Пра наш рэгіён шмат пісалі ў газеце "Нага ніва", што выдавалася ў Вільні. Фота з Вікіпедыі.

Ад 1906 да 1915 года года ў Вільні выдавалася беларуская газета «Наша ніва». Тут у рубрыцы «З Беларусі і Літвы» друкавалі нямала навін з нашага рэгіёна. Прапануем некаторыя з іх, апублікаваныя ў нумарах газеты за 1909 год.

Гудагай. Няўжо землятрус з Італіі?

«17 снежня раніцай, а пятай гадзіне, калі яшчэ было цёмна, жонку мясцовага арандатара фальварка Сяржанты разбудзіў страшэнны гром. Зазвінела шкло ў вокнах, і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё сціхла. Хутка прыбег арандатар, што быў пры скаціне ў хляве, і расказаў, што і ён таксама чуў гул. Быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжэла і жывёлы пападалі на калені. Выбегшы з хлява, ён убачыў недалёка быццам роў глыбокі, каторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўдоўж з поўначы на паўднёвы ўсход. Думаюць, што гэта водгалас таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэтае землетрасенне, як кажуць, адазвалася ў некалькіх месцах Віленскай губерні».

Радашкавічы. Просяць, каб дзяўчынак пусцілі вучыцца

«Начальства яшчэ не зацвердзіла новага гарадскога галаву, Кіцінскага, і гарадскія справы стаяць. Яны так закручаны, што даўнопара за іх узяцца. Жыхары падалі прашэнне, каб дапусцілі дзяўчынак вучыцца ў гарадскім вучылішчы. Каля мястэчка А. Уласаў хоча зрабіць паказны хутар, каб пазнаць, ці можа пражыць сям’я хлебаробаў на чатырох дзесяцінах і як».

Даўгінава. Таргі – добра, шынкі – кепска

«У нас ёсць многа мужыкоў, работнікаў вясковых, што збіраюцца кожны чацвер на торг да мястэчка. У чацвер на базары можна ўсё купіць і прадаць, пераварочваюцца тысячы рублёў. Тут і сталярства, і слясарства, і кравецтва, і шавецтва, і лён, і жыта. Усяго, што вокам кінуць, можна купіць, толькі давай грошы».

Але бяда, што ў нас ёсць манаполька і восем-дзевяць шынкоў. Пад вечар шмат людзей цягаюцца п’яныя, і ніводнага торгу не абыходзіцца без скандалаў і разбояў. Добра было б, каб воласць і мяшчане зрабілі прыгавор, каб закрыць усе манаполькі і каб не дапускаць патаемнага продажу гарэлкі з дамоў, ды за гэта штрафаваць».

Ракаў. Як баба купіла селядзец і замарозіла рукі

«Наша мястэчка вядома тым, што тут ад 1843 года вырабляюць веялкі, сячкарні, малатарні. Займаюцца тут і ганчарствам. Тут заведзена нядаўна земская школа рамяства. У другіх справах Ракаў жыве, як і ўсе нашы беларускія мястэчкі. Жыцця грамадскага няма, і хваліцца няма чым. Ёсць тут хрысціянская крама, добра гандлюе. Адна баба купіла тут селядцоў і, едучы дамоў, абліла рукі селядцовай юшкай. Пачала іх аблізваць на марозе. А як была яшчэ і выпіўшы, дык памарозіла рукі. Цяпер ляжыць у бальніцы».

Маліноўшчына. Смерць на бровары

«У нас праз гарэлку здарыўся нядаўна адзін смутны выпадак. Тутэйшы сталяр Янка Вашэта, хлебануўшы трохі залішне, захацеў яшчэ падлімоніцца. Узяў бутэльку і, забраўшыся ў бровар, палез у чоп набіраць бражку ды ўваліўся з галавой. Па нейкім часе знайшлі яго нежывым. Відаць, задыхнуўся бражным газам, бо ўтапіцца не мог: у чопе бражкі было толькі да пояса».

Вілейка. Начныя стрэлы ў горадзе

«10 сакавіка, ноччу, наш спячы гарадок пачуў стрэлы. Гэта на вуліцы стрэліў у сябе адзін чалавек. Ён павадзіўся чагось з кухаркай, напіўся, узяў рэвальвер у свайго пана. Цяпер на Расіі такі час, што шмат хто з людзей накладае на сябе рукі».

Ашмяны. Вучылішчаў – мала, астрогаў – шмат

«Горад наш жыве спакойным жыццём, без клопатаў. Нашы гарадскія айцы як бы адпачываюць па выбарах ва ўправу. Ужо колькі гадоў чутно пра вучылішча: хочуць адкрыць або гарадское вучылішча з зямельнымі класамі, або прагімназію. Пляц пад школу дае горад (на конскім рынку) і грошы на 600 рублёў у год. Жыды адразу даюць тысячу рублёў. Але справа гэта здаецца пахавана ў гарадскім архіве. Турмаў маем аж чатыры, а вучылішчы два – гарадское і царкоўна-прыходскае. І хто хоча пазнаць ашмянскае жыццё, можа судзіць па яго будынках. Народ цёмны, і праз сваю цемнату напаўняе астрогі».