Чыгуначны вакзал у Маладзечне. Фота history.rw.by.

Здарэнне адбылося раніцай 26 лютага, паведамляе news.tut.by.

Затрыманым прад’яўляюць ўдзел у несанкцыянаванай акцыі: пажылыя людзі чыталі ў цягніку кнігі беларускіх пісьменнікаў, па некаторых дадзеных, у кагосьці ў руках былі і бел-чырвона-белыя сцяжкі.

На станцыі Мінск-Паўночны затрымалі сем-восем чалавек, было гэта прыкладна ў 10:45, паведамляе паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адна з пасажырак электрычкі Мінск–Маладзечна напісала, што бачыла пенсіянераў, якія чыталі кнігі беларускіх пісьменнікаў.

– У некаторых было крыху сімволікі: невялікія сцяжкі, бранзалеты, стужачкі. Людзі выйшлі на прыпынку Мінск-Паўночны. Я чула потым толькі нейкі крык на вуліцы. Дзяўчына, якая ўвайшла ў вагон, сказала, што кагосьці затрымалі. Колькі чалавек – не ведаю, – адзначае суразмоўца.

Ёсць таксама інфармацыя, што затрыманні былі не толькі на станцыі Мінск-Паўночны, але і на станцыі Ждановічы, а таксама на прыпыначным пункце Масюкоўшчына. Адзін з чытачоў напісаў, што бачыў, як характэрны мікрааўтобус стаяў ля выхаду з падземнага пераходу на Масюкоўшчыне, а людзі ў цывільным спынілі дзвюх жанчын, магчыма, даглядалі рэчы.

У спісе затрыманых сёння ад “Вясны” ёсць 75-гадовая Наталля Леанідаўна. Яе спынілі на станцыі Ждановічы, пасадзілі ў мікрааўтобус, адтуль адвезлі ў РУУС, а потым і ў суд Заводскага раёна Мінска.

Яе аштрафавалі на падставе артыкула 23.34 КоАП на 25 базавых (725 рублёў) і адпусцілі дадому.

У судзе жанчына сказала, што ў той электрычцы не ехала, у акцыі не ўдзельнічала, вярталася з дому за горадам, дзе жыве.

Беларуская літаратура ў яе сумцы была.

– Там былі насенне на расаду і кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Ніл Гілевіч, Васіль Вітка, Артур Вольскі. Супрацоўнік у РУУС сказаў, што ўсё гэта – апазіцыйная літаратура. Спытаў, чаму я ёй цікаўлюся. Я сказала, што жыву ў Беларусі – чаму я не магу ёй цікавіцца? – расказала яна TUT.BY.

Па словах жанчыны, у пратаколе запісана, што пенсіянеры былі ў бел-чырвона-белых строях, крычалі: «Жыве Беларусь», – і прымалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

– Яшчэ было напісана, што я затрыманая на Кальварыйскай, хоць на самай справе гэта было ў Ждановічах, – дадае жанчына.

Наталля Леанідаўна лічыць, што судзілі яе адразу, не адкладваючы, толькі ў сілу яе ўзросту.

Паводле інфармацыі TUT.BY, па меншай меры яшчэ адна затрыманая пенсіянерка чакае суда на Акрэсціна. Можна меркаваць, што яна прабудзе там да панядзелка.

Атрымаць каментар ад міліцыі пакуль не ўдалося. Калі ён з’явіцца, мы яго апублікуем.

Колькі дакладна чалавек трапілі ў міліцыю ў сувязі з акцыяй у электрычцы, мы не ведаем. У адным з телеграм-каналаў са спісамі ад валанцёраў у цэлым затрыманымі за 26 лютага значацца 14 чалавек.