Фота penzavzglyad.ru.

Пракуратура Вілейскага раёна падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да Д. – галоўнага спецыяліста дзяржарганізацыі ў сферы тэхнічнага нагляду, якому інкрымінавалася атрыманне хабараў.

Як устанавілі падчас судовага разбору, Д. ад 2018 года па верасень 2020 ў якасці хабару за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, атрымліваў ад прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў будаўнічыя матэрыялы, аўтамабільнае паліва і прадукты харчавання.

Па сваіх службовых паўнамоцтвах абвінавачаны меў права праводзіць тэхнічны нагляд і правяраць якасць будаўніча-мантажных работ, матэрыялаў, канструкцый і абсталявання, правяраць іх адпаведнасць праектнай дакументацыі, наяўнасць і правільнасць тэхналагічнай дакументацыі.

Пры атрыманні чарговага хабару ў верасні 2020 года Д. затрымалі супрацоўнікі АБЭЗ Маладзечанскага РАУС. Усяго ўстаноўлена пяць эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці. Кошт прадметаў хабараў вар’іравалася ад 70 да 400 рублёў.

З улікам прадстаўленых дзяржабвінаваўцам доказаў суд Вілейскага раёна пастанавіў ў дачыненні да Д. абвінаваўчы прысуд. На падставе ч.1 і ч.2 арт.430 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь яму прызначылі пакаранне – тры гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры трыста базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, тэрмінам на чатыры гады.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

• Текст доступен на языке: Русский