«Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выступае за закрыццё вясновага палявання на вадаплаўных птушак у Беларусі. Цяпер гэта зрабіць немагчыма, таму арганізацыя заклікае паляўнічых ўвесці самаабмежаванні ў вясновы сезон.
Гэта дапаможа зменшыць негатыўны ўплыў вясновага палявання.
«Вайна» не на роўных
У Беларусі ўмовы вясновага палявання на вадаплаўных недарэчна жорсткія ў дачыненні да птушак. У Еўропе, акрамя нашай краіны, такое паляванне дазволена яшчэ і ў Расіі, але тэрмін там карацейшы.
Раней у Беларусь масава прыязджалі паляўнічыя з Заходняй Еўропы і Расіі, каб тыдзень-другі папаліць па птушках, як у ціры. Летась гэтаму перашкодзіў каронавірус, таму абышлося без выпадкаў, калі пад стрэлы трапляюць і самкі, і непаляўнічыя віды.
Аднак нават без удзелу заходнееўрапейскіх паляўнічых прэсінг на вадаплаўных неабгрунтавана вялікі.
Сітуацыю каментуе дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі:
– У Нідэрландах дазволена паляванне толькі на крыжанку, наш заканадаўца дазваляе здабываць дзевяць відаў качак з 23, якія сустракаюцца ў краіне, але большасць паляўнічых дрэнна адрозніваюць віды. Кошт памылкі вясной вельмі высокі. Будзьце ўважлівыя. Не ўпэўненыя – не страляйце.
На якіх птушак дазволена паляваць вясной?
У Беларусі дазволена вясновае паляванне на шэрую гусь, гуменніка, белалобага гусака і чужародную канадскую казарку. У канцы красавіка ў шэрых гусей у Беларусі часта ўжо вылупляюцца птушаняты. Заканадаўца дазваляе страляць гусей без уліку полу і ўзросту. Гусі фарміруюць пары на ўсё жыццё і не размнажаюцца ў бягучым сезоне ў выпадку страты партнёра.
З качак у Беларусі вясновае паляванне дазволенае на самцоў крыжанкі, шыраканоскі, шэрай качкі, чубатую чарнець, чырка-траскунка, чырка-свістунка, а таксама на качараў гогаля і свіязі. Але для качак характэрная сезонная манагамія. Яны фарміруюць пары яшчэ на зімоўкі. Ужо ў кастрычніку пасля аднаўлення шлюбнага ўбору ў самцоў крыжанкі можна назіраць на гарадскіх вадаёмах заляцанне і фарміраванне пары. У прыродзе няма лішніх самцоў. Самец вартуе самку каля гнязда, суправаджае на кармленне і пакідае, толькі пераканаўшыся, што ўсе птушаняты вылупіліся.
Не паляваць вясной на вадаплаўных – у інтарэсах паляўнічых
З-за паляўнічых, якія турбуюць у перыяд заляцанняў і інкубацыі, узнікаюць негатыўныя наступствы на размнажэнні відаў. Не кажучы пра тое, што выпадкова ці з-за няведання пад ружжо трапляюць самкі і забароненыя да здабычы віды.
АПБ звяртаецца да паляўнічых з просьбай не страляць вясной наступныя віды птушак.
Чырок-траскунок – па ацэнцы Чырвонага спісу Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў колькасць гэтага віду ў свеце падае. У Беларусі, па дадзеных арнітолагаў НАН Беларусі, таксама, прычым імкліва. Адстрэл самцоў вясной толькі паскарае гэты працэс.
Шэрая гусь у 2004-2005 гадах была ўключаная ў нацыянальную Чырвоную кнігу, іх было па краіне ўсяго 250 пар. Каб даць папуляцыі аднавіцца, патрэбны мараторый. Гусі вельмі кансерватыўныя, калі ў вас вясной на іх не палююць – яны будуць вяртацца ў гэта месца на гнездаванне разам з птушанятамі на наступны год.
Белалобая гусь – хоць колькасць гэтага гусака расце, ёсць вельмі вялікая рызыка зблытаць яго падчас палявання з вельмі ўразлівым гусаком-піскулькам, забароненым да палявання ў Беларусі. На жаль, амаль кожны год вясной гэты «чырванакніжны» від трапляе тут пад стрэлы.
Гуменнік – колькасць тайговага падвіду гэтага гусака ў свеце скарачаецца.
Акрамя таго, АПБ просіць паляўнічых:
- выходзіць на паляванне толькі ў пачатку сезона, бліжэй да зімы;
- усталяваць для сябе ліміт здабычы, які не дзве птушкі ў дзень.
- не браць на паляванне паўаўтаматычнае ружжо з магазінам, разлічаным на больш чым два зарады. У Заходняй Еўропе яны забароненыя, бо пакідаюць птушкам меншыя шанцы выжыць;
- не выкарыстоўваць электронныя манкі. У Заходняй Еўропе і Расіі яны забароненыя;
- для палявання ў вадаёмах выкарыстоўваць стрэльбы пад стальны шрот, а не свінцовы.
Гэта змякчыць негатыўнае ўздзеянне вясновага палявання на вадаплаўных птушак і дасць магчымасць уразлівым відам аднавіць папуляцыю.
З гэтага года дазволенае і вясновае паляванне на шызых галубоў. Аднак АПБ просіць паляўнічых устрымацца ад стральбы па іх: шызага голуба вельмі лёгка зблытаць у полі з голубам-клінтухом, які знаходзіцца ў Беларусі пад аховай закона.