Фота 24tv.ua.

У Салігорскім раёне міліцыя затрымала дваіх выхадцаў з Маладзечна, падазраваных у крадзяжах з прыватных дамоў. Пра гэта паведаміла прэс-служба УУС Мінгарвыканкама.

Як паведамляецца, раніцай у пятніцу, 19 сакавіка, мужчыны ўлезлі ў адзін з дамоў у вёсцы Кулакі Салігорскага раёна праз акно, створку якога атрымалася адкрыць. Адтуль мужчыны панеслі з сабой залатыя ўпрыгажэнні і вялікую суму наяўных.

Аднак неўзабаве маладзечанцаў, якія спрабавалі схавацца, затрымала раённая міліцыя пры падтрымцы АМАПа. У іх машыне знайшлі розныя прыстасаванні для крадзяжоў, а таксама ювелірныя вырабы і грошы.

Дачыненне мужчын да падобных злачынстваў пакуль правяраецца, супраць іх пачалі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 205 (Крадзеж) Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая ў якасці максімальнага пакарання прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

• Текст доступен на языке: Русский