Фота Social Weekend. Фатограф Сяргей Гапон стаў пераможцам конкурса сацыяльных праектаў Social Weekend з праектам Kreva Create. Вынікам павінен быў стаць творчы фэст ў 2020 годзе, але мерапрыемства адклалі.

Ідзе 16-ы сезон найбуйнейшага ў краіне конкурса сацыяльных праектаў  Social Weekend.

Удзельнікамі гэтага конкурса ў мінулыя сезоны былі вілейскі скейт-парк, маладзечанская «Вуліца стрыт-фуда» і іншыя ініцыятывы, у выніку якіх змянялася асяроддзе.

У гэтым сезоне конкурса за выхад у чвэрць фінала змагаецца больш за 300 праектаў. Гэта ініцыятывы экалагічных, адукацыйных, культурных, спартыўных і іншых накірункаў. Прызавы фонд конкурса складае каля ста тысяч рублёў. Іх раздзеляць паміж пераможцамі конкурсу, гэтыя сродкі пойдуць на ўвасабленне заяўленага праекта. Каб атрымаць сродкі, неабходна прайсці ўсе этапы конкурса.

Народнае галасаванне – адзін з этапаў конкурсу. Такім чынам праекты правяраюць на запатрабаванасць, аўтары ідэй атрымліваюць зваротную сувязь і рэакцыю экспертаў.

50 каманд, якія пройдуць у чвэрцьфінал, змогуць прайсці адукацыю у галінах маркетынгу, бізнес-мадэлявання, прасоўвання, брэндынга і іншых накірункаў, дзякуючы якім атрымаецца палепшыць задумку.

Галасаванне пройдзе да 21:00 панядзелка, 22 сакавіка.

Кожны з праектаў мае чатырохзначны код. Каб прагаласаваць, патрэбна адправіць гэты код без прабелаў і іншых знакаў на кароткі нумар 7755. У залежнасці ад аператара цана паведамлення абыйдзецца каля аднаго рубля. Падтрымаць праект з аднаго нумара можна толькі адзін раз. Галасаваць можна за любую колькасць удзельнікаў.

Хто ўдзельнічае з рэгіёна

Убачыць увесь спіс праектаў канкурсантаў і пабачыць код, які дасылаць для галасавання, можна на сайце socialweekend.by. Раскажам пра некалькі праектаў, якія прапануюць прадстаўнікі нашага рэгіёна.

У Ашмянах задумалі тры праекты, якія тычацца здаровага ладу жыцця. Адзін з іх дапаможа без перашкодаў перамяшчацца людзям з інваліднасцю. У межах другога плануюць набыць ложак у рэанімацыю для пастаяннага знаходжання ляжачага пацыента. Такі ложак вельмі дапаможа хвораму. А медыкам будзе прасцей яго даглядаць. Трэці праект накіраваны на тое, каб уладкаваць вуліцы і памяшканні трэнажорамі і спартыўным інвентаром.

Задумалі стварыць дзіцячую пляцоўку ў Дашкольным цэнтры развіцці дзіцяці ў Ашмянах. У цэнтры ёсць інтэграваная група, дзе займаюцца дзеці з ДЦП. Для іх няма ўмоў для прагулак. Выправіць гэта мяркуюць з дапамогай конкурса.

Яшчэ адна ініцыятыва ашмянцаў – інклюзіўны пляж у рысе горада. Для гэтага патрэбна расчысціць ўчастак гарадскога пляжа, каб на яго было прасцей трапіць. Выкласці цвёрдае пакрыццё да вады, зрабіць плаўны ўваход у ваду.

На тэрыторыі Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі плануюць уладкаваць скаладром. Аўтары лічаць, што скаладром прыцягне падлеткаў да актыўнага баўлення часу і ўмацуе здароўе.

Таксама смаргонцы хочуць арганізаваць у горадзе скейт-парк. Цяпер падлеткі займаюцца скейтамі на плошчы, дзе замінаюць мінакам, а мінакі – ім.

Маладзечанцы задумалі стварыць валейбольную лігу для школьнікаў раёна. Яна аб’яднае каманды Радашкавічаў, Алёхнавічаў, Краснага, Чысці. Паміж камандамі будуць ладзіць чэмпіянаты цягам навучальнага года. Яшчэ адна ідэя – стварыць караткаметражны фільм пра захаванне мэтаў устоўлівага развіцця на прыкладзе рэалізаваных праектаў у Маладзечне ад 2015 года.

У працяг развіцця прасторы ў Маладзечне з’явіўся праект URBAN CUBE – серыя аб’ектаў гарадскога дызайна, якія будуць прыцягваць мясцовых жыхароў да сумесных дзеянняў. Такіх аб’ектаў задумалі чатыры: першы – для актыўнага адпачынку і даследавання для дзяцей і падлеткаў. Другі – для абмену кнігамі, рэчамі, цацкамі, ідэямі. Трэці – пляцоўка для выставаў, тэатральных прадстаўленняў, кінапраглядаў, рухомых практык. Чацвёрты – для сустрэч і размоў мясцовых жыхароў.

Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend існуе больш за сем год. За гэты час у ім удзільнічала каля 4000 ідэй. За гэты час дзякуючы конкурсу праекты атрымалі падтрымку ў больш як 400 тысяч долараў і эквіваленце.

Арганізатар Social Weekend – мясцовы сацыяльны фонд «Добра», мэта якога – прыцягненне рэсурсаў бізнесу: інтэлектуальных, грашовых і іншых – для інвеставання ў сацыяльныя стартапы і дасягненне мэт устойлівага развіцця. Фонд таксама з’яўляецца Офісам Сеткі Глабальнага дагавора ААН у Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский