У Беларусі ў лютым цэны на тавары і платныя паслугі выраслі на 1,9%, вынікае са звестак Белстата. У апошні раз месячная інфляцыя была вышэйшай у лютым 2016 года — 2,9%. Пры гэтым гадавая інфляцыя ў мінулым месяцы разагналася да 8,7%, піша Tut.by.

Нехарчовыя тавары ў лютым падаражэлі на 1,1%, харчовыя — на 1,8%, а платныя паслугі — на 3,4%. У гадавым выражэнні рост склаў 9,4%, 7,8% і 9,2% адпаведна.

З лютага выраслі рознічныя цэны на лекі, медвырабы, дзіцячыя тавары, некаторыя прадукты харчавання. Гэта звязана з павышэннем з 1 студзеня ПДВ, да лютага рознічныя цэны трэба было абнавіць з улікам новага памеру падатку. У студзені таксама павысілі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Але з-за нюансаў статыстыкі гэта падаражанне адбілася ў даных за люты.

У цэлым гадавая інфляцыя ў мінулым месяцы склала 7,7% (люты да лютага). У студзені гадавы прырост цэн на тавары і паслугі быў на ўзроўні 7,7%. У Нацбанку тлумачылі паскарэнне росту цэн шмат у чым павышэннем ПДВ на многія прадукты, дзіцячыя тавары, лекі і медвырабы. У студзені таксама паднялі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, цэны на цыгарэты, стаўкі акцызаў на алкаголь, павысілі цану аўтамабільнага паліва.

Які прагноз па цэнах на 2021 год

Адна з задач на 2021 год, якую паставіў урад, — жорстка кантраляваць цэны, імпарт. У Саўміне запэўніваюць, што маюць намер рабіць гэта «эканамічнымі метадамі, не забароннымі». Гадавая інфляцыя на сацыяльна значныя тавары на 2021-ы ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021 год запланаваная на ўзроўні 4,9% (снежань да снежня). Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка раней заяўляў, што ў цэлым прагноз па інфляцыі на 2021-ы — 5% (снежань да снежня). Праграмай асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год таксама запланавана інфляцыя ў 5%.

Перадумоў, каб упісацца ў 2021 годзе па гадавой інфляцыі ў 5%, вобмаль. У тым ліку з-за непрадказальнасці пандэміі, нестабільнай сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Тым больш што з пачатку года паднялі ПДВ на лекі, медвырабы, харчовыя і дзіцячыя тавары, што адбілася на цэнах у розніцы.

Нагадаем, у 2020 годзе тавары і платныя паслугі падаражэлі на 7,4% (снежань да снежня), вынікае з даных Белстата. Гэта рэкордны паказчык за апошнія 4 гады. Пры гэтым чыноўнікі прагназавалі на 2020-ы гадавую інфляцыю, не большую за 5%.

• Текст доступен на языке: Русский