Пра тое, як дзейнічаць у выпадках, калі вас выклікаюць у суд, раіць праваабаронца Алег Мацкевіч.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

1.) Хто мае права на адваката, калі стаў удзельнікам судовага працэса? Толькі абвінавачваемы?

Не толькі. Ва ўсіх без выключэння выпадках любы грамадзянін, незалежна ад працэсуальнага становішча, можа патрабаваць прысутнасці адваката, з якім у яго ўжо заключаная дамова, або з якім жадае заключыць дамову на аказанне юрыдычнай дапамогі тут і зараз.

Для гэтага трэба спаслацца наўпрост на норму артыкула 62 Канстытуцыі: «Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.»

2.) Якая розніца паміж адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцямі?

Фармальна розніца палягае ў тым, што крымінальная адказнасць наступае за правапарушэнні, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам. Адміністратыўная – за правапарушэнні, прадугледжаныя Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях.

Фактычна ж розніца паміж двума відамі адказнасці – у цяжкасці супрацьпраўных учынкаў. Пытанне кваліфікацыі супрацьпраўных учынкаў – ключавое ў дзейнасці органаў правапарадку і судоў.

Часам адно і тое ж дзеянне можа кваліфікавацца спачатку як адміністратыўнае правапарушэнне, а потым – як крымінальнае злачынства. Гэтак было ўвосень мінулага году ў Жодзіне, калі падпал праязной часткі аўтадарогі спачатку кваліфікавалі як дробнае хуліганства ў адпаведнасці з нормамі КоАП, а праз некалькі дзён – як хуліганства ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам.

3.) Якія правы мае абвінавачваемы?

Пералік досыць вялікі. Калі ж сцісла, то гэта найперш:

  • ведаць, у чым абвінавачваецца;
  • ведаць свае правы;
  • паведаміць блізкім аб месцы ўтрымання пад вартай;
  • права на бясплатнага адваката;
  • мець абаронцу або некалькіх абаронцаў з моманту прад’яўлення абвінавачвання, адмовіцца ад абаронцы і абараняць сябе самастойна, спыніць паўнамоцтвы свайго абаронцы;
  • бесперашкодна мець зносіны са сваім абаронцам сам-насам і канфідэнцыйна без абмежавання колькасці і працягласці гутарак;
  • даваць паказанні або адмовіцца ад дачы паказанняў;
  • прадстаўляць доказы;
  • заяўляць адводы і хадайніцтвы;
  • карыстацца роднай мовай ці паслугамі перакладчыка;
  • заяўляць аб сваёй вінаватасці або невінаватасці;
  • пярэчыць супраць дзеянняў органа крымінальнага пераследу і патрабаваць унясення пярэчанняў у пратакол следчага або іншага працэсуальнага дзеяння, які праводзіцца з яго удзелам;
  • знаёміцца ​​з пратаколамі следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, у якіх удзельнічаў, рабіць заўвагі з нагоды правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколах;
  • абскардзіць у суд затрыманне, заключэнне пад варту, хатні арышт або прымусовае памяшканне ў судова-псыханеўралагічны экспертны стацыянар для правядзення экспертызы;
  • знаёміцца ​​з крымінальнай справай і выпісваць з яе звесткі;
  • удзельнічаць у судовым пасяджэнні суда;
  • знаёміцца ​​з пратаколам судовага пасяджэння, падаваць заўвагі;
  • выступаць у судовых спрэчках;
  • прамаўляць апошняе слова ў судзе;
  • атрымліваць ад органа, які вядзе крымінальны працэс, паведамлення аб прыняцці рашэнняў, якія закранаюць яго правы і інтарэсы;
  • падаваць скаргі на дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, у тым ліку суда;
  • прымірацца з пацярпелым па справах прыватнага абвінавачвання;
  • падаваць пярэчанні на пратэсты і скаргі падчас крымінальнага працэсу;
  • атрымліваць пакрыццё шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, а ў выпадку, калі абвінавачанне не пацвердзілася, быць рэабілітаваным.

4.) Ці можа сведка адмовіцца даваць паказанні?

Сведка не можа адмовіцца ад давання паказанняў. Згодна з артыкулам 402 Крымінальнага кодэкса адмова альбо ўхіленне сведкі або пацярпелага ад дачы сведчанняў караюцца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам.

У той жа час сведка не падлягае крымінальнай адказнасці пры адмове ці ўхіленні ад дачы паказанняў супраць самога сябе, членаў сям’і, блізкіх сваякоў паводле артыкула 27 Канстытуцыі і артыкула 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

5.) Што рабіць, калі сведка на судзе хлусіць?

Даванне заведама ілжывых паказанняў пры разглядзе крымінальных, грамадзянскіх і эканамічных спраў альбо пры вытворчасці папярэдняга следства або дазнання з’яўляецца крымінальным злачынствам і цягне адказнасць у выглядзе штрафа, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Тыя ж дзеянні, звязаныя з абвінавачваннем у цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве або са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання або ўчыненыя з карыслівых меркаванняў караюцца арыштам ці абмежаваннем свабоды на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін.

У большасці выпадкаў крымінальная адказнасць наступае за даванне сведчанняў аб істотных абставінах, якія могуць паўплываць на выніковы прысуд.

Калі сведка або пацярпелы ў сваіх паказаннях памыляюцца добрасумленна, то крымінальная адказнасць не наступае.

Калі сведка хлусіць у судзе, трэба аспрэчыць яго сведчанні, пры гэтым прад’явіўшы доказы іх хлуслівасці. Суд мае права паведаміць кампетэнтным органам аб парушэннях закона. Калі ж ён гэтага з нейкіх прычынаў не робіць, грамадзянін мае права самастойна звярнуцца ў праваахоўныя органы, прыклаўшы доказы злачынства.

6.) З практыкі якая карысць ад абскарджванняў – ці часта змяняюць прыгавор? Ці часта апраўдваюць?

У 2018 годзе ў Беларусі была вынесена 0,2% апраўдальных выракаў, у 2019 годзе – 0,3%. Гэта 38 726 асуджаных асобаў, апраўданых – 114 чалавек за 2019 год. Таму моцна спадзявацца на тое, што абскарджанне дасць станоўчы вынік, не варта. Між тым, скарыстацца механізмам падачы апеляцыйнай скаргі і наглядным парадкам абскарджання усё ж варта. Часам усё ж бывае, што прыгавор адмяняюць ужо на самым версе.

7.) Што можна рабіць, калі прайшлі ўсе інстанцыі беларускіх судоў, але з рашэннем усё роўна не згодныя?

Наднацыянальных інструментаў абскарджання крымінальных прысудаў у карыстанні беларусаў няшмат і яны недастаткова эфектыўныя. Як, скажам, магчымасць абскардзіць вынікі крымінальнай справы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека для украінцаў або расіян. Гэткай магчымасці ў нашых грамадзян няма.

Калі справа тычыцца парушэння грамадзянскіх або палітычных правоў грамадзяніна – можна звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Аднак пры гэтым трэба разумець, што рашэнні Камітэта па правах чалавека, па-першае, не выконваюцца Рэспублікай Беларусь, па-другое, займаюць вельмі доўгі перыяд часу – да некалькіх гадоў ад моманту паведамлення. Яшчэ адзін варыянт – чакаць зменаў ва ўнутранай палітыцы і спрабаваць дамагацца перагляду справы.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Да вас прыйшлі з ператрусам. Што раіць праваабаронца

• Текст доступен на языке: Русский