Мастакі Аляксандр Пашкевіч, Рыгор Мяжуеў, Анатоль Акулік, Васіль Таркан, Мікола Аўчыннікаў, Уладзімір Тамашэвіч адказваюць на пытанні вядучай Алены Кучко.

– У такі ж сонечны вясновы дзень, амаль 120 год таму, у Польшчы нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Ядзяй. Прайшоў час, дзяўчынка стала дарослай. І лёс склаўся так, што яна прыехала да нас у Беларусь, у Маладзечна, – так пачала адкрыццё выставы «Пані Ядзя збірае сяброў» выкладчыца і мастачка Алена Кучко.

Выставу, прысвечаную дню нараджэння мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай і творчасці мастакоў маладзечанскага краю, адкрылі ў выставачным фае Палаца культуры 3 сакавіка. На ёй прадставілі працы ўдзельнікаў студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага раёна і маладых мастакоў.

На выставе.

Некаторыя з прадстаўленых работ з’яўляліся копіямі на творы Раздзялоўскай. А з некаторых партрэтаў, напісаных удзельнікамі студыі, пазіралі сучасныя маладзечанскія мастакі Рыгор Мяжуеў, Анатоль Акулік, Генадзь Селядзец, Мікола Аўчыннікаў.

Як прыходзяць у мастацтва

Падчас адкрыцця выставы вядучая запрасіла мастакоў да дыялогу. Яны адказвалі на пытанні, кожны расказаў пра свой шлях да мастацтва.

Так, Рыгору Мяжуеву бацькі давалі алоўкі, каб не дакучаў:

– З дзяцінства нешта крэмзаў. Пасля была школа, студыя, а далей – прафесійная мастацкая адукацыя.

Анатоль Акулік прызнаўся, што прыход у мастацтва атрымаўся неяк сам па сабе. У школе ўвесь час прымушалі маляваць сценгазеты. А пасля школы трэба было абіраць адну з трох прафесій: спартсмен, вайсковец або мастак.

– Я рана пачаў маляваць. Памятаю такі выпадак: у школе настаўніца рускай мовы дала заданне намаляваць ілюстрацыі да нейкага літаратурнага твора. Я намаляваў сабе і некалькім сваім сябрам. Сябры атрымалі пяцёркі, а я чамусьці – чатыры, – прыгадаў мастак Васіль Таркан.

Маляваць гэта цікава і захапляльна, перакананыя мастакі. Нездарма, адзначыў Мікола Аўчыннікаў, у дзяцінстве малююць усе. А яшчэ, на думку творцаў, не варта з узростам закідваць гэты занятак.

Ядвіга Раздзялоўская – заснавальніца мастацкага асяродка ў Маладзечне

– Ужо больш за 65 год у нашым горадзе жыве і нараджае мастакоў народная студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзякуючы ініцыятыве Ядвігі Раздзялоўскай і Кастуся Харашэвіча.

Алена Кучко адзначыла, што не ведала Раздзялоўскую асабіста, але ёй пашчасціла нарадзіцца ў Маладзечне і вучыцца тут у мастацкай школе.

Мы, мастакі ўсіх пакаленняў, збіраем і шануем жывую спадчыну, памяць пра творчасць і жыццё знакамітай асобы, прафесійнага мастака, чароўнай жанчыны, заснавальніцы мастацкага асяродка ў нашым горадзе – пані Ядзі. Дзякуючы Ядвізе Раздзялоўскай у Маладзечне нарадзілася, жыве і працуе шмат прафесійных мастакоў, – адзначыла Алена Кучко.

Наведаць выставу ў Палацы культуры Маладзечна можна да 20 сакавіка.

Фотаздымкі забяспечаныя Аленай Кучко.