Святлана Ціханоўская. Фота Настассі Уткінай.

З набліжэннем вясны прарасійскія прапагандысцкія парталы ўпарта сочаць за выказваннямі лідараў беларускага пратэсту і прадракаюць, што ў Беларусі «гарачай вясны не будзе».

«Рэгіянальная газета» прааналізавала артыкул «Рэвалюцыя ў Беларусі – «гарачай вясны» не будзе» пад аўтарствам Наталлі Грыгор’евай на сайце EurAsia Daily. Грыгор’ева прадстаўленая як аглядальнік па Беларусі і Усходняй Еўропе. Для EurAsia Daily яна піша тэксты з лютага 2020 года, усе яны прысвечаныя беларускай павестцы. Спачатку аўтар аналізавала сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, магчымасць глыбейшай інтэграцыі, а з пачаткам пратэстаў робіць агляды па пратэснай актыўнасці і далейшай будучыні Беларусі.

У артыкуле «Рэвалюцыя ў Беларусі – «гарачай вясны» не будзе» галоўная ідэя паўстае ў тым, што цяпер у беларускай апазіцыі няма ні ідэй, ні патэнцыялу, каб беларускі народ масава выйшаў на пратэсты. Грыгор’ева разбаўляе гэты пасыл меркаваннямі пра русафобскія погляды лідараў апазіцыі і пра знікненне некаторых з іх.

Ціханоўская і страта вуліц

Напрыканцы лютага Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю швейцарскаму штодзённіку Le Temps. У ім яна адказала на пытанне журналіста, дзе адбываецца цяпер беларуская рэвалюцыя.

– Мы страцілі вуліцу, бо супраць нас гвалт, зброя… Таму на дадзены момант выглядае, што быццам бы мы страцілі [вуліцу].

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсліваў, што большасць СМІ далі недакладны пераклад інтэрв’ю. Грыгор’ева пачынае свой артыкул з памылковага перакладу цытаты Ціханоўскай, у якой лідар беларускага пратэсту нібыта кажа, што пратэст прайграў.

У сваю чаргу Грыгор’ева дапаўняе, што гэтыя словы Ціханоўскай фактычна сталі кропкай у беларускіх пратэстах, якія адбываліся ад жніўня 2020 года.

Грыгор’ева ўдакладняе, што страта вуліц з боку пратэстоўцаў адбылася некалькі месяцаў таму, а беларуская ўлада перайграла сваіх праціўнікаў, аднак гэта ўсё роўна не перамога Лукашэнкі. Аўтар не ўдакладніла, калі гэта перамога ў Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца.

Напрыканцы артыкула Грыгор’ева зноўку паўтарае, што беларуская ўлада не перамагла ў сітуацыі з пратэстамі. І робіць выснову «Пакуль беларуская ўлада валодае кантролем за сілавым блокам, а рабочыя на прадпрыемствах стабільна атрымліваюць заробкі, ніякага сур’ёзнага палітычнага ўзрушэння не прадбачыцца». Як мяркуе аўтар артыкула, масавых пратэстаў не адбудзецца да нейкіх падзей (напрыклад, такіх, як гвалт у жніўні). Калі такое адбудзецца, то гэта зможа прымусіць Лукашэнку прыступіць да транзіту ўлады.

Русафобія – галоўны трыгер, а Пуцін – партнёр

Грыгор’ева шмат піша ў артыкуле, што беларуская апазіцыя выступае з, так бы мовіць, русафобскіх пазіцый. Маўляў, штогод беларусы адзначаюць 25 сакавіка з антырасійскімі лозунгамі і з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Цяперашнюю рыторыку Ціханоўскай аўтар артыкула таксама апісвае з выкарыстаннем розных эпітэтаў пра русафобію і нацыяналізм. Грыгор’ева пазіцыянуе Лукашэнку як абаронцу Беларусі ад нацыяналістычных ідэй і добрага партнёра для Пуціна.

«Чарговым штуршком для павышэння градуса русафобіі ў радах беларускай апазіцыі стала мінулая, 22 лютага, сустрэча ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным», – піша Грыгор’ева.

Аўтар лічыць, што апазіцыя мяркуе, што абвінавачанні Лукашэнкі ў продажы незалежнасці выведуць людзей на вуліцы. Аднак Грыгор’ева адзначае, што такога ніколі не было. Аўтар усё-ткі памыляецца: напрыклад, у 2019 годзе праходзілі масавыя пратэсныя акцыі супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй.

Разважанні Грыгор’евай наконт сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі завяршаюцца падсумаваннем, што Лукашэнка пакуль што адзіны варыянт для Крамля для кантролю беларускага кірунку.

«Выцясненне з памяці беларусаў імён тых, каго лічылі апанентамі Лукашэнкі»

Напаследак аўтар артыкула пра немагчымасць вясновых пратэстаў удакладняе, што адбылося ў інфармацыйнай прасторы з лідарамі пратэсту.

Грыгор’ева шчыра здзіўляецца, што ў лютым у параўнанні з летам 2020 года СМІ менш пішуць пра апанентаў Лукашэнкі перад выбарамі ў мінулым годзе.

Аўтар расказвае пра Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца. Яна ўдакладняе, што «прадстаўнікі старой беларускай апазіцыі аказаліся за кратамі яшчэ да правядзення прэзідэнцкіх выбараў», але не дадае, што журналісты не могуць наўпрост камунікаваць з імі. Па словах Грыгор’евай, такі ж лёс забыцця чакае Сяргея Ціханоўскага і Марыю Калеснікаву. Падстаў, чаму так павінна адбыцца, яна не прыводзіць.