Пра тое, колькі мы аддаём грошай дзяржаве і на што ідуць нашы падаткі, мы папрасілі расказаць аналітыка праекта «Кошт урада» Жанну Кулакову.

1.) Калі я атрымліваю на рукі 600 рублёў заробку, то колькі з таго, што я зарабіў, ідзе дзяржаве?

Перад тым, як зарплату выдаюць на рукі, з яе робяць абавязковыя ўтрыманні – 13% падаходнага падатку і 1% унёску ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. З заробку, якую выдаюць на рукі, і гэтых адлічэнняў фарміруецца налічаная зарплата. Працадаўца дадаткова пералічвае ў ФСАН 34% ад налічанай зарплаты.

 Калі хтосьці атрымаў 600 рублёў на рукі – значыць, у бюджэт і ФСАН ён ужо аплаціў 335 рублёў.

Пасля чалавек будзе траціць грошы і зноў плаціць падаткі. Напрыклад, падатак на дададзеную вартасць, які ўключаюць у цану большасці тавараў і паслуг па стаўцы 20% акцызы. Яны хаваюцца ў цане алкаголю, табака і аўтамабільнага паліва. А таксама выплачваюць падаткі на ўласнасць, на дамашніх жывёл і іншыя. Гэтыя траты індывідуальныя, залежаць ад таго, што менавіта набывае чалавек.

2.) Калі ў нас бясплатная медыцына і адукацыя, то адкуль на іх бяруцца грошы?

З бюджэту, а 85% бюджэту напаўняецца з нашых падаткаў. Гэтыя сферы ў асноўным фінансуем мы сваімі падаткамі. Атрымліваецца, што насамрэч гэта не бясплатныя паслугі – мы плацім за іх дзяржаве немалыя грошы.

3.) Часам падчас пратэстаў актывісты кажуць міліцыянерам: «Вы жывяце за нашы падаткі, мы ж вам плацім». Тыя адказваюць: «А мы таксама падаткі плацім, так што вы нам нічога не плаціце». Хто тут памыляецца?

Міліцыянеры, безумоўна, таксама плацяць падаткі, але на падаткі ідзе толькі частка іх заробку, а не ўвесь. Тое, што застаецца ў міліцыянера на руках пасля выплаты падаткаў – гэта грошы іншых падаткаплацельшчыкаў. Так што калі хтосьці кажа любому бюджэтніку «мы плацім вам зарплату», то ён мае рацыю.

4.) У Вялікабрытаніі кожны брытанец ведае, колькі з яго бяруць за год на ўтрыманне каралевы. Ці можа беларус даведацца, якую суму ён аддае за год на ўтрыманне Аляксандра Лукашэнкі ці яго вертыкалі ўлады?

На жаль, дакладную суму падлічыць немагчыма, дэталізацыя бюджэтных дадзеных не дазваляе гэта зрабіць.

Напрыклад, вядома, што ў 2021 годзе на дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць прэзідэнта, з рэспубліканскага бюджэту плануюць накіраваць 34 мільёны рублёў, а агулам на дзяржаўныя органы агульнага прызначэння – 827 мільёнаў рублёў.

Гэта не ўсе грошы, ёсць яшчэ фінансаванне мясцовых органаў улады, грошы на якія ідуць з мясцовага бюджэту. Гэтыя лічбы вельмі агульныя і не даюць адказу на пытанне.

5.) Беларусь мае вялікі дзяржаўны доўг. За якія сродкі яго будуць вяртаць? Што будзе, калі не вярнуць? І ці трэба вяртаць, калі ўлада зменіцца?

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня складае 57,8 мільярда рублёў. З бюджэту бяруць грошы на выплату працэнтаў па дзяржаўным доўгу. Напрыклад, сёлета на гэтыя мэты спатрэбіцца 3,1 мільярда рублёў. Гэта грошы падаткаплацельшчыкаў.

Пры гэтым пагашаюць асноўны доўг пераважна за кошт новых займаў або золатавалютных рэзерваў. У 2021 годзе на гэта спатрэбіцца яшчэ 4,9 мільярда рублёў. Атрымліваецца, што агулам за працэнты і асноўны доўг беларусы павінны сплаціць 8 мільярдаў рублёў.

Гэта прыкладна па 850 рублёў з разліку на кожнага жыхара краіны.

Калі доўг не вяртаць, здарыцца дэфолт. Абрынуцца крэдытныя рэйтынгі, пазычаць Беларусі ніхто не захоча, сапсуюцца адносіны з міжнароднымі партнёрамі. Працэс можа дайсці да міжнароднай ізаляцыі. А інвестары, якія ўкладвалі грошы ў беларускія аблігацыі, згубяць свае ўнёскі.

Усе гэтыя даўгі давядзецца вяртаць, якая б улада не была.

6.) Як паўплывае на бюджэт, напрыклад, Маладзечанскага раёна, калі прадпрымальнікі і дробны бізнес раптам з’едуць за мяжу і перастануць плаціць падаткі?

Прыкладна палова кансалідаванага бюджэту Маладзечанскага раёна фарміруецца за кошт падаходнага падатку, яшчэ каля 40–45% складаюць іншыя – падаткі на дададзеную вартасць, уласнасць і іншыя. Такім чынам, непадатковых крыніц фінансавання ў бюджэту практычна няма.

Масавы ад’езд малога бізнесу і скарачэнне падатковых паступленняў прывядуць, у першую чаргу, да скарачэння фінансавання адукацыі і аховы здароўя. Менавіта на гэтыя два кірункі выдаткоўваюць 70–75% кансалідаванага бюджэту Маладзечанскага раёна.

• Текст доступен на языке: Русский