Вучні 11 класа.

Падчас сёлетняй уступнай кампаніі беларускія абітурыенты змогуць паступаць у расійскія вышэйшыя навучальныя ўстановы, не здаючы адзіны дзяржаўны экзамен. Для паступлення трэба толькі падаць вынікі беларускага ЦТ. Расійскія ўстановы могуць праводзіць дадаткова ўнутраныя экзамены для абітурыентаў.

Такая сітуацыя можа заахвоціць яшчэ большую колькасць абітурыентаў паехаць вучыцца ў Расію. Чаму гэта можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, расказвае сітуацыю палітолаг Вольга Харламава:

– Звярніце ўвагу, як актывізаваліся расійскія ВНУ ў Беларусі. У нас ёсць некалькі філіялаў расійскіх ВНУ, і яны не падпарадкоўваюцца беларускаму Міністэрству адукацыі. Пад беларускае заканадаўства яны трапляюць па падатках. А вось пад ідэалагічную частку – не. Самі фарміруюць праграму і запрашаюць вучыцца нашых абітурыентаў у тым ліку бясплатна. Пастаянна павышаюць квоты са стыпендыяй і перспектывамі для беларускіх грамадзян.

Эксперт адзначае, што гэта адбываецца на фоне падзей у беларускіх ВНУ – звальненняў, не працягнення кантрактаў, незразумелай сітуацыі з ЦТ.

– На сустрэчы ў Сочы сярод іншага Пуцін сказаў, што вельмі рады, што беларускія абітурыенты абіраюць расійскія ВНУ, – дадае эксперт. – Заахвочванні ў расійскія ВНУ – яшчэ адзін крок інтэграцыі з Расіяй. Па выніках сёлетняй кампаніі Мінадукацыі ўбачыць наступствы такіх падзей. Беларускіх школьнікаў запрашаюць удзельнічаць у расійскіх алімпіядах, у тым ліку праз нашых настаўнікаў. Знешне гэта выглядае бяскрыўдна, але наступствы – вымыванне мазгоў і перспектыўных дзяцей з Беларусі.

Калі дзеці з’язджаюць вучыцца ў Расію, верагоднасць, што яны вернуцца, блізкая да нуля. Нават з Польшчы большая верагоднасць, што вернуцца, чым з Расіі.

«Людзі шугаліся, калі бачылі арла на вокладцы дыплома»

Тэорыю палітолага аб тым, што вярнуцца пасля вучобы з Польшчы больш шанцаў, чым з Расіі, мы папрасілі пракаментаваць маладзечанку Аляксандру Парахню, якая закончыла магістратуру ў Варшаўскім дзяржаўным універсітэце:

– У Беларусі выкладаю польскую мову. Год не была ў Польшчы, цяпер якраз хадзіла да доктара. То нават я хвалявалася, што мову даўно ў жыцці не практыкавала, таму недакладна апішу сітуацыю, мяне не зразумеюць.

Застацца ж у Расіі прасцей хаця б па пытанні мовы.

Пасля вучобы ў Варшаве ў маладзечанскі была магчымасць застацца і працаваць. Яшчэ падчас вучобы яна пачала падпрацоўваць у арганізацыі, якая займалася міжнароднымі адукацыйнымі праектамі.

– Там быў цудоўны калектыў, і я спакойна магла застацца. І гэта была б не праца на касе ў таннай сеткавай краме ці збор клубніц, а творчасць, самаразвіццё – карацей, не першая лепшая праца, каб проста зачапіцца за краіну.

Але жанчына пасля вучобы вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Яна так тлумачыць прычыну:

– Вялікую ролю ў маім вяртанні адыграла тое, што перад ад’ездам мела пазітыўны досвед працы ў Беларусі. Я працавала журналістам і адчувала важнасць сваёй працы – што сваімі тэкстамі магу прыцягваць увагу да праблемных тэм, магу дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу – хоць і на лакальным узроўні, але ж гэта неверагодна важна. Мне было вельмі цяжка кінуць працу і зноў стаць студэнткай. Другі важны момант – у Беларусі ў мяне былі “мае” людзі. Родныя, сябры, аднадумцы, гатовыя падтрымаць мае ідэі і пачынанні. Гэтыя людзі – і ёсць мой дом. Вядома, з імі можна было б падтрымліваць сувязь і з замежжа. А вось прыбіраць смецце, азеляняць двор, арганізоўваць фры-маркет, сядзець у кавярні і прыдумваць новае – не. Так, у замежжы я таксама знайшла “сваіх” людзей.

Але калі ў мяне ёсць выбар – азеляняць двор у Варшаве ці суседні двор у Маладзечне, я выберу другі варыянт, хай выбачаюць мяне мае цудоўныя польскія сябры.

Жанчына не спрабавала ўладкоўвацца ў Беларусі з польскім дыпломам. Ён вузкаскіраваны – спецыяліст па Балканскіх краінах. Такі спецыяліст можа быць цікавы ўстановам адукацыі або дыпламатычнаму корпусу. Але з такімі структурамі Аляксандра пакуль не хоча звязваць кар’еру.

– Беларускія сябры, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, казалі, што ў дзяржаўных установах людзі шугаліся, калі бачылі арла на вокладцы дыплома. Адразу ўзнікаюць падазрэнні – што не так з чалавекам, калі ён скончыў польскую ВНУ і прыехаў да нас? Чаму не застаўся? Нармальныя так не робяць, толькі нейкія з прыбабахам. А вось прыватныя ўстановы і фірмы часцей пазітыўна рэагуюць на замежную адукацыю.

Сувязі паміж Балканскімі краінамі і Беларуссю вельмі слабыя. Таму маладзечанка, каб не выпасці з кантэксту, чытае кнігі балканскіх аўтараў, глядзіць часам фільмы на сербскай мове, сочыць за навінамі з Балканаў.

– Адзінае прымяненне адукацыі, якое я пакуль знайшла, – перакладаць сербскамоўных аўтараў на беларускую мову і  знаёміць з імі беларусаў. Але гэта толькі на ўзроўні хобі. Яшчэ рэгулярна разумнічаю ў размовах з сябрамі, кідаючыся фактамі з гісторыі Балканаў.

Але калі ў цябе замежны дыплом не балканазнаўцы, а, напрыклад, мастака ці доктара, то, думаю, лягчэй прымяніць сваю адукацыю на практыцы.

Аляксандра разумела, што спецыяльнасць балканіста не будзе вельмі запатрабаванай і папулярнай, яшчэ калі паступала:

– Вось тое і прыцягнула, што гэта такая тэра інкогніта, дзе шмат прасторы для дзеянняў і развіцця. Спадзяюся, што наступіць час, калі мае веды спатрэбяцца і ў Беларусі.

• Текст доступен на языке: Русский