Каханне смаргонцаў Цімафея Петунова і Рымы Пляхімовіч нарадзілася на пратэстах. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

З’язджаць з Беларусі Цімафей Петуноў не планаваў. У Смаргоні ён жыве ад 2016 года. Тут – бацька, браты-падлеткі, сябры, сямейны бізнес. Тут – каханне. Але 17 сакавіка мужчына мусіў пакінуць Беларусь не па сваёй волі – на мяжу яго, грамадзяніна Літвы, вывезлі пад канвоем.

31-гадовага Цімафея выслалі з Беларусі за два парушэнні па артыкуле 23.34 яшчэ старога, дасакавіцкага Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Цяпер на працягу пяці гадоў яму забараняецца ўязджаць у краіну.

«Нашы любімыя 23.34 вырашылі яго лёс. Наш лёс», – напісала ў сваіх сацсетках дзяўчына Цімафея, стаматолаг са Смаргоні Рыма Пляхімовіч.

Рыма: Раніца бацькі пачыналася з кавы і радыё «Свабода»

З дзяўчынай Цімафея гутарым пра іх каханне, якое нарадзілася падчас пратэстаў, пра высылку, пра пазіцыю маладых людзей.

Іншай пазіцыі, кажа Рыма, у яе быць і не магло:

– Я сама з Іўеўскага раёна, на мяжы з Ашмянскім. Колькі сябе памятаю, раніца ў дзяцінстве пачыналася з таго, што тата піў на кухні каву і слухаў радыё «Свабода».

Калі на адным з допытаў міліцыянеры пачалі палохаць тым, што паедуць да бацькоў будуць праводзіць ператрус у іх на вачах вяскоўцаў, я адказала, што мае мама з татам мной ганарацца.

Смаргонь – не родны горад Рымы, але ўжо і не чужы для яе. Некалькі год пасля заканчэння медуніверсітэта ў Мінску яна працуе тут стаматолагам.

– Працу сваю вельмі люблю. Смаргонь – горад невялікі, – расказвае Рыма. – Таму праз мае рукі прайшла ці не палова горада і раёна. Спачатку працавала ў дзяржаўнай стаматалогіі. Потым сумяшчала з працай у прыватнай клініцы. І ўрэшце з дзяржаўнай сышла зусім. Мае пацыенты – гэта і мясцовыя міліцыянеры, і следчыя, і чыноўнікі выканкама, іх жонкі і дзеці. З Цімафеем, дарэчы, упершыню ўбачылася пару год таму таксама як доктар і пацыент.

Пра каханне, народжанае падчас пратэстаў

А вось сур’ёзныя адносіны пачаліся якраз падчас жнівеньскіх пратэстаў. Рыма пачала хадзіць на плошчу ад 14 жніўня, калі выйшлі медыкі. Паколькі ў Смаргоні ў яе асабліва нікога не было, хадзіла з калегамі. Кажа, адной было страшна, бо абараніць яе тады не было каму. У жніўні на плошчы ў Смаргоні збіралася шмат людзей, гэта надавала сіл. З’явіліся аднадумцы. Сярод іх – Цімафей.

– Я на плошчы паглядзела на яго і адразу закахалася. І канешне, чакала ініцыятывы ад мужчыны, – прыгадвае Рыма. – А Цімафей – вельмі стрыманы чалавек. Сваіх адносін ён доўга не паказваў.

Нам – па 31 году, але цэлы месяц было нейкае юнацкае каханне. Проста на пратэстах глядзелі адно на аднаго. У мяне ўжо некалькі разоў рукі апускаліся: думала, што не атрымаецца ў нас адносін.

У нейкі час Рыма прыхварэла і перастала па вечарах выходзіць на плошчу. Вось тады Цімафей захваляваўся, пачаў пісаць ёй паведамленні, высвятляць, што здарылася. А была гэта ўжо сярэдзіна верасня, прыгадвае суразмоўца:

– Тады я зразумела, што, відаць, і ён неабыякавы да мяне. Неяк выехалі разам на возера Белае. Сядзелі ў машыне, размаўлялі амаль усю ноч. Размаўлялі б і больш, каб раніцай мне не трэба было на працу. З гэтага часу ўжо і не расставаліся амаль. Не разам былі толькі тады, калі спачатку Цімафея, а пасля нас абаіх забралі на суткі.

Міліцыянеры называлі нас Рамэа і Джульета

Першы раз Цімафея затрымалі ў верасні, калі ён пайшоў у краму па соль. Трымалі трое сутак. Пасля на іх жа асудзілі па 23.34. Другі раз Рыма і Цімафей апынуліся на сутках разам па падазрэнні ў тым, што ўдзельнічалі ў мітынгу ў Жодзішках, каля дома старшыні Смаргонскага райвыканкама. Рыму прызналі вінаватай адразу, Цімафея – крыху пазней. Хаця, па словах суразмоўцы, у тым мітынгу яны не ўдзельнічалі.

Прыгадвае, што калі сядзелі ў розных камерах на сутках, то крычалі адно аднаму пра сваё каханне:

– Міліцыянеры нам нават заўваг не рабілі. А калі мы пасля сутак сыходзілі дамоў, казалі: «Вяртайцеся да нас. Калі мы яшчэ пабачым такіх Рамэа і Джульету».

Да высылкі Цімафея пакінулі ў РАУС

Рыма прызнаецца, што да праблем з міграцыйнай службай ужо былі гатовыя. Незадоўга да гэтага пазбавілі пасведчання на права жыхарства бацьку Цімафея, грамадзяніна Расіі, смаргонца Ілью Петунова. У канцы года ў Цімафея чакаўся суд усё яшчэ па той справе ў Жодзішках. Чакала вынікаў суда і міграцыйная служба.

– Але пахварэлі многія ўдзельнікі працэсу, пра суд нам ніхто не паведамляў, – працягвае Рыма. – А 1 студзеня заканчваўся тэрмін, у які разглядаецца адміністрацыйная справа. 31 снежня мы паехалі адзначаць Новы год да маіх бацькоў. І тут, каля 16 гадзін, Цімафею тэлефануе сакратар суда і кажа, што яму трэба з’явіцца ў бліжэйшыя паўгадзіны. Канешне, мы прыехаць не змаглі. Вярнуліся ў Смаргонь 4 студзеня. Цімафей пайшоў у суд, дзе даведаўся, што справу разгледзелі без яго і прызналі вінаватым.

Атрымаўшы афіцыйны ліст, Цімафей у пачатку сакавіка прыйшоў у міграцыйную службу, дзе яго пазбавілі пасведчання на права жыхарства і далі даведку, якой можна пэўны час карыстацца замест пашпарта. 10 сакавіка ў РАУС прызначылі пасяджэнне па пытанні высылкі.

– Да 12:00 я адвезла Цімафея ў міліцыю. Прайшла гадзіна-паўтары.

І тут я атрымліваю паведамленне ад яго: «Чакай. Высылаюць. Перададуць паперу». Я зразумела, што да высылкі Цімафея не выпусцяць, і расплакалася.

Тут жа выйшлі прадстаўнікі міграцыйнай службы і РАУС і паведамілі, нават са спачуваннем, што да высылкі Цімафей сапраўды застанецца ў міліцыі. А 17 сакавіка яго пад канвоем вывезуць на мяжу. Канешне, у мяне здарылася істэрыка, – прыгадвае Рыма.

З’ехаць у Літву за каханым? – Не

Пытаюся ў суразмоўцы, ці гатовая яна паехаць у Літву ўслед за каханым.

– Не. Не магу цяпер усё кінуць і з’ехаць. – Я дзесяць год у прафесіі. Шмат чаго тут дасягнула. Стаматолагам хацела стаць ад 13 год. Усяго дабівалася сама. Праўда, бацька пераконваў вучыцца ў Польшчы і я нават збіралася. А пасля зразумела, што хачу быць у сваёй краіне. Сёння шмат дактароў-аднакурснікаў з’ехалі ў Штаты, Польшчу, Канаду, Германію. А я не хацела б ісці на такое. Лічу, чым ехаць у нікуды, лепш застацца тут і перачакаць.

Веру: сённяшняя сітуацыя – яна ненадоўга. З намі ўвесь свет. А з Цімафеем мы ўпэўненыя ў сваіх пачуццях. Магчыма, праз нейкі час сустрэнемся на нейтральнай тэрыторыі і разам з’ездзім у адпачынак. Мы маладыя, здаровыя. А цяжкасці – гэта ўсё часова.

Часам нават сорамна за свае эмоцыі, калі думаеш пра людзей, якія месяцамі сядзяць у турме.

• Текст доступен на языке: Русский