На месцы здарэння. Фота забяспечанае Мядзельскай інспекцыяй.

15 лютага на возеры Нарач, на тэрыторыі нацыянальнага парка «Нарачанскі», група Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымала дваіх грамадзян, якія незаконна лавілі рыбу забароненымі прыладамі – выкарыстоўвалі дзве сеткі агульнай даўжынёй 290 метраў.

Яны злавілі шэсць сігоў, двух шчупакоў, двух акунёў, агульнай вагой 13 кілаграмаў, паведамілі ў Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Памер шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, складае 26 базавых велічынь – 754 рублі. Кошт незаконна здабытай рыбы –  118 рублёў 90 капеек.

У далейшым устанавілі, што адзін з іх у 2020 ужо затрымліваўся за незаконную здабычу рыбы і быў прыцягнуты судом Мядзельскага раёна да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 15.35 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Цяпер фігуранту пагражае крымінальная адказнасць. Дарэчы, адзін з браканьераў добраахвотна здаў шэсць сетак агульнай працягласцю 690 метраў.

• Текст доступен на языке: Русский