Таццяна Ілюковіч першы год працуе настаўніцай у смаргонскай СШ №1. Фота аўтара.

Пра ўражанні ад працы і погляды на адукацыю мы пагутарылі з маладой настаўніцай са Смаргоні.

Прыйшла ў школу і засумнявалася ў некаторых методыках выкладання

Таццяна Сяргееўна скончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, атрымала дыплом выкладчыка замежных моў. Па словах маладой настаўніцы, першыя месяцы працы ў школе не тое каб расчаравалі яе,але прымусілі засумнявацца ў некаторых методыках выкладання. Гэта не дзіўна, бо сучасны свет імкліва змяняецца, сітуацыі ўзнікаюць самыя непрадказальныя, і тым, хто працуе з дзецьмі, нельга памыляцца ў выбары ідэалаў. Бо ад іх выбару можа залежаць лёс іх вучняў.

На ўроках глядзяць урыўкі з фільмаў і музычныя кліпы

Таццяна лічыць, што сучасныя вучні вельмі адрозніваюцца ад ранейшых, нават ад прадстаўнікоў яе пакалення. Напрыклад, з-за вялікага аб’ёму інфармацыі, атрыманай за дзень, яны не заўсёды могуць успрыняць веды, што ім даюць у школе. Маладыя спецыялісты, якія ў большай меры самі ўцягнутыя ў сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, лепш разумеюць патрэбы і асаблівасці сучаснага вучня.

Рыхтуючыся да чарговага ўрока, Таццяна Сяргееўна старанна адпрацоўвае тэму, шукае актуальны матэрыял, імкнецца выкарыстоўваць у адукацыі дзейсныя новыя тэхналогіі. Напрыклад, увагу вучняў яна прыцягвае, выкарыстоўваючы пазнавальныя гульні, урыўкі з папулярных фільмаў, музычныя кліпы.

Таксама настаўніца праводзіць своеасаблівыя сацыяльныя эксперыменты, якія цяпер так любіць глядзець моладзь у ютубе.

На навучанне ўплывае недахоп выхавання

Асаблівы падыход шукае малады педагог да тых дзяцей, якія патрапілі ў катэгорыю «цяжкіх навучэнцаў».

– Калі я заўважаю, што любая дапамога на словах можа толькі пагоршыць сітуацыю, – кажа Таццяна Сяргееўна, – то не навязваю вучню сваё меркаванне. Разумею, што часам лепш не чапаць яго. Толькі паступова ўключаю такога вучня ў «жыццё» ўрока.

На маё пытанне, ці заўсёды ўдаецца ўтрымліваць увагу дзяцей, асабліва гіперактыўных, мая суразмоўца адказала:

– За паўгода сваёй працы ў школе я пераканалася, што адна з галоўных праблем, якая непасрэдна ўплывае на навучальны працэс, – гэта недахоп выхавання. Цяпер многія бацькі пераважна заклапочаныя сваім асабістым жыццём, працай, захапленнямі, чым дзіцем. Таму дзецям, якія прыходзяць у школу, не хапае ўвагі, і яны ўсяляк яе да сябе прыцягваюць, часта вельмі абуральнымі паводзінамі. Настаўнік жа бярэ на сябе абавязкі па выхаванні, прывіцці элементарных правілаў паводзін. Гэта значыць, педагог становіцца нібыта яшчэ адным з бацькоў, каб выхоўваць у дзяцей тыя якасці, якія яны не атрымалі ў сям’і. Школа павінна развіваць у дзіцяці духоўныя каштоўнасці, а маральныя – сям’я.

Але разам з тым, настаўнік – гэта не дамашняя абслуга, якімі былі гувернанткі ў дваранскіх сем’ях. Таму стаўленне некаторых празмерна патрабавальных бацькоў выклікае ў многіх педагогаў не самыя лепшыя эмоцыі.

Што такое булінг і як з ім змагацца настаўніку

Суразмоўца заўважае, што цяпер на прасторах інтэрнэту ў розных сацыяльных сетках папулярна падымаць тэмы, пра якія раней маўчалі. Булінг, прасцей кажучы, цкаванне, – актуальная ва ўсе часы праблема. Але сёння, з прыходам у наша жыццё інтэрнэту, яна набыла яшчэ больш шырокае распаўсюджанне. Падставай для прыніжэння чалавечай годнасці і абразаў вучня можа стаць што заўгодна: высокі рост, асаблівасці целаскладу, колер валасоў, адметныя паводзіны і многае іншае. У такіх сітуацыях настаўнік павінны дапамагчы, лічыць Таццяна.

Заўважае, што часам дзеці пакутуюць ад комплексаў, якія не даюць ім у поўнай меры атрымліваць асалоду ад жыцця. Роля настаўніка ў такіх выпадках важная. Ён павінны растлумачыць дзецям, што гэта ненармальна: абражаць і зневажаць іншых. Трэба знайсці падыход, не выпускаць сітуацыю з-пад кантролю, не апраўдваць такія выпадкі цяжкасцямі пераходнага ўзросту.

Калі сэрца маладой настаўніцы напаўняецца гонарам

Зносіны паміж настаўнікам і вучнем, на думку Таццяны Сяргееўны, павінны быць адначасова і дзелавымі, і будавацца на даверы. Ва ўсім трэба ведаць меру. На думку маладога педагога, не варта, каб вучань успрымаў настаўніцу як сяброўку.

Мае Таццяна Сяргееўна сваё меркаванне на сістэму ацэньвання ведаў і агучвання гэтых адзнак. Так, бываюць выключэнні, калі ўвесь клас выдатна справіўся з заданнем. Аднак такое здараецца не часта.

І каб не адбіць у дзяцей жаданне вучыцца, не параніць іх самалюбства, не самыя лепшыя ацэнкі яна пакідае неагучанымі.

– Зносіны з дзецьмі – гэта самае цудоўнае, што ёсць у прафесіі выкладчыка, – дзеліцца суразмоўца. – Ніхто так не зможа парадаваць, як дзіця. Сэрца перапаўняецца гонарам і радасцю, калі трэцякласнікі бягуць да цябе насустрач, каб сказаць запаветнае «Hello».

• Текст доступен на языке: Русский