Выхаванцы дзіцячага дома ў Багданаве ў маі 1946 года. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Вёска Багданава на Вілейшчыне вядомая ад 16 стагоддзя. Спачатку як фальварак, пасля – як месца, дзе адкрылі дзіцячы дом для дзяцей, што сталі сіротамі ў выніку Другой сусветнай.

З дакументаў Вілейскага краязнаўчага музея, кнігі Клаўдзіі Дубовік «Багданава – вёска майго дзяцінства» і куранецкай раённай газеты «За Совецкую Радзіму» прыгадаем, як жылі пасля вайны сіроты ў дзіцячым доме на Вілейшчыне.

Анатоль Гарадзілаў: Жыццё ў былым панскім доме было за шчасце

У Вілейскім краязнаўчым музеі захоўваюцца ўспаміны выхаванца Багданаўскага дзіцячага дома – мінчаніна Анатоля Гарадзілава. Як расказала навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава, Анатоль Васільевіч цяпер жыве ў Мінску, да выхаду на пенсію працаваў на Мінскім трактарным заводзе. У сакавіку былому выхаванцу дзіцячага дома споўніцца 90. У Багданаве ён гадаваўся ад 1945 да 1949 года.

Анатоль Гарадзілаў з сястрой Галінай у Яраслаўлі ў 1938 годзе. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Вось што прыгадвае пра сябе і дзіцячы дом Анатоль Гарадзілаў: «Мамы я не памятаю. Бацька, які служыў афіцэрам пад Курскам, па нейкіх прычынах з ёй расстаўся. І калі я быў маленькім, ён пераехаў на радзіму ў Херсон. Тут ажаніўся, і ў нас з’явілася мачаха».

Далей Анатоль Васільевіч прыгадвае, што адносіны з мачахай не склаліся. Хлопчык стараўся як мага радзей бываць дома. Калі пачалася вайна, яму было дзесяць гадоў. Бацька пайшоў на фронт і не вярнуўся. Разам з мачахай дзеці трапілі ў Германію. А як скончылася вайна, хлопчык апынуўся ў дзіцячым доме ў Багданаве: «З Германіі мы вярталіся па чыгунцы праз Польшчу. Мачаха вырашыла не браць мяне з сабой. І тады мяне накіравалі ў Багданаўскі дзіцячы дом Вілейскага раёна на той момант Маладзечанскай вобласці. Пасля нямецкага палону, голаду і бамбёжак у былым панскім доме жыццё было за шчасце. Мы вучыліся, у нас было сваё поле, гаспадарка. Для працы ў полі гадавалі коней. Мы, хлопчыкі, пасвілі іх летам па начах. А заадно палілі вогнішчы і пяклі бульбу».

Дачка Гарадзілава Маргарыта ў Багданаве ў 1970-х. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

У канцы 1940-х у дзіцячы дом прыехала камісія з Мінскага трактарнага завода, каб адабраць хлопцаў у рамесніцкае вучылішча. 18-гадовага Анатоля Гарадзілава госці палічылі годным да засваення прафесіі слесара-зборшчыка. Так юнак развітаўся з дзіцячым домам.

Куранецкая раёнка: «Шчасліва і весела жывуць дзеці ў дзетдоме»

Публікацыі пра Багданаўскі дзіцячы дом былі ў Куранецкай раённай газеце «За Совецкую Радзіму», што выходзіла ў 1945 годзе. Так з №8 за 31 мая даведваемся, што ў дзетдоме было 55 дзяцей-сірот. 18 з іх вучыліся ў школе. Пры дзетдоме працавала сталярная майстэрня. На май пяць гектараў зямлі

было ўжо засеяна на патрэбы дзетдома, планавалі засеяць яшчэ адзін. Дырэктар Шарый сцвярджаў, што дзеці не будуць адчуваць ніякага недахопу ў прадуктах.

А вось як праз пару нумароў пра ўстанову пісала аўтар Мяфодзева: «Шчасліва і весела жывуць дзеці ў дзіцячым доме. Радзіма-маці вярнула ім радаснае дзецтва, сагрэла іх ласкай і цёплым бацькоўскім клопатам.

Недарэмна, усе словы выхаванцаў дзіцячага дома звернуты да самага дарагога чалавека ў свеце, да бацькі і настаўніка – таварыша Сталіна». Далей яна адзначае, што ў працы дзіцячага дома яшчэ ёсць вялікія недахопы.

З газеты таксама даведваемся, што ў жніўні 1945 года пры дзіцячым доме з лепшых выхаванцаў сфарміравалі пярвічную камсамольскую арганізацыю. 12 жніўня адбыўся яе першы сход, на якім выбралі сакратара і намеснікаў. Аўтар Дзмітрыева адзначае, што «маладыя юнакі і дзяўчаты зусім нядаўна сталі камсамольцамі, але яны служаць прыкладам для другіх выхаванцаў дзіцячага дома».

Клаўдзія Дубовік – пра Багданава

«Колькі сябе памятаю, а такой назвы ні я, ні сённяшнія багданаўцы не ведалі, – піша ў сваёй кнізе «Багданава – вёска майго дзяцінства» Клаўдзія Дубовік. – Гэты прыгожы сядзібна-паркавы ансамбль звязваўся ў нашай памяці толькі як дом-інтэрнат. Спачатку, у пасляваенны перыяд, тут жылі дзеці-сіроты.

Багданава. 1970-я. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Колькі іх было, я не захапіла, бо тут спешна адкрылі школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі разумовай дзейнасці. (…) Бацькі многіх з нас працавалі ў школе-інтэрнаце. І мы амаль увесь свабодны час праводзілі сярод гэтых дзяцей. Два панскія, як тады звалі, «стаўкі» давалі нам прытулак».

Багданава ў 1970-х. Сталовая, ФАП, склад. Фота з архіва Вілейскага краязнаўчага музея.

Як прыгадвала аўтарка, у 1970-я гады інтэрнат для дзяцей з парушэннямі разумовай дзейнасці расфарміравалі. Дзяцей, якіх было каля 180 чалавек, вывезлі ў Крывічы. Пасля некалькі год тут быў летнік «Ціхія зоры».

 

• Текст доступен на языке: Русский