Той самы фотаздымак, на якім у руках у амапаўца заўважылі пісталет. У стойцы ў цывільным ля буса — амапавец Віталій Дук. Фота Настассі Уткінай.

Сёння, 18 сакавіка, стала вядома, што ў Расіі затрымалі Уладзіміра Непагоду. Ён знаходзіўся ў вышуку па справе маладзечанцаў Пяскова і Еўсцігнеева. Іх абвінавачвалі ў супраціўленні амапаўцам падчас ланцуга салідарнасці ў Маладзечне 19 чэрвеня 2020 года. Уладзімір Непагода быў прызнаны падазраваным, але схаваўся за мяжой і ў судзе не ўдзельнічаў.

Прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава размясціла ў сваім тэлеграм-канале наступную інфармацыю:

«Оперативники нашли 41-летнего жителя Молодечненского района в Санкт-Петербурге. Туда он уехал летом прошлого года, чтобы скрыться от правоохранительных органов Беларуси после группового нападения на сотрудников ОМОН».

Падчас судовых пасяджэнняў у верасні 2020 года ў дачыненні да Пяскова і Еўсцігнеева разглядалі крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак», а не за групавы напад на амапаўцаў.

Далей у сваім паведамленні Чамаданава ўдакладняе, што справа разглядалася па факце гвалту. Аднак у судзе Маладзечанскага раёна разглядалі справу менавіта па факце супраціўлення: пра гэта казаў і дзяржаўны абвінаваўца Габруковіч падчас спрэчак бакоў.

Дарэчы, з-за гэтых пашкоджанняў амапаўцы — некалькі драпін на руцэ і калене — не страцілі працаздольнасць і не знаходзіліся на лячэнні.

Пяскова прысудзілі да 3,3 гадоў пазбаўлення свабоды, Еўсцягнеева да 3.