Фота з архіва РГ.

Ад другой суботы сакавіка да другой нядзелі мая ў Беларусі пачынаецца вясновы сезон палявання на дзікіх птушак. Сезон будзе доўжыцца ад 13 сакавіка да 9 мая.

Дазваляецца ружэйнае паляванне на пралётных гусей: белалобага, шэрага, гуменніка, канадскую казарку, а таксама на самцоў (качараў) качак: свіязяў, крыжанак, гогаля, шыраканоскі, чубатую чарнець, чыркоў – свістунка і траскунка, качкі шэрай.

Паляванне дазваляецца ў светлы час сутак і забараняецца ад 12 да 18 гадзін. Дазволеныя спосабыпалявання на   гусей:ружэйны (гладкаствольная паляўнічая зброя і патроны, набітыя шротам) з засады толькі са скрадка альбо з засады з выкарыстаннем маскіровачнага халата і толькі з прынаджваннем з дапамогай манка і падсаднога гусака ці гусей, і (або) профіляў, і (або) пудзілаў гусака.

Дазволеныя спосабы палявання на качак: ружэйны (гладкаствольная паляўнічая зброя і патроны, набітыя шротам) з засады толькі са скрадка або з выкарыстаннем маскіровачнага халата і толькі з прынаджваннем з дапамогай падсадной качкі (качак) і (або) пудзіла ці пудзілаў і манка.

У вясновы сезон палявання на гусей ці качараў дапускаецца выкарыстанне замест скрадка маскіровачнага халата ці маскіровачнага касцюма, надзетага на паляўнічага, каб забяспечыць непрыкметнае знаходжанне.

Для пошуку і падачы здабытай дзічыны можна выкарыстоўваць паляўнічых сабак – тэр’ераў, такс, выжлаў (легавых), спаніэляў, ратрывераў, водных сабак.

Скрадок – сховішча (будан, яма, бочка і да таго падобнае), што забяспечвае не менш чым з двух бакоў непрыкметнае для паляўнічай жывёлы знаходжанне паляўнічага ў мэтах чакання жывёлы.

Калі вы сталі сведкам фактаў браканьерства, просім паведамляць у Маладзечанскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету па адрасе: Маладзечна, вуліца Замкавая, 15 альбо па тэлефоне  (8-0176) 77-83-75, (8-029) 668-90-83.

• Текст доступен на языке: Русский