Апошні званок у Вілейскай СШ №3.

Мінадукацыі апублікавала пісьмо «Аб завяршэнні 2020/2021 навучальнага года і правядзенні выпускных экзаменаў ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі».

Згодна з дакументам 2020/2021 навучальны год завершыцца 31 мая. Урачыстыя мерапрыемствы «Апошні званок» для вучняў выпускных класаў правядуць 29 мая.

Выпускныя экзамены па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі будуць праводзіцца ў перыяд ад 1 па 9 чэрвеня.

Навучэнцы 11 класаў будуць пісаць пераказ па беларускай або рускай мове (на выбар), таксама ім трэба будзе выканаць у пісьмовай форме кантрольную работу па матэматыцы, здаць выпускныя экзамены па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Даты правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў – 1, 3, 7 чэрвеня.

У дзевяцікласнікаў  экзамены пройдуць 2, 4 і 8 чэрвеня. У гэтыя дні яны напішуць дыктанты па беларускай і рускай мовах, выканаюць кантрольную работу па матэматыцы.

Выпускныя вечары для навучэнцаў 11 класаў рэкамендуецца правесці 10 чэрвеня.

Цэнтралізаванае тэставанне пачнецца 16 чэрвеня. Ад 11 па 15 чэрвеня ў школах правядуць кансультацыі для выпускнікоў 11 класаў па падрыхтоўцы да ЦТ.