Іван Вярбіцкі.

11 сакавіка ў судзе Смаргонскага раёна прайшло пятае судовае пасяджэнне па справе Івана Вярбіцкага: прайшлі спрэчкі бакоў.

Першае пасяджэнне: Жыхара Гальшан абвінавачваюць у тэрарызме. Ён кажа, што «троліў» сілавікоў

Другое пасяджэнне: Сведкі не прыйшлі, відэа не ўключылася. У Смаргоні працягваюць разглядаць справу па акце тэрарызму

Трэцяе пасяджэнне: «Апошні раз такое абвінавачванне тычылася выбуху ў мінскім метро». У Смаргоні судзяць гальшанца за тэрарызм

Чацвёртае пасяджэнне: У Смаргонь на суд па справе аб тэрарызме прыехалі дзяржСМІ. Яны знялі абвінавачваемага і з’ехалі

Судовае пасяджэнне вядзе старшыня суда Смаргонскага раёна Людміла Пятрова з дзвюма народнымі засядацелямі Дукавай і Матвеевай. Дзяржаўны абвінаваўца – Сяргей Кавальчук, абаронца падсуднага – Аляксей Крывалапаў.

Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку і ў акце тэрарызму.

14 кастрычніка 2020 года Вярбіцкі пакінуў некалькі каментарыяў у тэлеграм-каналах Ашмянаў і Астраўца. У іх ён нібыта заклікаў паліць ашмянскую пракуратуру, машыны і маёмасць астравецкіх міліцыянераў. Пазней гэта следства расцаніла, як падбухторванне да акту тэрарызму. Праз тыдзень у Вярбіцкага правялі ператрус, знайшлі ў яго дома патроны і порах. Перад ператрусам Вярбіцкі разарваў пастанову. Усе гэта легла ў аснову абвінавачвання.

Вярбіцкі прызнаў віну толькі па адным артыкуле 377 КК: сказаў, што сапраўды разарваў пастанову аб ператрусе.

Спрэчкі бакоў

Дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што вінаватасць Вярбіцкага была цалкам даказаная. Па версіі абвінавачвання, дзеянні Вярбіцкага былі накіраваныя на ўздзеянне на прыняццё рашэнняў органамі, на застрашэнне насельніцтва, дэстабілізацыя абстаноўкі ў Беларусі.

Дзяржабвінаўца запрасіў для Вярбіцкага 9 год і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адвакат Крывалапаў выказаў меркаванне, што падчас следства не знайшлі ніводнага доказу па артыкуле 289 «Акт тэрарызму».

– Абвінавачванне проста скапіравалі з артыкула Крымінальнага кодэкса. Розніца толькі ў тым, што Вярбіцкаму не прыпісваюць затапленне будынку.

Крывалапаў заўважыў, што каментарыі ў тэлеграме, якія пакінуў Вярбіцкі, прадстаўлены як акт тэрарызму. А дзеянні Вярбіцкага – гэта падбухторванне групы асоб да здзяйснення гэтага акту, але хто гэтыя асобы следства дагэтуль не высветліла. Крывалапаў падкрэсліў, што гэтых асоб не існуе: следства не знайшло ні аднаго чалавека, якога Вярбіцкі падбухторваў да акту тэрарызму, а самога акту ўвогуле не было.

Абаронца пацвердзіў, што падабаронны насамрэч пакінуў у тэлеграм-каналах рэзкія каментарыі, якімі зацікавіліся органы ўнутраных спраў. Але ні следства, ні абвінавачванне не прадставіла доказаў рэальнасці ажыццяўлення акта тэрарызму.

Крывалапаў таксама заўважыў, што каментарыі Вярбіцкага, якія сталі асновай абвінавачвання па артыкуле па акту тэрарызму, дагэтуль застаюцца даступнымі ў тэлеграм-канале. Па словах абаронцы, следства і пракуратура нічога не зрабілі, каб гэтыя каментарыі былі выдалены, іх можа ўбачыць любы чалавек. Крывалапаў задаўся пытаннем, чаму органы нічога не зрабілі, каб ліквідаваць каментарыі, якія падбухторваюць да акту тэрарызму.

Абаронца расказаў, што пакаранне павінна быць сувымернае нанесенай шкодзе. Крывалапаў прывёў прыклад крымінальнай справы, якую разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінска. У снежні мужчына атрымаў чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую калонію за званок на лінію 102. Крывалапаў сказаў, што ў прысудзе сказана, што той мужчына патэлефанаваў у 102 і  паабяцаў «замачыць» міністра ўнутраных спраў:

– Страшна падумаць, што яго чакала б на Ашмяншчыне. Добра, што ён не патэлефанаваў у Ашмянскі РАУС.

Наконт знойдзеных боепрыпасаў Крывалапаў паведаміў, што Вярбіцкі імі не карыстаўся і не ведаў, што яны там знаходзяцца. Боепрыпасы засталіся ад бацькі-паляўнічага.

Пасяджэнне працягнецца сёння ў 15:30.

• Текст доступен на языке: Русский