Падчас вучэнняў. Скрын з відэа СТБ.

Унутраныя войскі сумесна з іншымі падраздзяленнямі МУС правялі планавыя вучэнні і адпрацавалі супрацьдзеянне масавым беспарадкам. Пра гэта паведамілі ў навінавай праграме на СТБ, піша Tut.by.

Афіцэры і салдаты трэніраваліся спыняць парушэнні і на шырокіх вуліцах, і ў дварах. Таксама адпрацавалі прымяненне спецыяльных сродкаў. «Па выніках пастаўленыя задачы былі выкананы асабістым складам на выдатна. Сілавікі прадэманстравалі, што любыя незаконныя масавыя мерапрыемствы скончацца, нават не пачаўшыся», – прагучала ў сюжэце.

Каментуючы вучэнні, намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што «пратэстны рух практычна сышоў на нішто», «сапраўдны народ Рэспублікі Беларусь — працоўны, яго не падтрымлівае», таму масавай акцыі не атрымаецца. Да таго ж міліцыя будзе працаваць на апярэджанне.

— Але калі яны і выйдуць дзесьці, скажам так, нейкімі сваімі дзясяткамі, праваахоўнікі гатовыя, праваахоўнікі ведаюць, хто яны такія, нам не трэба час разбірацца, што гэта за з’ява. Гэта абсалютныя ворагі нашай дзяржавы, нашага ладу, і мы з імі вельмі хутка разбярэмся. Будзем нават старацца працаваць дзесьці на прэвентыўнае затрыманне, для таго каб і гэтых спробаў не было.

А калі выйдуць, усё, што было, мы з вялікім задавальненнем паўторым, – заявіў Карпянкоў.

• Текст доступен на языке: Русский