Неяк на Масленіцы ў Ніжнім парку. Фота Аксаны Ярашонак.

14 сакавіка, у 12.00, у Вілейцы зладзяць Масленіцу. Калі надвор’е не перашкодзіць, адсвяткуюць у Ніжнім парку.

Пра тое, якім будзе свята, расказала дырэктар Вілейскага палаца культуры Алеся Высоцкая:

– Масленіца ў Ніжнім парку пачнецца ў 12.00. Аднак крыху раней вялікім святочным шэсцем ад Палаца культуры мы пройдзем праз цэнтр горада да месца правядзення свята з баянамі, спевамі, традыцыйнымі масленічнымі заклікамі. Вілейчукі гэта любяць. На ўваходзе ў парк развернецца масленічная фотазона і майстар-класы па вырабу атрыбутаў свята.

Па словах дырэктра, удзельнікі змогуць выцягнуць прадказанне на год, паслухаць спевы дзіцячых і дарослых калектываў Вілейшчыны, павадзіць карагод вакол вогнішча, паназіраць за спальваннем Масленіцы.

Замест традыцыйнага масленічнага слупа будзе гульнявая праграма. Будуць працаваць гандлёвыя рады. Свята працягнецца прыкладна да 14-15 гадзін.

Масленіцу Вілейскі палац культуры правядзе сумесна з клубнымі ўстановамі раёна.

• Текст доступен на языке: Русский