Маладзечна. Гарадскі парк. Фота Аксаны Ярашонак.

Сёння ў Беларусі стане крыху халадней. Калі ўчора, у нядзелю, пераважная тэмпература пасля абеду па краіне была плюс 6-11, то сёння – 2-8 градусаў цяпла, паведамляе БелТА.

У аўторак, 16 сакавіка, надвор’е ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць актыўны франтальны раздзел, які перамяшчаецца з Украіны. Чакаем мокры снег, дождж, месцамі моцны. Раніцай і днём у асобных раёнах магчымае наліпанне мокрага снегу. Месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца ноччу пераменных напрамкаў слабы, днём паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3. Днём будзе 1-7 градусаў цяпла, па поўдні месцамі пры працяглых праясненнях – плюс 8-10.

У сераду, 17 сакавіка, тэрыторыя Беларусі застанецца ў зоне дзеяння маларухомага атмасфернага фронту, звязанага з цыклонам над поўднем Украіны. Будзе воблачнае надвор’е. На большай частцы краіны пройдуць ападкі (мокры снег, дождж). Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны, паўночна-ўсходні ўмераны, у дзённыя гадзіны месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, днём – 1-7 градусаў цяпла.

У чацвер, 18 сакавіка, надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць прахалодная няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з Паўночнай Еўропы. Колькасць аблокаў і іх шчыльнасць паменшацца. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным мокры снег. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночны ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 да плюс 2, удзень – ад мінус 1 да плюс 5 градусаў.

У пятніцу, 19 сакавіка, паўночны вецер працягне пастаўляць у Беларусь халаднаватае паветра. Месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег. Вецер прагназуецца пераменных напрамкаў слабы. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра панізіцца. У начныя гадзіны чакаецца 1-8 градусаў марозу. Тэмпература ў сярэдзіне дня складзе ад мінус 3 да плюс 4.

Па прагнозах сіноптыкаў, у бліжэйшыя выхадныя, 20 і 21 сакавіка, атмасферны ціск вырасце. Істотныя ападкі малаверагодныя, толькі ў асобных раёнах краіны магчымы невялікі кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 2-8 градусаў марозу, пры праясненнях – да мінус 12. Днём у суботу будзе ад мінус 3 да плюс 4, у нядзелю – ад мінус 1 да плюс 6. Гэта на 1-3 градусы халадней чым звычайна.