Так выглядае новы сацыяльна-культурны цэнтр у Астраўцы. Фота БелТА.

Новы будынак шматфункцыянальнага сацыяльна-культурнага комплексу адчынілі сёння ў Астраўцы за кошт дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, піша БелТА.

Плошча новага будынка – каля дзесяці тысяч кватдатных метраў. Тут размясціліся адразу некалькі ўстаноў культуры.

– Знакавы аб’ект, які аб’яднаў пад адным дахам розныя напрамкі – творчасць, гістарычную спадчыну, актыўны адпачынак і забавы. Упэўнены, што комплекс стане цэнтрам прыцягнення для жыхароў Астраўца, ён будзе аб’ядноўваць людзей розных узростаў, захапленняў, інтарэсаў, забяспечваць пераемнасць і сувязь пакаленняў, – адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця новага аб’екта старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Загадчыца сектарам культуры Астравецкага райвыканкама Інга купрэвіч.

У новым комплексе свае плошчы атрымаў раённы гісторыка-этнаграфічны музей, які раней меў толькі фондасховішча. Цяпер на першым паверсе цэнтра размесцяць экспазіцыю, прысвечаную Астравеччыне. У падарунак на наваселле музею ад аблвыканкама ўручылі сертыфікат на неабходнае абсталяванне.

На другі паверх цэнтра пераехала раённая бібліятэка. Да наваселля цалкам абнавілі тэхнічнае абсталяванне бібліятэкі, рэгулярна папаўняюць і кніжны фонд, які цяпер складае каля 40 тысяч асобнікаў.

Трэці паверх будынка заняў раённы цэнтр культуры.  Па словах загадчыка сектарам культуры Астравецкага райвыканкама Інгі Купрэвіч, тут створаны камфортныя ўмовы для працы гурткоў, рамеснікаў, творчай рэалізацыі жыхароў Астраўца. З’явілася шматфункцыянальная зала, якая можа трансфармавацца пад розныя мерапрыемствы – ад модных паказаў да канцэртаў і танцавальных вечароў.

Таксама ў будынку адкрыўся кафэтэрый. Працуе 3D-кіназала на 30 месцаў. На цокальным паверсе – сучасная трэнажорная зала. У перспектыве тут можна будзе пагуляць і ў боўлінг.

Тут жа цяпер месціцца Астравецкае бюро Ашмянскага філіяла РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский