Апошнім часам расійская прапаганда крытыкуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі з-за правалу ідэалагічнай падтрымкі. Па меркаванні некаторых прапагандыстаў з Расіі, гэта вылілася ва ўмацаванні беларускага нацыяналістычнага настрою сярод грамадства.

«Рэгіянальная газета» разабрала тэкст «Ідэалагічнае банкруцтва рэжыму Лукашэнкі вядзе да панавання нацыяналізму» за аўтарствам Георгія Шклоўскага на сайце «Рэгнума».

Пакутнік, якога звальняюць за грамадзянскую пазіцыю

Артыкул Шклоўскага пачынаецца з гісторыі дырэктара Нацыянальнага гісторыка культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргея Клімава. Яго звольнілі праз пяць месяцаў пасля таго, як работнікі музея-запаведніка ў жніўні вывесілі на сцяну нясвіжскага замка бел-чырвона-белы сцяг.

Па меркаванні Шклоўскага, Клімава звольнілі, таму што ў сценах дзяржаўнай установы правялі антыдзяржаўны мітынг, а калектыў выступіў супраць дзяржаўнага сцяга. Шклоўскі піша, што нацыяналістычныя СМІ робяць з Клімава пакутніка. Пад нацыяналістычнай прэсай аўтар «Рэгнума» разумее партал TUT.by, «Комсамольскую правду» в Белоруссии», а «Нашу Ніву» называе ўвогуле русафобскім выданнем.

З БЧБ-сцягам ходзяць толькі нацыяналісты, а раней – фашысты

Лейтматыў міні-гісторыі пра дырэктара нясвіжскага музея-запаведніка – гэта чарговая спроба расказаць пра бел-чырвона-белы сцяг, з якім ходзяць цяпер нацыяналісты, а падчас Другой сусветнай хадзілі фашысты.

Шклоўскі піша, што з бел-чырвона-белым сцягам толькі негатыўныя асацыяцыі, падчас вайны пад ім хадзілі калабарацыяністы і фашысты.

«Уся гісторыя гэтага сцяга – гэта гісторыя здрады, калабарацыянізму і іншых злачынстваў перад народам Беларусі».

Аднак аўтар чамусьці не дадае, што расійскі трыкалор выкарыстоўвалі таксама расійскія калабарацыяністы: напрыклад, Расійская вызваленчая армія Уласава. З дзяржаўнымі сцягамі некаторых еўрапейскіх краін была такая ж гісторыя.

Пра сучаснае выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга Шклоўскі піша, што з ім ходзяць толькі нацыяналісты. У артыкуле да здымках людзей з БЧБ-сцягам дадаецца подпіс: «Беларускія нацыяналісты». Шклоўскі адзначае, што Лукашэнка не здолеў стварыць працуючую дзяржаўную ідэалогію, а беларускія нацыяналісты ставяцца ў супрацьлеглую пазіцыю, бо ў іх ідэалогія ёсць, і ўжо даўно.

Крытыка Лукашэнкі

Галоўнай тэмай для аўтара артыкула з’яўляецца правальная дзяржаўная ідэалогія рэжыму Лукашэнкі. У аўтара «Рэгнума» Аляксандр Лукашэнка паўстае не як прэзідэнт (яго так нават і не называе Шклоўскі) і моцны лідар, а як чалавек, які цалкам праваліў унутраную палітыку і не сфарміраваў за 26 год ідэалогію, на якой трымалася б улада.

Праз гэта, піша Шклоўскі, нацыяналістычная накіраванасць апазіцыі захоплівае шырокія масы насельніцтва. Шклоўскі крытыкуе не толькі палітыку Лукашэнкі па ідэалагічным кірунку, але і ўласна ідэолагаў. Ён лічыць, што з-за таго, што яны не дапрацавалі некалькі гадоў таму, сілавікам з пратэстоўцаў даводзіцца «выбіваць міліцэйскай дубінкай, арыштамі, катаваннямі і іншымі мерамі».

Шклоўскі мяркуе, што Лукашэнка здольны на больш крайнія меры: «Заўтра, калі спатрэбіцца, Лукашэнка не спыніцца перад масавымі расстрэламі – паўгода таму ён пра гэта папярэджваў».

Аўтар характарызуе праўленне Лукашэнкі як тыранію, у якой галоўная ідэя – захаванне ўлады. На думку Шклоўскага, ён страчвае кадравыя рэсурсы з-за рэпрэсій, а іншых людзей не знаходзіць.

Палітыку Расіі ў адносінах да цяперашняга стану апісвае такім чынам: «Масква не выказвае зацікаўленасці ў пераменах».

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў інтэрв’ю «РГ» адзначыў, што хваля крытыкі афіцыйнага Мінска ў расійскіх медыя пачалася прыкладна ў лістападзе мінулага года, «калі Лукашэнка пачаў пераглядаць тое, што лічылася сочынскімі дамоўленасцямі – кіраваную трансфармацыю палітычнай сістэмы з замацаваным у Канстытуцыі пераразмеркаваннем паўнамоцтваў ад прэзідэнта да парламента».

Разам з тым Быкоўскі падкрэслівае, што хаця «Рэгнум» уліваецца ў хор праваднікоў «русского мира», гэта выданне заўсёды было накіраванае на крытыку Лукашэнкі і яго нельга разглядаць як адназначную пазіцыю Крамля.

«У гэтым сэнсе дыскрэдытацыя бел-чырвона-белага сцяга – гэта тое, што яднае «русский мир», крамлёўскую і беларускую дзяржаўную прапаганды, якія выступаюць спадарожнікамі па гэтым пытанні, але будуць моцна разыходзіцца, калі раптам Крэмль пачне гульню супраць Лукашэнкі», – мяркуе эксперт.