На месцы здарэння.

Пажар адбыўся раніцай 9 сакавіка ў вёсцы Лоўцавічы Хаценчыцкага сельсавета. У вяскоўцаў ледзь не згарэў склеп.

Падрабязнасці «ШП» расказаў старшы інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Яўген Камароў:

– У службу выратавання ў пяць раніцы патэлефанавалі мясцовыя жыхары вёскі і паведамілі, што ў іх гарыць склеп. На месца здарэння выязджалі ратавальнікі бліжэйшага падраздзялення – ПАСП-12 Карпавічы Вілейскага РАНС.

Калі прыехалі ратавальнікі, у надворнай пабудове адкрытым полымем гарэў дах. Пасля ліквідацыі ўзгарання ўстанавілі, што ў склепе гаспадары паставілі металічную самаробную печку для яго абагравання.

Па словах Яўгена Камарова, найбольш верагодная прычына пажару – неадпаведнасць патрабаванням ацяпляльнага прыбора, які паставілі ў склепе.

У выніку пажару ў надворнай пабудове згарэў дах, а таксама частка перакрыцця. Запасы на зіму, якія захоўваліся ў склепе, агонь не закрануў.

• Текст доступен на языке: Русский