Назар Гулевіч у СІЗА. Фота МБХ Медиа.

Беларусу Назару Гулевічу пагражае адпраўка ў мужчынскую калонію за махлярства. Яго затрымалі і асудзілі ў Расіі. Ён будзе адбываць тэрмін у камеры з мужчынамі. Яшчэ ў Беларусі Назар змяніў пол — раней ён быў Анастасіяй. Пакуль Гулевіч два гады сядзіць у адзіночнай камеры ў жаночым СІЗА.

Назара Гулевіча асудзілі напрыканцы ліпеня 2020 года. Ён атрымаў чатыры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за махлярства. Сваю віну Назар не прызнаў і заявіў, што ў крымінальную гісторыю з продажам кватэры яго ўцягнуў знаёмы. Гулевіч быў вымушаны пасля пагроз і шантажа падпісаць дакументы аб продажы нерухомасці і атрыманні вялікай сумы, якую яму не пералічылі.

Чытайце яшчэ: Трансгендар з Маладзечна ажаніўся ў расійскай турме

«Не планаваў цалкам мяняць пол»

Гісторыю Назара расказала яго жонка. Яна падзялілася, што пазнаёмілася з Гулевічам шмат год таму, калі яму было 19 год. У іх розніца ва ўзросце 11 год. Па словах жонкі, Назар заўсёды быў падобны да хлопчыка: насіў мужчынскае адзенне, сароміўся грудзёў і горбіўся, каб яе схаваць.

— Яшчэ калі ён жыў у Беларусі, то яму выдалілі грудзі па яго просьбе, і тады ён змог распрастаць спіну і адчуў сябе вальней. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах Назара аглядалі і зрабілі заключэнне, што ў яго больш мужчынскіх гармонаў, чым жаночых. Дазволілі аперацыю па змене полу. Але ён не планаваў цалкам мяняць пол.

Жонка Гулевіча абвяргае папярэднюю інфармацыю ў СМІ, што муж удзельнічаў у злачыннай схеме, каб зарабіць грошы на аперацыю.

Пасля Назар пераехаў з Беларусі ў Маскву. Там уладкаваўся на будаўніцтва. Працаваў плітачнікам, капаў траншэі і выконваў іншую фізічную працу. Жонка расказала, што Назар працаваў у месцах, дзе няма жанчын і жаночых душавых. Так яму атрымлівалася хаваць таямніцу. Таксама жонка паведаміла, што Гулевіч служыў у арміі — у кіналагічнай службе. Гэта адбылося таму што пасля выдалення грудзёў — ён атрымаў пашпарт на мужчынскае імя, яго паставілі на вайсковы ўлік.

У Маладзечне, адкуль ён родам, у Назара засталіся сталыя бацькі і малодшы брат.

Пра крымінальную справу

У 2018 годзе Назар пагадзіўся стаць кіраўніком падстаўной фірмы, каб атрымаць буйную суму. Па версіі следства, Гулевіч ведаў пра планы сваіх змоўшчыкаў, якія вырашылі завалодаць чужой кватэрай і прадаць яе.

Гулевічу прад’явілі абвінавачванне па частцы 4 артыкула 159 КК РФ за тое, што ён, як лічыць следства, разам з Юр’евым з дапамогай подробкі дакументаў завалодаў чужой кватэрай коштам 140 міліёнаў 614 тысяч рублёў. Юр’еў нібыта перадаў Гулевічу 78,5 мільёнаў рублёў.

Жонка расказала, што на будаўніцтве Назару прапанавалі падпрацоўку.

— Я так мяркую, што ім быў патрэбны чалавек без крэдытаў, даўгоў і не судзімы. Я думаю, што яны знайшлі «наіўны Бураціна». Мне ён таксама нічога не сказаў пра гэтую аферу. Калі б даведалася, што яго папрасілі стаць фіктыўным кіраўніком фірмы, а потым яшчэ вымусілі заключыць дагавор продажу чужой нерухомасці, я б яго адгаварыла.

Жонка сказала, што Назару паабяцалі 10 тысяч расійскіх рублёў за гэта. А калі даведаўся, што збіраюцца прадаць нейкую невядомую кватэру, то зразумеў, што нешта не тое. Жонка сцвярджае, што Гулевічу пагражалі забіць блізкіх, калі ён адмовіцца ўдзельнічаць. Пасля паліцыя арыштавала Гулевіча ў Падольску.

Суддзя Савелаўскага раённага суда Масквы прызначыў Гулевічу пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай год пазбаўлення волі.

Жанчына ў мужчынскай калоніі

Жонка Гулевіча гаворыць, што яго адправяць у калонію пасля ўступлення прысуду ў сілу. Яна лічыць, што для Назара павінны быць асаблівыя ўмовы ўтрымання, бо ён трансгендар.

Жанчына расказала, што кампанія, у якой была праданная кватэра, вярнула нерухомасць, а пацярпелы пагадзіўся падпісаць хадайніцтва аб памягчэнні прысуду.

Прэзідэнт «Цэнтру прававой дапамогі і асветніцтва», праваабаронца Таццяна Сухарава плануе выступіць у судзе і лічыць прысуд вельмі жорсткім:

— Трансгендараў на жаночай зоне называюць кобламі, у іх высокі сацыяльны статус. Мы будзем змагацца за тое, каб Назара цалкам апраўдалі, але ў расійскіх рэаліях апраўдальныя прысуды рэдкасць. Я буду ўпіраць і на тое, што ён невінаваты, і на тое, што пры любым раскладзе такі тэрмін за махлярства, калі чалавек асуджаны ўпершыню — гэта перабор, а з яго асаблівасцямі — смерць. Буду таксама дабівацца вяртання справы ў суд першай інстанцыі на аснове недахопаў на этапе папярэдняга следства. Таксама буду пісаць хадайніцтва ў ЕСПЧ з нагоды правіла рэгламенту ЕСПЧ № 39 аб парушэнні права на жыццё. У дадзеным выпадку, выкананне права на жыццё азначае забарону на вываз Назара Гулевіча ў мужчынскую калонію.