Адзін з угнаных аўтамабіляў. Фота minobl.mvd.gov.by.

У аператыўна-дзяжурную частку Маладзечанскага РАУС сталі паступаць заявы ад жыхароў горада і бліжэйшых вёсак. Людзі паведамлялі пра ўгоны аўтамабіляў, прыпаркаваных каля прыватных домаўладанняў.

Пачалося з заявы аб крадзяжы бардовага «Фольксвагена Гольф» з 1-га праезду Горкага. Па словах уладальніка, аўто было адкрытае, а ключы – у замку запальвання. Невядомыя скарысталіся бестурботнасцю мужчыны і з’ехалі на чужой машыне. Праз суткі скрадзены аўтамабіль сышчыкі знайшлі кінутым у кювеце паблізу вёскі Вяжуці Маладзечанскага раёна, аднак аператыўна затрымаць зламыснікаў не ўдалося.

І яшчэ адзін. Фота minobl.mvd.gov.by.

Другую машыну скралі ў вёсцы Рагазы ў ноч з 4 на 5 сакавіка. Мужчына на прысядзібным участку пакінуў аўтамабіль «Фіат» адкрытым, з ключамі ў замку запальвання. Скарыстаўшыся гэтым, зламыснік завёў рухавік і з’ехаў. Але праз трыста метраў легкавік заглух. На раніцу кіроўцы, якія праязджалі міма, паведамілі ў дзяжурную частку міліцыі пра аўто ў кювеце.

Серыю крадзяжоў дапоўнілі яшчэ два – ў Мыслевичах і Вытрапаўшчыне. Пацярпелымі сталі жыхары вёсак, уладальнікі аўтамабіляў «Пежо» і «Сітраэн». Па словах гаспадароў, абедзве машыны былі прыпаркаваныя на прыдваровых тэрыторыях і не замкнёныя. Ключы таксама заставаліся ў салоне аўтамабіляў. Ужо ў першыя гадзіны пошукаў пасля таго, як аўтааматары звярталіся па дапамогу ў міліцыю, супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі ўгнаныя аўто: «Пежо» стаяла у Вілейскім раёне на ўзбочыне трасы Р-28, «Сітраэн» знайшлі ў гарадзе.

Вывучыўшы ўсе доказы і дэталі, міліцыянеры выказалі здагадку, што да ўсіх выпадкаў датычны адзін і той жа чалавек. У хуткім часе ўстанавілі асобу зламысніка – 24-гадовага ўраджэнца Вілейскага раёна, раней неаднаразова судзімага за крадзяжы і ўгоны. Міліцыянеры затрымалі падазраванага ў Маладзечне, падчас асабістага аератрусу, знайшлі ў яго ключы, як мяркуецца, ад аднаго з выкрадзеных аўтамабіляў.

Затрыманы не стаў адмаўляць сваёй віны і прызнаўся, патлумачыўшы, што браў машыны для таго, каб пакатацца на іх, а затым кінуць.

Дзеянням маладога чалавека дадуць прававую ацэнку. Акрамя таго, аператыўнікі ўсталявалі дачыненне фігуранта да іншых злачынстваў.

А гэта пашкоджаная вітрына аптэкі ў Маладзечне. Фота minobl.mvd.gov.by.

У ноч на 6 сакавіка падазраваны разбіў вітрыннае шкло і пранік у памяшканне аптэкі на вуліцы Скарыны, адкуль выкраў з касавага апарата 354 рубля. Таксама затрыманы падазраецца яшчэ і ў некалькіх крадзяжах з тытунёвых кіёскаў у Маладзечна і суседніх гарадах.

• Текст доступен на языке: Русский