Навучэнцам тлумачаць, як працуе квадракоптар.

Чамаданчыкі следчых, магнітныя граблі для пошуку куль, светлавая вежа… Усё гэта ўбачылі сёння навучэнцы юрыдычных груп Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа. Работнікі Мінскага абласнога ўпраўлення Следчага камітэта паказалі юнакам і дзяўчатам адзіную ў Беларусі перасоўную крыміналістычную лабараторыю. А пасля кіраўніцтва УСК сустрэлася з навучэнцамі ў актавай зале каледжа.

Спецыялісты раскладаюць абсталяванне.

Перасоўная крыміналістычная лабараторыя – мікрааўтобус з розным абсталяваннем, неабходным следчым – дэманстравалі на вуліцы.

Адзін з чамаданчыкаў.

– Аўтамабіль складаецца з трох адсекаў – для кіроўцы, пасажырскі і грузавы. Машына цалкам электрыфікаваная. Мы можам падключыць любое абсталяванне. Прадугледжаная таксама магчымасць электрычна падпітаць аўтамабіль. Да таго ж ёсць і бензагенератар. У любым месцы, дзе б мы не знаходзілся, мы маем святло, – пачынае начальнік крыміналістычнага аддзела Упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Максім Цупа.

І разам са сваімі калегамі знаёміць навучэнцаў з абсталяваннем, якое ёсць у перасоўнай лабараторыі. Вось што мы даведаліся.

Светлавое абсталяванне

УСК па Мінскай вобласці мае адзіную ў Беларусі светлавую вежу. Яна працуе ад акумулятара. Зарадкі хапае на суткі. Прылада – мабільная: мае ручкі, колы і не баіцца надвор’я.

Дэманструюць светлавое абсталяванне.

Яшчэ адна прылада – выдвіжны пражэктар, які можна расцягнуць на вышыню 2 метры 20 сантыметраў. Лёгка складаецца і пераносіцца. Заражаецца з дапамогай акумулятараў, якія падыходзяць пад любое абсталяванне лабараторыі.

Магутны ліхтар.

Ліхтар з дальнасцю асвятлення да 750 метраў. Вельмі магутны. Мая пяць рэжымаў.

Часам патрэбныя следчым і маленькія налобныя ліхтарыкі. Яны маюць датчык. Калі вы заходзіце ў цёмнае памяшканне, ліхтарык пачынае гарэць ярчэй, калі выходзіце на святло – свеціць менш.

Чамаданы

Навучэнцам расказалі пра чамамаданы «Біёлаг» і «Крыміналіст».

Тыя самыя чамаданы.

«Крыміналіст» выкарыстоўваюць для працы з дактыласкапічнымі і трасалагічнымі слядамі. «Біёлаг» – для працы з біялагічнымі: потам, слінай, спермай.

І яшчэ пра святло

– У асноўным мы выязджаем на асоба цяжкія здарэнні або здарэнні, якія маюць вялікі грамадскі розгалас, – кажа Максім Цупа і адзначае, што ў многіх такіх выпадках следчым дапамагае крыміналістычны ліхтар «Рэгула». Ён працуе ў белым і ультрафіялетавым святле. Яркае белае святло дапамагае знайсці сляды крыві, а ультрафіялет адшукае нават замытыя сляды.

Па функцыяналу да ліхтара «Рэгула» падобны яшчэ адзін чамадан, які з’яўляецца крыніцай крыміналістычнага святла. Але тут, у адрозненні ад ліхтара, ёсць і інфрачырвонае выпраменьванне. Дзякуючы яму можна знайсці плямы крыві на цёмным адзенні.

Навошта крыміналісту… граблі

Аказваецца патрэбныя, калі яны магнітныя. Такая прылада неабходная для пошуку на месцы здарэння металічных прадметаў – куль, гільз, калі яны, напрыклад, у траве. Ёсць і магнітны трал, які можна з гэтай жа мэтай запусціць у вадаём.

Магнітныя граблі.

Што яшчэ ёсць у лабараторыі

Дарожнае кола. Яно дапамагае спецыялістам працаваць на месцах ДТЗ.

Дарожнае кола.

Відэаэндаскоп. Дзякуючы яму можна аглядаць дробныя надпісы, прадметы ў цяжкадаступных месцах. З яго ж дапамогай можна фатаграфаваць і здымаць відэа.

Відэаэндаскоп.

Квадракоптар. Прылада – таксама патрэбная спецыялістам Следчага камітэта.

Запуск квадракоптара.

– Хоць мы амаль не займаемся пошукавымі мерапрыемствамі, але пры такіх здарэннях, як пажары, падпалы, некаторыя ДТЗ, карцінка зверху дапамагае найлепш успрыняць сітуацыю, – кажа Максім Цупа.

Працоўная пляцоўка. Толькі яна не ў лабараторыі, а над ёй – наверсе аўтамабіля. Пляцоўка раскладаецца і дае тры метры вышыні. Сюды пры патрэбе ставяць светлавую башню або залазіць спецыяліст.

Так выглядае лабараторыя ззаду.

Пасля знаёмства з абсталяваннем крыміналістычнай лабараторыі навучэнцы сустрэліся з супрацоўнікамі УСК па Мінскай вобласці на чале з кіраўніком Андрэем Лісам, а таксама галоўным пракурорам Маладзечаншчыны Уладзімірам Дубоўскім і начальнікам Маладзечанскага РАСК Пятром Варачковым.

Падчас сустрэчы ў актавай зале.

Фота аўтара.