Гімназісткі працуюць над правільнай утылтзацый лекаў. Фота забяспечанае аўтарам.

Навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела разам з настаўніцай хіміі Наталляй Клімовіч зацікавіліся тэмай правільнай утылізацыі лекаў.

Яны ўключыліся ў інфармацыйную кампанію Цэнтра экалагічных рашэнняў «Лекам не месца ў вадзе і ежы!». Ініцыятыўная група звярнулася ў раённы Савет дэпутатаў з прапановай аб усталяванні кантэйнераў па зборы пратэрмінаваных медпрэпаратаў у аптэках Мядзела і Мядзельскага раёна.

У чым праблема

Многія з нас няправільна ўтылізуюць нявыкарыстаныя, пратэрмінаваныя лекі. Але ж галоўным правілам утылізацыі лекаў з’яўляецца наступнае: ні вадкія, ні здробненыя цвёрдыя формы нельга змываць у каналізацыю. З часам яны трапляюць у грунтавыя воды, а значыць, і ў нашы вадаёмы. Лекі выклікаюць мутацыю і паталогіі ў рыб. Антыбіётыкі ў вялікай канцэнтрацыі прыводзяць да страты фітапланктону – дробных арганізмаў, якія адказваюць за фотасінтэз у водарасцях. Антыбіётыкі таксама назапашвацца ў арганізме рыб і жывёл. Гарманальныя супрацьзачаткавыя прэпараты ўплываюць на размнажэнне рыб: яны не могуць адкладаць ікру. Выключэнне складаюць лекі, якія цалкам раствараюцца ў вадзе.

Падчас экалагічнага мерапрыемства з гімназіі.

Цвёрдыя формы – таблеткі – некаторыя выкідаюць у сметніцу, і яны наўпрост трапляюць на палігон бытавых адходаў, а значыць, у ежу дзікіх жывёл і птушак на сметніку.

Як паступаць правільна

Перш чым выкінуць прэпарат, звярніце ўвагу на яго ўпакоўку. Кардонную каробку можна адправіць у кантэйнер для кардону, а шкляны флакон – для шкла. Фальгіраваную ўпакоўку трэба выкідаць у агульныя адходы, бо яна не перапрацоўваецца. У ідэале вадкія і цвёрдыя формы пратэрмінаваных медпрэпаратаў павінны паступаць у перапрацоўку на спецыяльныя камбінаты. Шпрыцы трэба выкідаць у кантэйнер для пластыку.

А іголкі рэкамендуецца сагнуць абцугамі, каб выключыць магчымасць іх паўторнага выкарыстання. Выкідаць іх можна і ў агульнае смецце, але папярэдне варта загарнуць у пакет, каб ніхто не параніўся.

Калі ў вас разбіўся ртутны тэрмометр, неабходна выклікаць працаўнікоў МНС – яны правядуць дэмеркурызацыю.

Гэтыя нескладаныя правілы дапамогуць нам з вамі крыху дапамагчы сабе і нашай планеце, якая ўступае ў экалагічны крызіс.

А мы спадзяёмся, што дэпутаты падтрымаюць нас і ў аптэках з’явяцца пункты здачы нявыкарыстаных лекаў, якія пасля правільна перапрацуюць.

У Вілейцы паставілі кантэйнер, куды можна выкідаць лекі

• Текст доступен на языке: Русский