Сям'я Стасілевічаў. На руках у Яраслава Гвінэт, побач Фабіяна, далей Лігія. На руках у Настассі – нованароджаная Ніколь-Марыя. Фота Настассі Уткінай.

У сям’і Настассі і Яраслава Стасілевічаў 22 студзеня нарадзілася чацвёртая дачка – Ніколь-Марыя. І яны ўжо настроеныя, што неўзабаве з’явіцца і пятае дзіця. Як маладая сям’я сумяшчае выхаванне дзяцей і адстойванне грамадзянскай пазіцыі, чытайце ў нашым артыкуле.

Сцяну над канапай у гасцінай Стасілевічаў Яраслаў размаляваў краявідам замка. Дзяўчынкі таксама далучыліся да творчага працэса і дапамагалі тату. Як жартуе Настасся – нават фламастары падабралі ў колер. Стаіць фартэпіяна – музыкант у сям’і Настасся. На кухні гаспадыня ставіць торт, які спякла сама. Дзяўчынкі падыходзяць да стала і частуюцца кавалачкамі з рознакаляровымі пацерачкамі, пакуль дарослыя даюць інтэрв’ю.

«Я пайду пасумую»

– З адным дзіцем складаней, чым з чацвярымі, – дзеліцца Настасся. – Не ведаю, як гэта працуе. Напэўна, калі нарадзілася першае дзіця, не маеш досведу і прывык жыць для сябе. Увесь твой час у тваім распараджэнні. Калі невялікая розніца паміж дзецьмі, ты яшчэ не паспяваеш зноў адчуць смак свабоды, табе прасцей. А нам яшчэ дзеці залатыя дасталіся.

Маці дадае, што нават залатыя дзеці заўсёды знойдуць, з-за чаго пасварыцца:

– Едзем у машыне, адна кажа: «Мой месяц!», другая: «Не, мой!». Месяц на небе дзеляць! Калі выбіраемся на вуліцу, збірацца можам гадзіну – адна апранулася, другая ўжо распранулася. Яшчэ ж дзяўчынкі – не хачу гэту шапку, а гэтыя пальчаткі не падыходзяць. Пасля скочваемся з пятага паверха. Адна з прычын, чаму свой дом хочам – каб з першага паверха выкочвацца. Жыццё ў нас віруе. Я разумею, што цяпер у мяне такі перыяд, што я выхоўваю дзетак, і ў гэтым маё пакліканне.

У кожнай дзяўчынкі свой характар. Мама заўважыла адметнасці характару з першых месяцаў па тым, як дочкі рэагавалі на ежу і пачыналі засвойваць новыя навыкі.

– Старэйшая можа сказаць: «Я пайду пасумую». Ідзе, адна ў пакоі пабудзе, вяртаецца – усё, пасумавала. Фабіяна, калі сумуе, то гучна, усе павінны чуць. А Гвінэт калі закрыўдуе, то і на ручкі не пойдзе. Вельмі разумныя дзеці, так ловяць рэакцыю дарослых. Бацькі не казалі ў дзяцінстве, што выхоўваць трэба не дзяцей, а саміх сябе, бо дзеці ўсё капіруюць.

Самі са шматдзетных сямей

Настасся нарадзілася старэйшай сярод семярых дзяцей – чатыры дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Яе маці працуе медсястрой, тата – вартаўнік. Даводзілася быць самастойнай – самой хадзіць у школу і гурткі, дапамагаць даглядаць маленькіх. Гэта справа дзяўчынцы не вельмі падабалася, хацелася хадзіць на розныя заняткі, секцыі. Смак мацярынства яна адчула на сваіх дзецях.

У сям’і Яраслава чацвёра дзяцей – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Яраслаў нарадзіўся другім. Маці атрымала хімічную адукацыю, бацька – інжынера-электрыка. Цяпер маці займаецца садам у доме адпачынку.

Маладая пара пазнаёмілася ў царкве. Калі ажаніліся, Настассі было 19 год, а Яраславу – 24.

– Калі я нарадзіла старэйшую дачку, унутры як быццам нешта прачнулася. У дзевяць месяцаў яна пачала хадзіць і не давалася абдымацца, а мне так крыўдна было.

– Гэта толькі старэйшая не любіць абдымкі, – удакладняе Яраслаў.

– Я нарадзіла тры тыдні таму і разумею, што я яшчэ пайду ў радзільню.

– Першага мы чакалі хлопчыка, і па ўльтрагукавым даследаванні паказвала хлопчыка. А атрымалася чатыры дзяўчынкі. Пакуль што.

Як выбіралі імёны

Старэйшую дачку Стасілевічы назвалі Лігія, ёй цяпер чатыры з паловай гады. Другую – Фабіяна, ёй два з паловай гады. Трэцяй, Гвінет, паўтара года.

Чацвёртай дзяўчынцы дасталася двайное імя, і другая яго частка – у гонар Марыі Калеснікавай. Так у сям’і з’явілася і Ніколь-Марыя.

Імёны дочкам выбіраў Яраслаў. Крытэрыі былі такія: такога імя не павінна быць ні ў каго са знаёмых, каб усе пачыналіся з іншай літары, і каб не скарачаліся. Дактары казалі, што дачка народзіцца ў 2020 годзе, але атрымалася крыху пазней.

– Усе роды праходзілі вельмі добра і лёгка. Ішла, як на свята. А ў радзільні ўсе знаёмыя. І жартавалі падчас родаў, калі падавалася, што зусім нязручна жартаваць.

Што з жыллём

Стасілевічы жывуць у трохпакаёўцы, якая дасталася ад бацькоў.

– Мы стаялі на чарзе на жыллё, яна падышла ў маі, – расказвае гаспадар. – Але тады нічога не будавалася, і хутка скончылася фінансаванне.

– Мы зацікаўленыя ў тым, каб купіць дом. З дзеткамі гэта лепш. Па заканадаўстве мы гэта можам, але цяпер банк не выдае крэдыты.

Праца і захапленне

Настасся выйшла замуж, як скончыла маладзечанскі музкаледж па спецыяльнасці домра. Уладкавалася выхавальніцай у садку, адпрацавала паўтара года. Просім расказаць, як гэта было, але размову перахоплівае муж:

– Давайце я вам раскажу пра працу выхавальніцай. Гэта нейкая катарга! Зранку адводжу яе на працу, еду на сваю працу, вяртаюся дамоў, Наста яшчэ на працы. У гадзін 6, 7 вечара, а бывала і пазней, забіраю яе з працы. Там бальнічныя, замены. Аднойчы яшчэ ўзяла нейкую працу дамоў правяраць. І за гэта заробак быў 200  рублёў з нечым!

Настасся восенню закончыла курсы цырульнікаў і ў сваіх сацыяльных сетках дэманструе розныя прычоскі, якія можа зрабіць.

– Прычоскі сталі цікавыя яшчэ калі ў каледжы вучылася, а паддоследнымі былі мае сёстры.

– Калі на суткі патрапіў, Насці трэба было давучвацца на курсах у Мінску. Вельмі хваляваўся, каб бабулі справіліся і змаглі адпусціць.

Торт Настасся прыгатавала сама.

Яшчэ жанчына гатуе кандытарскія вырабы – некаторыя нават замаўляюць іх для сябе.

– Люблю парадаваць сваіх любімых салодзенькім. Нідзе гэтаму не вучылася. Проста дома ж трэба нечым займацца. Я не магу сядзець на месцы. Спачатку было пару капрызаў – вяршкі пераўзаб’еш, выльеш, перарабляеш. Але навучылася. І ўсім падабаецца – і дзеткам, і мужу, ды і я люблю салодкае да кавы.

Яраслаў пасля арміі пайшоў працаваць цесляром на будоўлю. Заробкі сталі маленькія, таму змяніў працу. Цяпер займаецца бытавой хімчысткай канапаў і дываноў.

Таксама мужчына атрымаў адукацыю ў Тэалагічным інстытуце хрысціян веры евангельскай, плануе працягнуць вучобу ў магістратуры.

– Мой бацька стаў пастырам у 30 год, цяпер ён намеснік епіскапа па Мінскай вобласці. У нас няма такога дзялення на прыхаджан і святароў. Пастыр – асоба, якая мае аўтарытэт. Ім становяцца не таму, што прызначылі, а таму, што самі прыхаджане прынялі.

Кнігі для шматдзетнага бацькі

Яраслаў любіць чытаць. З апошняга прачытаў «Грамадства спажывання» Бадрыяра:

– Тры сотні старонак, што мы няправільна спажываем, што вакол адно спажыванне. Ну насамрэч гэта не так. І як трэба правільна спажываць? Адказу не знайшоў. Але трэба было прачытаць, на гэту кніжку так шмат спасылаюцца.

– У Ярыка такая рыса – калі пачаў чытаць кніжку, нават калі не падабаецца, дачытае. Калі праводзім сямейны вечар, звычайна чытаем дзіцячыя кніжкі. Можам схадзіць пагуляць ці, напрыклад, у дзіцячы цэнтр – дзеці паскачуць, бацькі адпачнуць.

Што змянілася ў 2020 годзе

– Калі вы зразумелі, што ў 2020 годзе ўсё змянілася?

– Калі ўбачыў ланцуг салідарнасці каля касцёла, – расказвае Яраслаў. – Перад выбарамі не верыў, што будзе ўздым. Думаў, будзе, як у 2015 годзе. Калі нехта абураўся, што Бабарыку не зарэгістравалі, думаў – вядома, не зарэгістравалі, што тут дзіўнага, так заўсёды ж было. Севярынца пасадзілі – на якіх выбарах яго не садзілі? Пасля 9 жніўня адключаюць інтэрнэт. Паставіў на наступны дзень VPN, гартаю ноччу тэлеграм-каналы і бачу, што адбывалася. Пасля пачалі з’яўляцца сведчанні пра гвалт – міліцыя сябе і раней жорстка паводзіла, але такога не было ніколі.

У адзін з наступных дзён еду па горадзе і бачу, што каля касцёла стаіць ланцуг салідарнасці. Думаю, ну калі ў Маладзечне выйшлі, справа сур’ёзная. Кажу жонцы – ну ўсё, дастаём сцяг.

– Я запомніла адзін з першых дзён пасля выбараў. Глядзім фільм, думаем, нічога ж усё роўна не будзе. І тут заходзім у інтэрнэт і бачым, што ў Мінску робіцца. Фільм прайшоў фонам.

– Памятаю, калі маладзечанцы ішлі перадаваць петыцыю ў выканкам. Насустрач ехала міліцэйская машына, пабачылі натоўп, развярнуліся і паехалі. Быў момант.

Муж трапляе на суткі, а ты цяжарная і маці траіх дзяцей

Яраслава затрымалі 23 верасня на маладзечанскай плошчы падчас пратэснай акцыі з нагоды інаўгурацыі. Суд пастанавіў, што мужчына парушыў артыкул 23.34 «Парушэнне парадку і арганізацыі масавых мерапрыемстваў» і прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту на сем сутак. Маладзечанец віну не прызнаў.

– Дзеці былі цэлы дзень дома, трэба было іх выгуляць, – прыгадвае 23 верасня Настасся. – У мяне ўжо і планаў было на вечар, пакупкі распланавала. Яны кажуць, што калі будзеце супраціўляцца, прыменім сілу. Разумею, што дзецям у машыне гэта бачыць не трэба.

– Міліцыянеры мне такія – мы адпусцім, установім асобу толькі. Разумею – ага, як жа.

– У мяне ж ні правоў кіроўцы з сабой, ні акуляраў, сяджу ў машыне з трыма дзецьмі, яны крычаць. Старэйшая крычыць: «Куды гэтыя дзядзькі з палкамі, каторыя б’юць людзей, забіраюць нашага тату?». Яна пасля і перад сном пастаянна: «Дзе тата?». Я сказала, што тата ў санаторыі, бо плаціць усё роўна давядзецца. Разумею, што за руль не сядзеш – спыняць на павароце, яшчэ правы забяруць. Ды і ў такім стане, і жывот схапіла. Пасля ў мяне яшчэ быў страх нават пагуляць. Ясна, што нічога жахлівага не здарылася – вярнуўся цэлы, здаровы, але зноў развітацца няпроста.

Маральна было цяжка, што нічога не ведаеш пра яго, не можаш пазваніць свайму роднаму чалавеку ў сваім жа горадзе ў той час, як можаш па відэа з іншымі краінамі звязвацца. У судзе ўбачыла, што цэлы, ну нармальна. Было страшна, што біць будуць.

23 верасня на цэнтральнай плошчы ў Маладзечне. Фота Настассі Уткінай.

– Затрымліваў Туровіч, ён прадставіўся, – прыгадвае Яраслаў. – Адвезлі ў аддзел. Далі паперу падпісаць, што абяцаю больш не парушаць правапарадак. Кажу, «больш» давайце закрэслім, бо так я нібыта пагаджаюся, што парушаў. Са мной у адзін вечар затрымалі і Дзяніса Еніна. На наступны дзень спачатку быў яго суд, а я чакаў чаргі. Міліцыянер са мной размаўляе, кажа, што бачыў, што мы, дурныя, лезем проста так, а там былі правакатары, якія працуюць за грошы. Нібыта гэты правакатар ходзіць кругамі, а як натоўп сціхае, заходзіць у цэнтр, крыкне: «Жыве Беларусь!» і раскачагарвае натоўп.

– У міліцыі мне пра суд нічога не сказалі, у судзе нічога не вывесілі, – дадае Настасся. – Пасля людзі пачалі пад судом збірацца, то паведамілі, калі пасяджэнне.

– І вось Енін выходзіць з суда, садзіцца на лаўку, – працягвае Яраслаў. – А хутка будзе маё пасяджэнне, да мяне куча людзей прыйшла. Па словах Еніна, тады міліцыянер сказаў яму пра мяне: бачыш, да яго і журналісты прыйшлі, і адвакат, ён праплачаны, а ты, дурань, палез ні за што.

У ізалятары Стасілевіча пасадзілі разам з Еніным.

– Калі сядзеў, сваякі з Мінска піцу заказвалі для цяжарнай жонкі. Першыя суткі былі без чаю, без нічога адсядзелі. Пасля да нас падсадзілі бывалага, не дасядзеў суткі. Ён з торбамі зайшоў з кілбасой, вермішэллю, частаваў усім. З чаем весялей было. У ізалятары чытаў «Як быць стоікам». Яшчэ Насця перадала «Граф Монтэ-Крыста», але яе больш Енін чытаў.

– Бабулі ў гэты час мне вельмі дапамагалі з дзеткамі. Мая мама казала, што як убачылі калегу-рэаніматолага, якога сілавікі збілі на плошчы ў Маладзечне, то вельмі спужалася. А як Ярыка забралі, абурылася.

Нас усе падтрымлівалі, і гэта вельмі дапамагло.

• Текст доступен на языке: Русский