентак.

Адкрыццё студыі манікюру

Маладзечанка разумела, што ёй трэба развіццё, таму ў хуткім часе знайшла памяшканне для студыі манікюру. Па словах Ганецкай, яна марыла аб гэтым апошнія дзевяць год.

– Адкрывалася са ста доларамі ў кішэні. У мяне заставаліся крэслы і сталы пасля працы дома, але грошай на рамонт і рэкламу не было.

Ганецкая ўспамінае, што рамонт у памяшканні рабіўся сваімі рукамі, а часам яна рабіла манікюр па бартары. Напрыклад, у кліенткі муж працуе па дрэве, то Паліна робіць ёй манікюр, а муж – паліцы ў студыю.

У 2019 годзе Ганецкая бярэ яшчэ адно памяшканне. Па яе словах, студыя манікюру займала 60 квадратных метраў, і яна была самай буйной у Маладзечне. Ганецкая працавала на ўкладанне ў бізнес. Яна купляла новыя матэрыялы, інструменты, грошы ішлі на інтэр’ер, рэкламу. У далейшым Паліна планавала зрабіць школу манікюру: узяць да сябе на працу дзяўчат, якіх навучыла б свайму рамяству.

– У бізнесе я арыентавалася на маладых мам. Каб ім было камфортна ў мяне на студыі, я рабіла добрыя ўмовы для іх дзяцей: аквагрым, гульні, вялікая каробка LEGO. У нейкі час у мяне працавала нават нянька, каб маці магла расслабіцца.

Па словах Ганецкай, гэта быў еўрапейскі ўзровень абслугоўвання. Яна першая сярод іншых, хто займаецца манікюрам, працавала кругласутачна. Для кліентаў прапаноўвалі каву і чай, а для тых, хто прыбег з працы і не еў, – рабілі паесці.

– У мяне быў высокі цэннік, але людзі ведалі, за што яны плацяць.

Малы бізнес, палітыка і пераезд

– Было шмат праблем, але напрыканцы 2019 года з бізнесам усё наладжвалася. І тут бахнуў каронавірус. Ударыў адчувальна: у сакавіку і красавіку амаль не было працы, толькі пастаянныя кліенты выратавалі. А ў жніўні здарылася палітыка

Ганецкая была адной з тых прадпрымальнікаў, якія баставалі ў кастрычніку. Так яна праявіла сваю грамадзянскую пазіцыю. Кажа, што да праяўлення сваёй нязгоды прывялі, у першую чаргу, адносіны дзяржавы да прадпрымальнікаў.

Паліна мяркуе, што ў Беларусі складана адкрываць бізнес і працаваць сумленна:

– Працаваць сумленна тут цяжка, няшмат можа. Таму што тут чалавечая праца не цэніцца. Адкрываць малы бізнес – гэта калі ў цябе ёсць знаёмствы, ты можаш і ўмееш дамаўляцца.

Ганецкая прыводзіць прыклад: дзяржава дае субсідыі на адкрыццё сваёй справы. Чалавеку трэба зрабіць бізнес-план, а пасля даваць справаздачу за кожную капейку, а грошы даюць малыя. Па яе словах, гэта душыць бізнес і зусім не дапамагае.

Цяпер Ганецкая знаходзіцца не ў Беларусі.

– Бізнес у Беларусі быў толькі пачаткам. Ведаеш, каб спартсмену выступіць на спаборніцтвах, то яму трэба доўга трэніравацца. І ў мяне так было. Напэўна, я больш не вярнуўся ў Беларусь.