– Пойдзем хутчэй. А то вясну прагукаем, – прыспешваюць адзін аднаго ўдзельнікі фальклорнага дзіцячага гурта, што прыехалі на Гуканне вясны ў Вязынку. І адкусваючы ад печаных птушак галовы ды хвасты, лятуць у эпіцэнтр свята.



Я таксама бягу за імі на гару, што побач з домам Купалы, каб не прагукаць. А на гары жанчыны ўжо пачынаюць вяснянкі. І ляціць над малой радзімай класіка дружны спеў.
Сёлетняе гуканне праходзіла па ранейшым сцэнарыі: беларускамоўнае асяроддзе, шмат людзей з фотаапаратамі, віктарыны ад Аховы птушак Бацькаўшчыны, традыцыйныя спевы, вялізны, на ўсю тэрыторыю музея, карагод, гульні, танцы, гандаль беларускімі прысмакамі і напоямі, а таксама сувенірамі, аздобленымі партрэтамі Купалы ды Каліноўскага.



Па-ранейшаму кружлялі над Вязынкай папяровыя птушкі і яркія стужкі, уздымаліся арэлі, прымацаваныя на вялізным дрэве. А з мінскай і маладзечанскай электрычак усё падыходзілі ды падыходзілі новыя ўдзельнікі.
Нязвыклым сёлета быў хіба што снег. Ён шчодра ўслаў купалаўскія пагоркі і берагі ракі, але ўсё сыпаў і сыпаў яшчэ…





Фота аўтара.