Ля помніка Віленскаму шляху ў Мясаце. Фота забяспечанае героем публікацыі.

Маладзечанцам Леанід Лысакабылка стаў у 1979 годзе. Прызнаецца, што за гэты час палюбіў Беларусь, а яе гісторыю ведае лепш, чым украінскую.

У жыцці нашага героя было шмат гарадоў і прафесій, але родную мову і культуру ён ніколі не забываў. У Маладзечне некалькі год кіраваў украінскім аб’яднаннем «Краяны» і сёння ўдзельнічае ў яго працы як намеснік старшыні. Напярэдадні свайго 80-годдзя спадар Леанід расказаў пра сябе, Украіну і Беларусь.

Пра Украіну свайго дзяцінства

– У родным сяле Тарасаўка Харкаўскай вобласці нас у бацькоў было васьмёра – сем хлопцаў і дзяўчына. Я – чацвёрты, даваенны. Маці заўсёды плакала нада мной, здзіўлялася, як я выжыў. Увогуле я нарадзіўся ў студзені 1941, перад Калядамі. Але падчас вайны наша хата гарэла, а з ёй – дакументы. Пасля бацька рабіў новыя. І запісаў мой дзень нараджэння – 6 сакавіка.

Сяло наша – не цэнтральнае, у тры вуліцы. Хата стаяла з самага краю, за хатай – поле шаўкоўніцы. Яе пасадзілі, бо ў калгасе вырошчвалі шаўкапрадаў. Нашай сям’і далі запалкавы карабок чарвякоў, а здалі мы два ці тры мяхі коканаў. У хаце і ў хляве стаялі для шаўкапрада стэлажы. Мне трэба было прыносіць галінкі і лісты шаўкоўніцы і карміць шаўкапрада. У гаспадарцы дома таксама трымалі гусей, трусоў.

Гусей забівалі і везлі на базар у Харкаў. За гэтыя грошы куплялі для школы касцюм, кашулю, партфель.

Бацька заўсёды гаварыў так: «Сынок, я цябе кармлю і апранаю, пакуль ты ходзіш у школу. Як скончыш школу, калі добры сын – дапамагай бацьку, калі – не, то ідзі, больш карміць не буду». Я гэта ўсвядоміў з дзяцінства. Першы з дзяцей скончыў 10 класаў у 1958 годзе. Пасля школы, каб больш не адчуваць сябе нахлебнікам, разам з сябрам пайшлі ў вучылішча на трактарыстаў-машыністаў за 30 кіламетраў ад сяла.

Бачыце, Украіна майго дзяцінства была халодная і галодная, без гулянак і вышыванак, якія цяпер малююць на карцінках. Але ўкраінская мова і песня з намі былі заўсёды.

У калгас? Не! Лепш на цаліну

Як скончылі вучылішча, пагражалі накіраваць назад у калгас. А я сказаў: «Не. Назад у калгас не пайду». Бацька працаваў там механізатарам на трактары, і я ездзіў разам з ім. Добра ведаў галечу і заробкі працаднямі. Хацелася рамантыкі. А тут якраз фарміравалі групу на цаліну. І ў 1959 годзе паехаў туды. Думаў зарабіць. Але зарабіць  не атрымалася, нават касцюм скралі. Ніякай рамантыкі не было: бруд, холад, голад, ні інтэрната, ні сталовай.

Працаваў на трактары. Пойдзеш на працу дні на тры. З сабой бярэш бохан хлеба і пару цыбулін. А там у полі то сурка заб’еш, то качку.

Пра розныя гарады і прафесіі

Пасля цаліны быў Кустанай, Магнітагорск. У Магнітагорску прыйшоў у ЖЭК уладкоўвацца на працу. Прапанавалі стаць сантэхнікам. А я і не ведаў, хто такі сантэхнік, бо па-руску не разумеў. Падумаў: слова прыгожае. І пагадзіўся. Падчас рамонту ў жаночым інтэрнаце пазнаёміўся з першай жонкай.

Пасля ў пошуках большага заробку ўладкаваўся ў арганізацыю па рамонце доменных печаў. Грошы плацілі добрыя.

Папрацаваўшы тут, змог апрануцца, купіў штаны-дудачкі, гальштук, капялюш, кіёк, набраў падарункаў і першы раз за пяць год прыехаў у сваю Тарасаўку.

Крыху пабыў і зноў з’ехаў. А там хутка ў 1962 годзе забралі ў армію. Трапіў служыць у першае кола супрацьпаветранай абароны Масквы. Пасля таго як я аблазіў доменныя печы, араў цаліну і галадаў у дзяцінстве, войска мне далося лёгка.

Праз пэўны час, ужо разам з жонкай, паехаў падымаць іншую цаліну – херсонскія стэпы. Прыехалі туды – стаіць цэлая вуліца новых дамоў. Выбірай любы – і жыві. На палях – чарназём, растуць вялізныя каласы. Тут нарадзілася дачка. З камбайна перайшоў на машыну, вазілі з Адэсы цэмент. Усё ішло нядрэнна, але жонцы не падыходзіў мясцовы, вельмі сухі, клімат. Вымушаныя былі паехаць да яе на радзіму, у раённы цэнтр Агапаўка, у Расіі.

Калі партыя кіравала міліцыяй

Я па-ранейшаму марыў вучыцца. Бацька некалі мне сказаў, што вельмі хоча, каб нехта з дзяцей атрымаў вышэйшую адукацыю. На радзіме жонкі пайшоў працаваць у ДАІ. А праз пару год паступіў у філіял Маскоўскай акадэміі МУС у Свярдлоўску. Пасля паступлення перавёўся ў крымінальны вышук, а на чацвёртым курсе прапанавалі пасаду намесніка начальніка міліцыі.

У першым сваім аддзеле даведаўся пра злачынства, якое ўчынілі райкамаўскія браканьеры – незаконна забілі некалькі казуль.

Я выклікаю следчага па асоба важных справах. А ён – першага сакратара на допыт. А гэта ж часы Брэжнева – партыя кіруе міліцыяй. Майго начальніка за гэту справу знялі з пасады.

А я праз нейкі час перайшоў у іншы аддзел недалёка ад Чалябінска. І зноў трапілася справа: старшыня калгаса прадаў налева збожжа. Я – за справу, а першы сакратар райкама загадвае, каб я яе спыніў. Усё пайшло наперакасяк і дома, і на працы.

І трапіў у Маладзечна…

У 1979 годзе трапіў у Маладзечна. Уладкаваўся на ЗЛМК, стаў памочнікам дырэктара Самарына. На заводзе адпрацаваў 24 гады. Быў галоўным дыспетчарам, намеснікам начальніка аддзела кадраў, начальнікам аховы. У вольны час таксаваў. Дзякуючы гэтаму добра вывучыў і горад, і раён.

Курсы экскурсаводаў. Каханоўскі. Ермаловіч

У пачатку 1980-х трапіў на курсы экскурсаводаў. Лекцыі чыталі Генадзь Каханоўскі і Мікола Ермаловіч. Чыталі па-беларуску.

Мне вельмі запомніўся такі выпадак. Адзін са слухачоў кажа Каханоўскаму: «А вы б не маглі чытаць па-руску?». А той яму: «Не, даруйце. Гэта мая родная мова, і я на ёй буду размаўляць».

Экскурсаводства дало шмат. Гісторыю Беларусі я цяпер ведаю лепш, чым гісторыю Украіны. Для экскурсій распрацоўваў тэмы «Радзіма Дзяржынскага», «Партызаны Нарачанскага краю», «Вільня». Як экскурсавод шмат гарадоў былога Саюза аб’ездзіў з групамі турыстаў – Гурзуф, Алушта, Адэса, Рыга… Ездзіў летам, падчас адпачынку на заводзе. Два гады быў дырэктарам курсаў па падрыхтоўцы экскурсаводаў.

«Краяны»

Даведаўшыся, што я з Украіны, мяне запрасілі ў маладзечанскае аб’яднанне ўкраінцаў «Краяны», якім кіраваў Мікалай Слабадзюк. Аб’яднанне ён арганізаваў у 1991 годзе. Я пайшоў, хоць не лічыў сябе выдатным спеваком. На мерапрыемствах «Краянаў» пачаў чытаць украінскія байкі. А пасля смерці Слабадзюка мяне абралі старшынёй.

Іван Башняк і Леанід Лысакабылка ў Касуце ля помніка Піліпу Орліку – аўтару першай канстытуцыі Украіны. Фота забяспечанае героямі публікацыі.

Ладзіў мерапрыемствы, вазіў «Краянаў» на фестываль нацыянальных культур у Гродна. На нейкі час дабіўся, каб нам далі пакой. Тут павесіў партрэты ўкраінскіх гетманаў, размясціў кнігі на ўкраінскай мове. Цяпер кіраўніцтва перадаў Ясеніі Мікуліч. Сам стаў намеснікам. У аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі зноў паабяцалі вырашыць пытанне з пакоем для нас.

Пра ўкраінскія стравы

Мая жонка Лілія – беларуска, але варэнікі варыць умее. Калі мы прыязджалі ў Палтаву да маёй сястры, тая навучыла яе рабіць пышнае цеста. Робім варэнікі з вішнямі, малінамі, сырам, паслёнам. Паслён у Беларусі не расце. Гэта чорная ягада, падобная да чарніц, але на смак іншая.

З “Краянамі”. фота забяспечанае героем публікацыі.

З дзяцінства памятаю, як маці варыла бураковую юшку, і тады яна падавалася смачнай. А цяпер неяк захацеў прыгадаць дзяцінства, папрасіў жонку прыгатаваць такую ж. Аказалася, нясмачная зусім.

А яшчэ памятаю, як у Тарасаўцы на гарышчы захоўвалася сала ў скрынях, перасыпанае соллю, як гатавалі залітыя тлушчам кілбасы. У Палтаве, дарэчы, і цяпер прадаюцца такія кілбасы разам з талеркай.

Што адчуваеце, калі вам кажуць «Хочаце, як ва Украіне?»

– Адказваю: Так, хачу, як ва Украіне. Там людзі вольныя.

Чалавек хоча адкрыць сваю справу, адкрывае і робіць. І ніхто не дае за гэта штрафаў.

Цэны і ў Беларусі, і ва Украіне амаль аднолькавыя. Ва Украіне шмат прыватнікаў. Яна ўжо даўно капіталістычная, а Беларусь – да сёння сацыялістычная. Ва Украіне – вясёлыя людзі, яны збіраюцца з суседзямі, ладзяць танцы. У Беларусі вы ўяўляеце такое?

Пра ўкраінскія песні

Мая маці вельмі добра спявала. Украінскія песні я чуў ад калыскі. А бацька сам зрабіў вялікі бубен. Забіў цяля, скуры вырабіў, з артылерыйскіх гільзаў зрабіў дзве талеркі.

Падчас аднаго са шматлікіх выступаў. Фота забяспечанае героем публікацыі.

Цяпер дома ў мяне шмат украінскіх песеннікаў. Дзе б я ні быў, заўсёды спяваю на роднай мове. Песні люблю казацкія і лірычныя. Дарэчы, нашы песні, з Палтаўшчыны, больш працяглыя, пявучыя. Відаць, ад таго, што жывём у шырокім стэпе. А ў Заходняй Украіне – песні больш хуткія.

Пра беларусаў і Беларусь

Беларусы мне падабаюцца тым, што яны спакойныя, не такія імпульсіўныя, як мы, украінцы.

З Ясеніяй Мікуліч, якая цяпер кіруе “Краянамі”. Фота забяспечанае героем публікацыі.

Не падабаецца, што беларусы часта пазбягаюць размоў пра палітыку. Беларус, на маю думку, – антырэвалюцыянер. Але пасля жніўня ўлада з беларусамі абышлася жорстка. Мне хочацца, каб беларус запомніў гэта на ўсё жыццё.

Беларускую мову разумею добра, на ёй чытаю і пішу.

А Беларусь люблю шмат за што. У тым ліку за цудоўную прыроду і прыгожыя лясы, якіх няма ў тым месцы, дзе я нарадзіўся.

• Текст доступен на языке: Русский