Разбіраюць будынак – дом з вёскі Дзертнікі на сядзібе Алеся Варыкіша. За ім размешчаны свіран пачатку 20 стагоддзя з фальварка з вёскі Гарэцькаўшчына, які гаспадар хоча ўратаваць. Фота Настассі Уткінай.

9 сакавіка работнікі раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачалі разбіраць драўляны будынак з прыватнай тэрыторыі. Уладальнік імкнецца захаваць пабудовы як помнікі драўлянай архітэктуры пачатку 20 стагоддзя.

Гаспадаром сядзібы ў Родзевічах, што ў некалькіх кіламетрах ад Гальшанаў, з’яўляецца дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. Гэту сядзібу ён набыў у нашчадка шляхетнага роду Ракіцкага. Акрамя гаспадарскага дома, на тэрыторыі размешчаныя гаспадарчыя пабудовы, традыцыйныя для беларускага побыту. Гэту сядзібу гаспадар выкарыстоўвае ў экскурсійных маршрутах, калі прывозіць у Ашмянскі раён турыстаў з усёй краіны.

Каля шасці год таму Варыкіш набыў свіран пачатку 20 стагоддзя з фальварка з суседняй вёскі Гарэцькаўшчына. Яго прадалі як дровы. Свіран перавезлі, паставілі на падмурак на тэрыторыі сядзібы. Таксама купілі дом з вёскі Дзертнікі, які хацелі разбурыць. Дом перакупілі і перавезлі ў Родзевічы.

Гэтыя пабудовы неабходныя гаспадару для развіцця турыстычнага бізнесу і захавання спадчыны. Варыкіш плануе стварыць музей драўлянай архітэктуры:

– Ужо ёсць арыгінальны шляхецкі дом 1918 года,  на падворку і іншыя традыцыйныя пабудовы. А гэтыя два будынкі паставілі для ўзмацнення.

Чаму зносяць будынак

Летам дзяржкантроль правяраў фонд «Краіна замкаў». Восенню на сядзібу Варыкіша  накіравалі шэраг праверак.

– Сем службаў да мяне прыехала, – расказвае гаспадар. – Архітэктура аказалася самая дачэпістая – на тэрыторыі заўважылі два самабуды. З гэтай справай яны мяне валтузілі ад кастрычніка.

Дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш.

Гальшанскі сельвыканкам прыняў рашэнне, каб Варыкіш забяспечыў знос самавольных пабудоў – капітальных будынкаў, размешчаных на зямельных участках, пастаўленых без дазволаў на будаўніцтва. Калі ж гаспадар не выканае распараджэнне, то знос арганізуе сельвыканкам і будзе спаганяць затраты з гаспадара.

Самабудамі аказаліся якраз дом з вёскі Дзертнікі і свіран з Гарэцькаўшчыны. 9 сакавіка дом пачалі разбіраць.

Гаспадар разабраў падмурак з-пад свірана і паставіў аб’ект на брусы.

– Атрымліваецца, што гэта ўжо не капітальны будынак, – расказвае гаспадар. – У рашэнні няма пераліку пабудоў. Так што прычапіцца да свірна цяпер не могуць па законе.

Свіран, які хоча ўратаваць гаспадар.

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю кіраўніка спраў Гальшанскага сельвыканкама Жанну Садоўскую. Яна расказала, што працы вядуць пакуль толькі па першым аб’екце. Ці будуць зносіць свіран, які цяпер не з’яўляецца капітальным будынкам, неабходна ўдакладніць у аддзеле архітэктуры. Атрымаць каментар аддзела архітэктуры на момант публікацыі ў нас не атрымалася.

Чаму гэты свіран важны

Гаспадар абскарджваў рашэнне сельвыканкама:

– Напісаў хадайніцтва, што прашу прыпыніць рашэнне, пакуль не будзе рашэння аблвыканкама. Але даліся ім мае абскарджанні, прыехалі і дзяруць ужо страху.

Варыкіш звярнуўся да старшыні Ашмянскага райвыканкама Уладзіслава Гершгорына, які сказаў, што як выканаўчая ўлада выконвае заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У лютым быў на прыёме ў міністра культуры Анатоля Маркевіча. Па словах Варыкіша, міністр падтрымаў ідэю міні-скансэна (музея пад адкрытым небам) і парку мініяцюр. А таксама здзівіўся, што пытанне з аб’ектамі не атрымліваецца вырашыць на месцы.

Ахоўнага статусу помніка архітэктуры аб’ект не мае. Але гэтыя будынкі з’яўляюцца аўтэнтычнымі ўзорамі мясцовых гаспадарчых пабудоў.

Архітэктар Аляксандр Базевіч.

Вось як ацэньвае будынкі архітэктар Аляксандр Базевіч, ганаровы грамадзянін Смаргоні і адзін з праекціроўшчыкаў комплексу «Дудуткі»:

– Будынкам сто з лішнім гадоў. Мы займаліся Дудуткамі – цяпер іх усе ведаюць. І тут чалавек стараецца, у сваім маштабе. А калі рукі ў яго апусцяцца – усё гэта знікне. Гальшаны – замак, касцёл, кляштар. Такі патэнцыял!

Гэта не першы выпадак, калі Варыкіш спрабуе ўратаваць мясцовыя традыцыйныя гаспадарчыя пабудовы. У 2018 годзе збіраліся разбіраць аварыйны млын, што быў на балансе калгаса, у некалькіх кіламетрах ад Родзевічаў. Варыкіш набыў аб’ект як дровы і склаў пакуль іх на сваім участку – да часоў, калі можна будзе яго спакойна размясціць.

Як уплывае на турызм

Аляксандр Варыкіш расказаў, што за гады яго працы як тураператара на Ашмяншчыну прыязджалі тысячы турыстаў.

Гаспадар сядзібы адзначыў, што разам з калегамі нямала зрабіў для развіцця мясцовасці як турыстычнай пляцоўкі. Пачысцілі яўрэйскія могілкі ў Гальшанах і абгарадзілі. Пачысцілі нямецкую турму Першай сусветнай вайны – адзіная такая ў Беларусі захавалася ў суседняй вёсцы Гарэцькаўшчына.

Знайшлі інвестара на ўладкаванне маёнтка 1826 года ў вёсцы Бенюны. Яго таксама збіраліся пусціць на дровы, цяпер гаспадар зрабіў там рамонт.

– Лічу, што для раёна я зрабіў шмат, – падсумоўвае Варыкіш. – І тое, што ўлада так паставілася, складана каментаваць. Замест таго, каб супрацоўнічаць са мной і наладжваць турызм у Ашмянскім раёне, улады займаюцца такім. Тут жа такое месца, Гальшаны побач – толькі працуй! З такім падыходам у Ашмянскага раёна не будзе турыстычнага ўзлёту. Гэта не дзелавы падыход, а варожы.