Фота euroradio.fm.

Як уплывае на эканамічную сітуацыю краіны палітычны крызіс і што можна чакаць у будучым?

Пра гэта расказаў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі.

Ці абрынецца эканоміка

Цяпер эканоміка ў нас не разбураная. Усе складанасці можна адыграць вельмі хутка. Вытворчыя ланцужкі не разбураныя. І за год мы можам выйсці на рост, няхай і невялікі. Нас не чакае такое падзенне, як пасля развалу СССР, калі мы імкліва падалі ўніз, а пасля караскаліся ўверх. Мы пакуль не ўнізе, і няма прычын там апынуцца.

Незразумела, чаму мы павінны кудысьці адкаціцца. Калі з усімі гэтымі стратнымі заводамі мы жывём так, як жывём цяпер, то калі раптам з усімі актуальнымі ведамі паспрабуем наладзіць працу прадпрыемстваў, чаму рэзка станем жыць горш? Магчыма, не пачнём расці па 6% за год, але і падаць не будзем.

Як атрымалася стагнацыя

Пасля развалу СССР эканамічная мадэль краіны была накіраваная на тое, каб накопліваць капітал. Каля 2005 года мы дастаткова накапілі капітал. А галоўнай эканамічнай стратэгіяй улады было па-ранейшаму накапленне капіталу. У выніку вырас дзяржаўны доўг, за які мы плацім 5-6% гадавых у валюце.

Спробы працягнуць экстэнсіўны шлях прывялі да таго, што даўгі раслі, але росту эканомікі не адбывалася. Апошнія дзесяць год у краіне была стагнацыя. Сярэднія тэмпы росту былі крыху вышэй за 1% пры сярэднім сусветным тэмпе ў 3%. Але Беларусь павінна мець лепшы паказчык, таму што краіна мае добры чалавечы капітал, лічыць эксперт.

Даведка «РГ». Экстэнсіўны шлях эканамічнага росту – павелічэнне колькасных фактараў вытворчасці, пры гэтым тэхналагічная база застаецца ранейшай. У супрацьлегласць гэтаму шляху існуе інтэнсіўны. Пры ім выкарыстоўваюць больш эфектыўныя і якасна дасканалыя фактары вытворчасці. Маштабы вытворчасці павялічваюцца за кошт лепшай тэхнікі, навейшых тэхналогій, дасягненняў навукі, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Так павышаецца якасць прадукцыі, расце вытворчасць, зберагаюцца рэсурсы.

Калі б не адбыўся палітычны крызіс, цяпер працягвалася б стагнацыя.

Для эканамічнай сферы праблема нязменнай улады ў тым, што калі ўлада не мяняецца, то ёй складана прызнаць памылкі. Калі да ўлады прыходзіць новы прэзідэнт, яму лёгка агучыць памылкі, якія адбыліся пры папярэдніку. А пасля іх адкрыта выпраўляць.

Што не так з АЭС

Хрэстаматыйны прыклад – Беларуская АЭС. Ідэя станцыі ўзнікла яшчэ ў савецкія часы. Але тады не было б праблемы, што Літва адмовіцца закупляць электраэнергію. Зыходзілі з тэмпаў росту энергаспажывання, якія былі тады. Каля 2000 года тэмпы росту пералічылі, ацанілі, што энергаспажыванне будзе расці па 5% за год. І на 2020 год спажыванне павялічыцца ўдвая.

Але рост замарудзіўся, да таго ж сусветная тэндэнцыя такая, што рост вытворчасці ідзе, але што тычыцца спажывання энергіі, то наперад рушылі энергазберагальныя прынцыпы. Таму якім чынам мы задзейнічаем магутнасці станцыі, не вельмі зразумела.

Козыры Беларусі

У Беларусі ёсць тры перавагі: чалавечы капітал, транспартныя шляхі і прыродакарыстанне. У Беларусі, як у Расіі, і Польшчы якасць чалавечага капіталу была высокай і ў часы ССР, і застаецца такой цяпер. Можна паназіраць, як гэтым скарысталіся розныя кіраўніцтвы.

Ці страшна, што з’язджаюць з вёсак і малых гарадоў

У цэлым для эканомікі не вельмі важна, дзе жывуць людзі. Важна толькі тое, як яны жывуць. Калі эканамічная сітуацыя будзе такой, што рацыянальней сабрацца ўсім у Мінску і зладзіць там другую Маскву, сабраць там усю вытворчасць будзе больш эфектыўна, то навошта гэтаму супраціўляцца?

Цяпер працягваецца глабальная тэндэнцыя на ўрбанізацыю. Аграгарадкі будуць, хутчэй за ўсё, выміраць. Асабліва, калі яны аддаленыя ад буйных цэнтраў. Таму што рост у вытворчасці і сферы паслуг нашмат вышэйшы, чым у аграрным сектары. Самі па сабе яны не выжывуць без датацый. У гэтым няма нічога кепскага, што людзі пераязджаюць працаваць у іншы горад.

Разумею, што дэградацыя гарадоў ва ўяўленні падаецца непрыемнай, але гэта насамрэч не так страшна. Натуральна, што некаторыя індустрыі адміраюць.

У ЗША ёсць горад Дэтройт, які дэградаваў. Адтуль масава з’язджалі. Але ж былыя дэтройцы знайшлі працу ў іншых месцах, дзе больш патрэбныя. І краіна ў цэлым развіваецца, і эканоміка расце.

Лекі супраць беднасці

Аднойчы я размаўляў з прафесарам, які працуе ва ўстанове, што змагаецца з беднасцю ў Кітаі. Ён спрабаваў шмат розных варыянтаў для вырашэння праблемы. Досвед паказаў найбольш эфектыўныя – усеагульная адукацыя і мікракрэдыты, якія дазваляюць людзям пераехаць у гарады, дзе ёсць праца.

Ужо прайшоў час, калі дзяржава забяспечвае працу там, дзе жывуць людзі.

Працу ствараюць прадпрымальнікі, бізнесмены, кіраўнікі. І разумней пераязджаць туды, дзе яна ёсць. Калі вы знайшлі працу ў Мінску, а жывяце ў іншым горадзе, значыць, у Мінску вы больш патрэбныя, ваша прадуктыўнасць там будзе вышэйшая, і эфектыўнасць ад дзейнасці. Чым будаваць вадакачку каля дома ў вёсцы, прасцей перавезці спецыяліста туды, дзе ёсць праца і ўсе ўмовы.

Для эканомікі важныя дэмакратыя і эксперыменты. А пасля прызнаць эксперымент ўдалым або адзначыць памылкі.

• Текст доступен на языке: Русский