Як дзейнічаць і абараняць свае інтарэсы ў выпадку, калі да вас прыйшлі з ператрусам, расказвае праваабаронца Алег Мацкевіч.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

1.) Як павінны вас папярэдзіць пра ператрус?

Ніяк. Ператрус – гэта адмысловы від працэсуальнага следчага дзеяння, неадкладнага па сваім характары, накіраванага на выяўленне ў памяшканні або іншым месцы ў якой-небудзь асобы прадметаў, дакументаў і іншага, што можа мець значэнне для крымінальнай справы.

Зразумела, што інтарэсы следства і асобы, у якой мае адбыцца ператрус, дыяметральна супрацьлеглыя, а любое папярэджанне аб меркаваным ператрусе перашкаджае мэтам сілавых структур.

2.) Ці можаце не адчыняць дзверы, калі грукаецца міліцыя?

Калі да вас прыйшлі з тым, каб правесці ператрус, проста не адкрыць дзверы і такім чынам не ўпусціць у дом супрацоўнікаў кампетэнтных органаў не атрымаецца.

Можна не спяшацца адчыняць дзверы, спрабуючы ўдакладніць некаторыя акалічнасці: ці ёсць пастанова аб ператрусе, у сувязі з чым ён праводзіцца, які орган праводзіць, прозвішчы і пасады асоб, якія прыйшлі да вас.

Можна нават паспрабаваць высветліць па тэлефоне, ці сапраўды супрацоўнікі названага органа прыйшлі да вас з заяўленымі мэтамі.

У любым выпадку варта памятаць, што патрабаванні органа крымінальнага пераследу, прад’яўленыя ў адпаведнасці з законам, абавязковыя для выканання ўсімі арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі, а пры правядзенні ператрусу могуць адкрываць замкнутыя памяшканні і сховішчы, калі ўладальнік адмаўляецца добраахвотна іх адкрыць. У вас будзе досыць абмежаваная колькасць часу, каб адцягнуць увагу гасцей, хаця б з тым, каб папярэдзіць аб ператрусе сваіх знаёмых і адваката.

3.) Калі ў кватэры ёсць дзеці або іншыя члены сям’і, якія не маюць дачынення да справы, ці можна, каб яны не былі дома?

Усё залежыць ад волі кіраўніка аператыўнай групы, якая праводзіць ператрус. Згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, следчы або асоба, якая ажыццяўляе дазнанне, мае права забараніць асобам, якія знаходзяцца ў памяшканні або месцы, дзе праводзяцца ператрус або канфіскацыя, і асобам, якія прыходзяць у гэтае памяшканне або месца, пакідаць яго, а таксама мець зносіны адзін з адным ці іншымі асобамі да заканчэння ператрусу ці выемкі.

4.) Як засцерагчыся ад таго, каб не падкінулі тое, што не належыць вам?

Па-першае, не дапускаць, каб ператрус адбываўся адначасова ў розных памяшканнях кватэры ці жылога дома. Калі гэта ўсё ж адбываецца, трэба зрабіць заўвагу следчаму аб незаконнасці дзеянняў групы і пасля занатаваць яе ў пратаколе ператрусу.

Па-другое, не кранаць рэчы, якія раптоўна знайшліся падчас ператрусу і вам не належаць. Адсутнасць адбіткаў пальцаў на іх будзе добрай дапамогай у тым, каб надалей даказаць, што рэчы маюць чужароднае паходжанне.

Па-трэцяе, можна фіксаваць усе дзеянні аператыўнай групы ў пісьмовым выглядзе. Сам факт таго, што вы вельмі ўважліва ставіцеся да працэдуры ператрусу, будзе дысцыплінаваць сілавікоў. Калі з аператыўнай групай прыйшлі незнаёмыя вам панятыя, можна настойваць на тым, каб у іх ролі выступілі вашы суседзі. Папрасіце іх таксама ўважліва сачыць за дзеяннямі аператыўнікаў і запамінаць важныя моманты.

5.) Ці можна патрабаваць пры ператрусе адваката?

Можна. Калі ж вам у гэтым праве адмаўляюць, варта нагадаць службовай асобе змест артыкула 62 Канстытуцыі: кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.

Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Аператыўнікі абавязаны дачакацца прыезду адваката, з якім у вас ёсць пагадненне. Калі ж яго няма – заключыць пагадненне можна на месцы. У выпадку адмовы ў патрабаванні адвакацкай дапамогі заносьце заўвагу ў пратакол ператрусу і потым абскарджвайце дзеянні сілавікоў.

6.) Ці можна здымаць на відэа, як у вас праводзяць ператрус?

Звычайна падчас ператрусу аператыўная група самастойна выкарыстоўвае навукова-тэхнічныя сродкі выяўлення і замацавання слядоў злачынства, у тым ліку відэазапіс.

Ці могуць выкарыстоўваць відэазапіс падчас ператрусу іншыя асобы, якія знаходзяцца на месцы працэсуальнага дзеяння, вырашае следчы. Калі такая забарона накладзеная, занатоўвайце дзеянні аператыўнікаў пры дапамозе пісьмовых сродкаў.

7.) А калі здымаюць сілавікі на відэа, ці можна забараніць здымаць? Ці можна забараніць, каб гэта відэа з’яўлялася ў публічнай прасторы?

Забараніць весці відэаздымку аператыўнікам з прычын, пазначаных вышэй, нельга. У той жа час можна патрабаваць, каб следчы, асоба, якая ажыццяўляе дазнанне, прымалі меры для таго, каб не былі апублічаны выяўленыя пры ператрусе і выемцы абставіны прыватнага жыцця асобы, якая займае дадзенае памяшканне, або іншых асоб згодна з артыкулам 210 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Некаторыя юрысты раяць наўпрост пісаць аб забароне на апублічванне звестак аб прыватным жыцці, атрыманых падчас відэазапісу, у пратаколе ператрусу.

8.) Якія дакументы павінны застацца ў вас пасля ператрусу?

Завяршаецца ператрус складаннем пратакола. Згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у пратаколе павінна быць паказана, у якім месцы і пры якіх абставінах знайшлі прадметы, дакументы і каштоўнасці, выдадзеныя яны добраахвотна ці канфіскаваныя прымусова. Усе забраныя прадметы павінны быць пералічаныя ў пратаколе з дакладным указаннем колькасці, меры, вагі, індывідуальных прыкмет і па магчымасці кошце. Копія пратакола выдаецца пад роспіс асобе, у якой рабіўся ператрус.

Перад тым, як падпісаць паперу, варта ўнесці ў яе ўсе свае заўвагі, пералічыць усе заўважаныя парушэнні. Па магчымасці, можна прасіць зрабіць тое ж самае прысутных пры ператрусе панятых.

Што рабіць, калі вас затрымалі. Праваабаронца дзеліцца юрыдычнымі парадамі

Што рабіць, калі затрымалі вашага блізкага

Праваабаронца расказвае што рабіць, калі вас выклікаюць у міліцыю або Следчы камітэт

Вас выклікаюць у суд. Што раіць праваабаронца

• Текст доступен на языке: Русский