"Кудесники". 1971 год. Пачатак творчага шляху.

У сярэдзіне 1970-х у Вілейцы з’явіўся першы вакальна-інструментальны ансамбль. Маладыя сімпатычныя хлопцы з гітарамі, ударнікамі, клавішамі давалі канцэрты і ігралі на танцах па выхадных.

У музычную гісторыю Вілейкі гурт увайшоў пад назвай «Кудесники». Чаму «Кудесники»? Бо, не маючы ні дарагіх інструментаў, ні якаснай апаратуры, ні патрэбнай музычнай адукацыі, хлопцы змаглі стварыць першы ВІА ў Вілейцы.

Пра гісторыю стварэння калектыву і музычнае жыццё Вілейшчыны ў 1960-1970 гадах у сваіх успамінах піша віляйчанін, музыкант, колішні стваральнік і кіраўнік «Кудесников» Уладзімір Балбачан.

Музычная Вілейка сярэдзіны 1960-х

Наколькі памятаю, у 1964 годзе ў Вілейцы, у гарадскім парку, на танцах яшчэ іграў духавы аркестр пад кіраўніцтвам Мікалая Скараходава. Часам яго падмяняў Дзмітры Бекеш – лепшы трубач аркестра.

Рэпертуар быў такі ж, як і ва ўсіх духавых аркестраў той пары. У 1965 годзе я ўжо пачаў хадзіць на танцавальныя вечары, працаваў на рамонтным заводзе і вучыўся ў вячэрняй школе. Тады на танцах іграў джаз-аркестр пад кіраўніцтвам выпускніка Маладзечанскага музвучылішча Валерыя Старавойтава – моцнага джазавага музыканта-трубача. Шкада, што прабыў ён у Вілейцы года паўтара. Пасля яго запрасілі кіраваць аркестрам у новы Салігорскі Палац культуры.

У Вілейцы яго аркестр іграў амерыканскі джаз, блюзы, шмат п’ес у стылі свінг. Гэта была зусім іншая музыка ў параўнанні з духавым аркестрам, вялікі прарыў у эстраднай музыцы Вілейкі. Не было толькі гітар і вакальных спеваў.

Добрую інструментальную музыку ігралі мае аднагодкі: на саксафонах – Анатоль Фінкельштэйн і Юра Агапаў, на трамбоне – Гена Прылепскі, на кантрабасе – Лёва Капцелаў, на ўдарных – Валодзя Петрашэвіч. А яшчэ на саксафоне іграў Юра Маліноўскі. Разам з ім мы вучыліся ў СШ №2. А з яго братам, Яўгенам, у 1970-х стварылі першы ў Вілейцы вакальна-інструментальны ансамбль.

Чым скончыўся першы музычны эксперымент на танцпляцоўцы

У той час я пачынаў іграць на сяміструннай гітары. Захапляўся дваровай музыкай, блатнымі песнямі. Цяпер гэта называецца «шансон». Пазней захапіўся бардаўскай песняй – Высоцкім, Візбарам, Гарадніцкім, Кукіным. Асабліва падабаўся Юры Візбар. Падабаецца і цяпер.

На гітары тады добра ніхто не іграў.

Крыху спрабаваў на шасціструннай мой сябар і аднакласнік Барыс Петрашэвіч. Ён ведаў некалькі акордаў і іх абазначэнне. Гэта ўсё яму паказаў сваяк, што прыязджаў з Гродна і іграў там у нейкім ансамблі. Барыс быў сучасны хлопец, любіў «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», меў цудоўную памяць.

Асабліва добра даваліся яму замежныя мовы: ведаў нямецкую, польскую, крыху англійскую. Вось з ім мы ўпершыню і паспрабавалі іграць песні «Бітлз», замежных і айчынных выканаўцаў. Ігралі ў дзве гітары – сола і рытм, перыядычна мяняючыся. Бас-гітары пакуль не было. Ігралі песні гурта «Спяваючыя гітары» – «Дай памарыць», «Дом Узыходнага сонца», «Прыцемак» («Сумерки») і іншыя. Набралі невялікі рэпертуар, прыкладна 12-15 кампазіцый.

Летам 1967 года, калі аркестра на танцпляцоўцы не было, мы рызыкнулі сыграць на танцах хаця б адно аддзяленне, 45-50 хвілін. Спачатку іграў прайгравальнік ці магнітафон, а пасля – мы: Барыс Петрашэвіч, Васіль Хаценчык і я.

Дэбют наш аказаўся няўдалым. Сыгралі адно аддзяленне. Бачым: народ глядзіць на нас, як на цуд, ніхто не танцуе.

Ды і хуткіх п’ес у нашым рэпертуары амаль не было. Пераважна – павольныя блюзы. Калі зайграў магнітафон, народ пайшоў танцаваць. Больш падобных эксперыментаў мы не праводзілі.

Поспех прынёс новы 1971 год

У мяне пачалося іншае жыццё. У 1968 я адвучыўся ў Мінску на электрагазазваршчыка і стаў працаваць на МАЗе.

У Вілейцы бываў рэдка. У сталіцы яшчэ больш захапіўся бардаўскай песняй. Ужо падчас службы ў войску атрымаў ліст ад вілейскага сябра Анатоля Ахунзянава. Ён падрабязна апісаў мне музычнае жыццё ў Вілейцы і Мінску. Пісаў, што ўсюды ствараюцца вакальна-інструментальныя ансамблі, напрыклад, «Лявоны», а пасля «Песняры». Прапанаваў стварыць ВІА і нам у Вілейцы, на базе рамзавода, калі я вярнуся з войска. Паведаміў, што ў Вілейцы ёсць добрыя музыканты – Жэня Маліноўскі і Уладзімір Абрамчук. Я пагадзіўся.

Вярнуўшыся ў Вілейку, паспрабаваў увайсці ў новую музычную плынь. Спатрэбілася нямала сіл. Музычнай адукацыі не хапала, у свой час скончыў толькі клас баяна ў музычнай школе. Не хапала і навыкаў ігры на шасціструннай гітары. Мусіў за два-тры месяцы перавучвацца з сяміструннай на шасціструнную. Пазнаёміўся з вілейскімі музыкантамі. Жэня Маліноўскі добра іграў на гітары, чыста спяваў, быў добрым аранжыроўшчыкам, умеў выстройваць трохгалосыя вакальныя партыі, ведаў літарныя абазначэнні акордаў. Для мяне ўсё гэта пакуль было новым. З часам я асвоіў шасціструнную гітару і спевы трохгалоссем, але асабліва падабалася спяваць сольна. Стройна пеў у трохгалоссі і Валодзя Абрамчук. А Анатоль Азунзянаў, патрэніраваўшыся ў Мінску, у аркестры тэхналагічнага інстытута, ужо нядрэнна іграў на ўдарных і саксафоне.

Пачалі рэпеціраваць, рыхтавацца да новага, 1971, года. Лідарам быў Жэня. Ён рабіў аранжыроўкі, без нот выбудоўваў вакальныя партыі. Часам мне было нялёгка маральна.

Думалася: гэты малады хлопец вучыць мяне, дарослага мужыка, які адслужыў у войску.

Але я вучыўся, гадзінамі не выпускаў з рук гітару. Прыходжу з працы на рамзаводзе, паем – і адпрацоўваю акорды, запамінаю тэксты, вучу вакальныя партыі. Жэню я і сёння ўдзячны за падтрымку ў маёй музычнай адукацыі. Гэтыя гады сталі перыядам майго станаўлення не як гітарыста-барда, а як эстраднага выканаўцы.

Першае наша выступленне прайшло ў клубе рамзавода. Выступілі вельмі добра, нас адразу заўважылі. Пасля з поспехам выступілі на пераднавагоднім карнавале ў СШ №3. А з 1 студзеня 1971 года нас запрасілі іграць пастаянна, па суботах і нядзелях, на танцах у гарадскім Доме культуры.

Ад студзеня фурор у ДК быў ашаламляльны. Такога ў нашым горадзе яшчэ не было. Чацвёра сімпатычных хлопцаў, новае гучанне электрагітар, спевы ў тры галасы, добрыя новыя песні, якіх яшчэ ніхто не чуў… А песні былі такія – «Сонца скрозь лістоту», «Першы сонца прамень», «За акном чаромха калышацца». Старыя песні, але ў новай аранжыроўцы Жэні, запальвалі моладзь. Ды недзе на пачатку лютага Жэня аб’явіў, што сыходзіць, бо яму трэба вучыцца. За сябрам пайшоў і Валодзя Абрамчук. Мусіў я стаць лідарам і кіраўніком ансамбля. Тым больш, за ігру на танцах нам ужо пачалі плаціць грошы, хай і невялікія.

Як з’явіліся «Кудесники»

Мы засталіся ўдвух: я і Толя Ахунзянаў. Патрэбныя былі новыя музыканты. Але дзе іх браць? Давалі аб’явы, пыталіся-перапытваліся ў соцень людзей: магчыма хтосьці ў войску іграў на гітары або ў мастацкай самадзейнасці? Так знайшлі новых музыкантаў. Амаль месяц не ігралі на танцах, працавалі над рэпертуарам. З’явілася бас-гітара, на якой іграў Віктар Станкевіч – добры музыкант, хутка ўсё схопліваў, толькі амаль не спяваў. Другім музыкантам аказаўся мой сусед па Стаханаўскай вуліцы Клім Дзержавец. Дарэчы, яго дачка Алеся спявае ў аркестры Фінберга. Клім цудоўна спяваў, любіў саліраваць, сам складаў песні. Ужо падчас працы ў ансамблі засвоіў рытм-гітару. І ўсё стала на свае месцы. Ахунзянаў па-ранейшаму іграў на ўдарных. Крыху пазней яго часам стаў замяняць Слава Саўчыц. У ДК нарэшце набылі ўдарную ўстаноўку з Рыгі, пару балгарскіх гітар «Іаланта», бас-гітару «Арфей», узмацняльную апаратуру, самы танны варыянт клавішаў «Іоніка». Гэта быў невялікі рух наперад.

“Кудесники” 1971 год.

Назва «Кудесники» з’явілася бліжэй да лета 1971. Чаму? Бо мы амаль з нічога, не маючы нармальнай апаратуры, добрых інструментаў, без сапраўднай музычнай адукацыі, змаглі скарыць людзей сваёй простай, добрай музыкай і вакалам.

Спявалі Антонава, Дабрыніна і нават «Бітлз»

У верасні 1971-га я паступіў завочна ў Маладзечанскае музвучылішча. І тады ж афіцыйна ўладкаваўся на працу ў ДК кіраўніком ансамбля. Праўда, ад канца 1972 і да сярэдзіны 1973 у ансамблі не іграў. Я жаніўся. Трэба было думаць пра больш надзейную працу, заробак, кватэру. Таму пайшоў зваршчыкам. Гэта было памылкай. Ансамбль пачаў прыходзіць у заняпад і на танцах амаль не іграў.

Дырэктар ДК Уладзімір Старавойтаў неяк пры сустрэчы запрасіў вярнуцца. Паабяцаў набыць новую апаратуру і дапамагчы з кватэрай. Я пагадзіўся. Пры мне прыйшлі новыя людзі – Алег Зайцаў і Алег Свінтухоўскі. Такім чынам восенню 1973 года наш склад стаў іншым: дадаўся клавішнік Алег Зайцаў, гітарыст сола-рытм Уладзімір Барысенка, на бас-гітары ўжо іграў Анатоль Падрэз, на ўдарных – Васіль Герасімчык. З першага складу групы застаўся толькі Клім Дзержавец.

Алег Зайцаў сапраўды ўпрыгожыў нашу групу. Сола цяпер гучала не толькі на гітары, але і на сінтэзатары. Ён спачатку крыху саромеўся. Відаць, таму, што меў толькі 15 год. Пасля стаў іграць упэўнена, імправізаваў. А паступіўшы ў музвучылішча, зайграў яшчэ лепш.

У нас у рэпертуары сталі з’яўляцца інструментальныя мелодыі «Ціка-ціка Абрэ», мелодыя з фільма «Шэрбургскія парасонікі», з рэпертуару аркестра Поля Марыа, мой уласны блюз «Пад небам Прыбалтыкі».

І ўсё ж народ больш любіў нашы спевы. Рэпертуар быў шырокі – шмат з Юрыя Антонава, Вячаслава Дабрыніна, Анатоля Дняпрова, ансамбля «Арызонт». А нашай фірменнай была песня «Восень». Замежных песень было няшмат. Клім і я вывучалі нямецкую, а большасць замежных песень былі на-англійскай, італьянскай, французскай, іспанскай.

Англійскую ведаў толькі Алег Зайцаў. Вось ён і спяваў «Бітлз». А нам з Клімам пісаў па-руску транскрыпцыі гэтых песень. Аднак сола мы не спявалі, бо вымаўленне было дрэннае. Часам падпявалі некаторыя партыі. Мы спявалі на польскай мове, з ёй праблем не было. У дзяцінстве мы з Клімам жылі на Стаханаўскай, а там шмат сямей ведала польскую мову. Памятаю «Не спочнемы», «Закоханы», «Уцекай моё сэрца» Севярына Краеўскага. А яшчэ я спяваў па-іспанску «Бэсамэ мучо».

Як прыйшоў у ансамбль школьнік Валеры Скаражонак

У 1974 годзе ў нас з’явіўся новы музыкант – Валеры Скаражонак. Цяпер ён вядомы артыст, экс-саліст «Песняроў». Спачатку ён замяняў на ўдарных Васіля Герасімчыка. А яшчэ Валера цудоўна спяваў.

Толькі ён, 14-гадовы хлопец, тады яшчэ вучыўся ў СШ №2. Настаўнікі ніяк не хацелі яго адпускаць на рэпетыцыі ў ДК.

І ўсё ж я пагутарыў з класным кіраўніком Валерыя Святланай Панковай. І тады Валеры стаў іграць пастаянна. У тойчас у нашым рэпертуары з’явіліся беларускія песні з рэпертуару «Песняроў». 1975 год стаў пікам нашай папулярнасці.

Праблемы і заняпад ансамбля

У 1976 годзе дырэктар паведаміў мне, што ў ДК уладкоўваецца новы чалавек, моцны музыкант Анатоль Шагаў. Ён ажаніўся з віляйчанкай Людмілай Сянкевіч. Анатоль скончыў кансерваторыю па класе харавога дырыжыравання. І ў нас збіраўся арганізаваць добры хор. Хаця нядрэнны хор пад кіраўніцтвам Міхаіла Мельніка ў палацы ўжо быў.

– У цябе ёсць праблемы з бас-гітарай, вось ён і дапаможа, – сказаў тады дырэктар.

Не хаваю, што да прыхода Шагава, у 1975-1976 гадах, у нашым калектыве былі праблемы. На рэпетыцыі музыканты дазвалялі сабе прыходзіць нецвярозымі. Часам і я так рабіў. За гэта і сёння сорамна. А з некаторымі ўдзельнікамі была проста бяда. Даходзіла да таго, што я сам мусіў браць бас-гітару ці іншы інструмент і дайграваць танцы. Ад гэтага цярпела якасць музыкі і адносіны да нас публікі. Рэйтыг ансамбля стаў падаць. На рэпетыцыі прыходзілі не ўсе і не заўсёды. Рэпертуар амаль не змяняўся. Наша музыка крыху надакучыла людзям, з’явіўся новы стыль – дыска. Людзі прасілі англійскіх песень, а мы па пэўных прычынах не маглі іх спяваць.

З прыходам Анатоля Шагава спачатку ўсё зрушылася ў лепшы бок. Пачалі хадзіць на рэпетыцыі. Толя стаў паціху іграць на бас-гітары. Праўда, адразу не зусім так, як трэба, не ў эстраднай манеры. Я рабіў яму заўвагі. Канешне, яму пасля кансерваторыі мае настаўленні было слухаць непрыемна, але ён цярпеў, бо быў музыкантам вышэйшага класа. Іграў на фартэпіяна, баяне, чытаў ноты адразу з ліста.

У Вілейцы музыканта такога ўзроўню тады не было. Ды і цяпер няма.

Хутка ён засвоіў прыёмы ігры на бас-гітары. Але пасля пачаў умешвацца ў вакальныя партыі. Прывёў у ансамбль дзвюх дзяўчат-спявачак. Адну з іх звалі Таццяна Вячэра. Тады ўваходзілі ў моду гурты «АББА», «Боні-М», «Смокі». Песні былі больш складаныя за тыя, што мы выконвалі раней. Шагаў шмат рэпеціраваў, але ўжо больш з тымі дзяўчатамі. Я цяпер часцей іграў на бас-гітары, Толя – на клавішах. Алег Зайцаў да таго часу ўжо паступіў у музвучылішча. Я не разумеў, навошта на танцах такая складаная музыка. Гэта ж не філармонія, не канцэрт.

А тут, у 1976 годзе, калі я заканчваў музвучылішча, атрымаў адразу дзве прапановы: узначаліць самадзейнасць на заводзе «Зеніт» або стварыць эстрадны квартэт у рэстаране «Вілія». Мы з сям’ёй па-ранейшаму жылі з бацькамі ў невялікім доме на Стаханаўскай. А на «Зеніце» паабяцалі кватэру цягам года-двух. У ДК з кватэрай так нічога і не атрымалася. Некаторы час яшчэ працаваў у ДК і падпрацоўваў па выхадных у «Віліі». Арганізаваў квартэт: Уладзімір Навуменкаў – клавішныя і акардэон, Барыс Петрашэвіч – бас-гітара і вакал. На ўдарных іграў Васіль Хаценчык, пасля яго замяніў Сяргей Міронаў – вельмі добры вайсковы музыкант з Магнітагорска. Я спяваў і іграў на гітары сола і рытм. Ганарары былі нядрэнныя. Ігралі папулярныя песні, народную і інструментальную музыку, рэстаранныя хіты. Трэба было ведаць шмат песень на замову – ад застольных да сучасных.

Тры месяцы мусіў лётаць з рэстарана да ДК. Але пасля больш не змог. Тым больш Анатоль Шагаў амаль цалкам узяў на сябе кіраўніцтва ансамблем. Пачаў сам рабіць аранжыроўкі, ладзіць рэпетыцыі. Ды і маіх музыкантаў з першага і другога складу там ужо не было.

У 1990-х я неяк сустрэў Шагава на вуліцы. Ён сказаў, што і самшкадуе, што ўлез тады ў наш калектыў. А пасля ўсё кінуў і сышоў, бо гэта было не яго. Так наш ВІА ў Вілейцы перастаў існаваць. А Шагаў стварыў цудоўны хор і яшчэ некалькі калектываў. А ў 2009 годзе дапамог мне з падпрацоўкай.

Пра музычнае жыццё завода «Зеніт»

Такім чынам, вясной  1976-га я пайшоў працаваць на «Зеніт». Кіраваў мастацкай самадзейнасцю. Працаваў у адным кабінеце з сябрам Віктарам Шудрыкавым, які загадваў сектарам спорту. Стварыў тут ВІА. Ахвотных было шмат. Склад атрымаўся наступны: Людміла Лапцік і яе сяброўка Сільвановіч – скрыпкі, Сямён Пісманік – ударныя, вакал, Анатоль Падрэз (былы ўдзельнік «Кудесников») – бас-гітара, Клім Дзержавец – (таксама з «Кудесников») – вакал, Мікалай Бяссмертны – рытм-гітара, Альбіна Сляпцова – клавішы, Вячаслаў Кічасаў – трубач, Дзмітры Стрэж – саліст. Я быў кіраўніком, іграў сола ірытм на гітары і спяваў.

1976 год. Выступае ВІА завода “Зеніт”.

З поспехам мы выступалі перад работнікамі завода, ладзілі танцавальныя вечары ў фае, перад актавай залай прадпрыемства. З канцэртамі ездзілі да падшэфных калгасаў. Дзей-нічаў на «Зеніце» добры танцавальны калектыў, якім кіравала Людміла Сокал. Быў і абаяльны вядучы Аляксандр Давыдаў. Я наладзіў адносіны з адміністратарам Беларускай філармоніі Валянцінай Івановай. Да нас сталі прыязджаць з канцэртамі калектывы «Верасы», «Чараўніцы», «Карабейнікі», Іван Паповіч з Украіны, Вана Томас з Эстоніі.

Чаму іграць вяселлі не проста

У тым жа 1976-м сябар Анатоль Ахунзянаў прапанаваў невялікім складам іграць вяселлі. Ён ужо адыграў некалькі вяселляў у Ільянскім сельсавеце. Працаваць трэба было тры дні – пятніцу і выхадныя. За гэты час атрымлівалі амаль па сто рублёў на брата. Я сумняваўся. Раней ніхто з эстрадных музыкантаў на вяселлях не іграў, гэта лічылася ганебным. Ігралі вясковыя музыканты-самавукі, пераважна сталыя – цымбалы, баян і бубен. За сталом спявалі толькі народныя і застольныя песні.

Але я пагадзіўся. І першае вяселле мы адыгралі бліжэй да восені 1976 года ў кафэ «Вяснянка». Жаніўся мой знаёмы, мічман вайсковай часці «Антэй» Барыс Баулін. На баяне іграў Уладзімір Ганчарык, мой выкладчык у музшколе, Анатоль – на ўдарных і саксафоне, я – на электрагітары і спяваў. Часам мне падпяваў Уладзімір. Пазней я запрасіў у калектыў Уладзіміра Навуменкава. Ігралі без бас-гітары, але я іграў на гітары з басовымі струнамі і баян дубляваў партыю баса. Ігралі толькі адзін вечар. Зарабілі сто рублёў – на траіх. Пасля спрацавала сарафаннае радыё. Ужо да мяне ў кабінет на «Зеніце» пачалі прыходзіць маладыя і прасілі іграць ім вяселлі.

Звычайна пятніцу і суботу ігралі ў маладой, а ўвечары ехалі да маладога. Ігралі ў клубе або вялікай хаце амаль да чатырох раніцы. У нядзелю з абеду і да 18:00 ігралі «маршы», і вяселле заканчвалася. Многія хацелі, каб на іх вяселлі іграў менавіта наш ансамбль. Спачатку працавалі адны на горад і раён. Гледзячы на наш поспех, іншыя музыканты таксама пачалі ствараць падобныя гурты.

Аднак вяселлі – гэта не проста. Ёсць свае падводныя камяні. Трэба мець моцнае здароўе, акуратна адносіцца да алкаголю і жанчын, каб не страціць сваю сям’ю. Іграць трэба весела, мець харызму, быць энергічным і смелым.

Не ва ўсіх атрымлівалася. А мы ігралі. Часта гучала полька «А чаму ж ты лысы без валос астаўся», кабацкі шансон «В одну минуточку утёнок уточку» з пераходам на «Цыплёнок жаренный». А людзі прасілі: «Хай гэты хлопец на гусаку зайграе». «Гусаком» назвалі саксафон.

Калі ў 1978 годзе Ахунзянаў з’ехаў у Варкуту, на ўдарных стаў іграць Сямён Пісманік – мой добры сябар. Родам ён з Віцебска, ажаніўся з вілейскай дзяўчынай Шурай Петрыкевіч, сяброўкай і аднакласніцай маёй жонкі Людмілы. Сямён быў добрым барабаншчыкам, меў прыгожы барытон, нядрэнна іграў на баяне, мог працаваць як тамада. Ён заўсёды праводзіў «маршы». На іх мы збіралі суму большую, чым нам плацілі за вяселле. Тады рэшту дзялілі паміж музыкантамі і жаніхом. Усе былі задаволеныя.

З-за кватэры – у Варкуту

З-за кватэры, з якой не атрымалася на «Зеніце», перайшоў на «Буддэталі». Жыллё паабяцаў мне тагачасны дырэктар Леанід Шавель. Кватэры я не атрымаў, хоць адпрацаваў там шэсць гадоў: адну палову тыдня – у клубе, другую – зваршчыкам у майстэрні. Я пасля шкадаваў, што сышоў з «Зеніта». Навуменкаў і Пісманік дапамагалі мне з самадзейнасцю на «Буддэталях»: выступалі з канцэртамі, ездзілі ў падшэфны калгас. На прадпрыемстве ў нас быў добры саксафаніст, былы музыкант Калінінградскай філармоніі Валеры Хуртаў і бас-гітарыст, мой выхаванец і сусед па Стаханаўскай Уладзімір Яцэвіч.

Уладзімір Балбачан падчас канцэрта ў Вілейскім ДК.

І ўсё ж па запрашэнні Ахунзянава мусіў ехаць у Варкуту. Тут працаваў зваршчыкам. Кватэру атрымаў за тры месяцы, а праз год – яшчэ большую, трохпакаёвую, у цэнтры горада. У Вілейцы я чакаў гэтай падзеі 11 год.

Але Варкута – гэта іншая старонка майго жыцця і да музыкі яна не мае ніякіх адносін.

Падчас выступлення з Уладзімірам Лапцікам.

Больш даведацца пра творчасць Уладзіміра Балбачана і паслухаць яго песні можна на сайце bard-bal.byethost9.com.

• Текст доступен на языке: Русский