«Рэгіянальная газета» расказвае, што адбываецца перад Днём Волі ў рэгіёне.

Маладзечна

Раніцай, 24 сакавіка, стала вядома, што ў Маладзечне затрымалі Аляксандра Новаша. Яго жонка паведаміла, што супрацоўнікі сказалі, што яны з Мінску. Яна сцвярджае, што ў пасведчанні двух з іх было напісана «Крымінальны вышук» і «Следчы камітэт».

Чытачы паведамляюць, што ў Маладзечне затрымалі Мікіту Пабочынава.

Смаргонь

У Смаргоні перад Днём Волі масава выклікаюць людзей у міліцыю і Следчы камітэт.

23 сакавіка ў Смаргоні затрымалі трох мужчын – Руслана Валюка, Сяргея Трая і Аляксандря Рукойця. Мясцовыя жыхары паведамілі, што Валюку прыйшла позва, але з аддзялення РАУС ён не выйшаў. Сваякам мужчыны паведамілі, што яго затрымалі па адміністрацыйнай справы да суда, аднак невядома, па якім артыкуле. Нагадаем, 18 лютага Руслана Валюка асудзілі на два гады «хіміі» за паклёп у дачыненні да мясцовых міліцыянераў.

Аляксандра Рукойця затрымалі за пікетаванне ва ўласнай кватэры: падчас агляду яго жылля супрацоўнікі пабачылі бел-чырвона-белы сцяг на сцяне. Сяргея Трая затрымалі на працы. Мужчыны застаюцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

22 і 24 сакавіка ў Смаргонскі РАУС на гутаркі выклікаюць мясцовых жыхароў, пераважна жанчын. З імі праводзіў прафілактычныя гутаркі пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышэвіч. Ён растлумачваў ім змены ў заканадаўстве – у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальным кодэксе.

Алесь Дзергачоў.

Каля 11 гадзін 24 сакавіка ля дома смаргонскага праваабаронцы незарэгістраванага цэнтра «Вясна» Алеся Дзергачова заўважылі супрацоўнікаў міліцыі. Дзергачоў не выходзіць на сувязь ужо гадзіну, яго тэлефон недасяжны. Вядома, што на 17 гадзін 25 сакавіка яго выклікалі ў міліцыю. У 12:30 стала вядома, што Дзяргачоў на волі, яго не затрымлівалі. Міліцыянеры прынеслі яму позву ў РАУС на 25 сакавіка.

Як каля 13.00 паведаміў карэспандэнтам Алесь Дзергачоў, міліцыянеры прыйшлі да яго яшчэ раз і ўручылі позву, дзе пазначана, што Дзергачову трэба з’явіцца ў РАУС сёння ў 14.30, каб атрымаць папярэджанне пра адказнасць за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах.

Доктара мясцовай бальніцы Наталлю Курбацкую выклікалі ў міліцыю 25 сакавіка. Курбацкая падавала заяўку на правядзення Дня Волі ў Смаргоні, але ёй адмовілі. Мясцовая раёнка паведаміла, што ёй адмовілі ў сувязі з парушэннем у прадастаўленні поўнага пакету дакументаў.