Чарга на ўваходзе маладзечанскага суда на пасяджэнне па справе перакрыцця Вялікага Гасцінца.

У судзе Маладзечанскага раёна пачалося разбіральніцтва па справе аб перакрыцці Вялікага Гасцінца ў лістападзе 2020 года. 21 лістапада маладзечанцы перакрылі галоўную вуліцу горада з расцяжкай «Пакуль у краіне беззаконне, супраціўленне – наш доўг».

Момант перакрыцця вуліцы Вялікі Гасцінец. Фота з суполкі «Молодечно LIVE».

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Вікторыя Паляшчук. Дзяржаўны абвінаваўца – Валер Пяркоўскі. Літвіновіч, Волкава, Нікіценка, Маліноўскі, Клімовіч абараняюць падсудных.

Дзмітрыя Карабейніка і Рыгора Саладоўнікава затрымалі яшчэ ў лістападзе, на наступны дзень пасля перакрыцця іх затрымалі. Ад 22 лістапада мужчыны пад вартай: да 1 снежня ў маладзечанскім ІЧУ, пасля – у жодзінскім СІЗА.

На лаўцы падсудных яшчэ трое абвінавачваемых – Ганна Задорская, Эліна Карыцька, Сяргей Сідаровіч, Ігар Сідаровіч. Яны знаходзіліся на волі да пачатку суда. Раней з падсудных ніхто не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Усіх абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса «Арганізацыя ці падтрыхтоўца дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Пацярпелыя: Герасімюк, Мілашэвіч, Якімовіч, Дубіна, Тумель — кіроўцы маладзечанскага аўтапарку і хуткай дапамогі. Пацярпелыя не заяўлялі позвы аб кампенсацыі маральнай ці фізічнай шкоды.

Абаронцы абвінавачваемых.

Абаронца Задорскай Клімовіч заўважыў, што пацярпелыя не заяўлялі прэтэнзіі да абвінавачваемых, а падчас папярэдняга следства выказвалі меркаванне, што не панеслі ніякай шкоды.

Пацярпелыя заявілі, што яны падтрымліваюць хадайніцтва Клімовіча, які хадайнічаў аб непрызнанні іх пацярпелымі. Частка з іх адзначылі, што не лічаць сябе пацярпелымі. Хадайніцтва падтрымалі і абвінавачваемыя, і адвакаты. Супраць выступіў толькі дзяржабвінаваўца. Суддзя адхіліла хадайніцтва абаронцы.

Згодна з абвінавачваннем, Задорская зрабіла банер, тым самым дапамагла ў здзяйсненні злачынства. Банер перадала Саладоўнікаву. Затым Саладоўнікаў разам з Карыцькай, Ігарам і Сяргеем Сідаровічамі, Карабейнікам перакрылі Вялікі Гасцінец, гэтым парушылі функцыянаванне грамадскага транспарту, машыны хуткай дапамогі, а таксама правы і свабоды людзей.

Сяргей Сідаровіч перад судовым пасяджэннем.
Ігар Сідаровіч.
Эліна Карыцька і Сяргей Сідаровіч.

Карыцька, Карабейнік, Ігар і Сяргей Сідаровічы прызналі віну цалкам. Саладоўнікаў прызнаў часткова. Задорская віну не прызнала.

Спачатку ў судзе дапытаюць абвіначваемых, пацярпелых, сведак і даследуюць доказы па справе.

Рыгор Саладоўнікаў.

Паказанні Саладоўнікава

Рыгор Саладоўнікаў успамінае, што тады быў выхадны дзень. Мужчына жыў з маці, працаваў дворнікам у дзіцячым садку. З астатнімі абвінавачваемымі пазнаёміўся ў тэлеграм-канале, абмяркоўваў палітычную сітуацыю ў краіне.

– З’явілася жаданне паказаць пазіцыю. Мы абмяркоўвалі, што зрабіць, ініцыятара не было. Прыйшлі да таго, што захацелі выказаць сваю пазіцыю наконт таго, што адбываецца.

Саладоўнікаў кажа, што ніяк не рыхтаваліся, хтосьці зробіць банер – ён не ведае, хто дакладна. 20 лістапада людзі сустрэліся ў парку, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні.

– Я магу пазнаць цяпер толькі Дзмітрыя. Тады быў вечар, цёмна. Не памятаю, у колькі. Тады паспрабавалі расцягнуць банер, а пасля дамовіліся збірацца ў суботу дзесьці да 10 гадзін. Банер мне перадала дзяўчына.

Месца абмяркоўвалі ў тэлеграм-чаце. Было некалькі варыянтаў, выбралі скрыжаванне каля гімназіі №6.

Пяркоўскі: Абвінавачваемы, які з фізічнымі недахопамі, удзел прыняў?

Саладоўнікаў: Мы сустрэліся, калі было цёмна, ніхто не называў імёны, не ведаю. Яго не было, я б заўважыў.

Пяркоўскі: На дарозе ён быў?

Саладоўнікаў: Не.

Ігар Сідаровіч – чалавек з інваліднасцю, у яго няма нагі да калена. Таму Вялікі Гасцінец перакрывалі пяцёра чалавек, без Ігара Сідаровіча. Яны выйшлі на зялёны сігнал для пешаходаў. Саладоўнікаў лічыць, што яны стаялі каля хвіліны. Абвінавачваемы прызнае віну, што выйшаў на пешаходны пераход за банерам, але лічыць, што гэтыя дзеянні не пацягнулі нязручнасці для каго-небудзь. Ён таксама падкрэсліў, што людзі не абмяркоўвалі, што будуць блакаваць транспарт.

Дзяржаўны абвінаваўца запытаўся, ці збіраецца Саладоўнікаў удзельнічаць у пратэсных акцыях. У зале пачалі абурацца людзі, суддзя заклікала да цішыні, але Саладоўнікаў не адказаў на пытанне.

– На той момант я хацеў выказаць сваю пазіцыю па палітычных падзеях у краіне. Хацелі паказаць сваю агульную незадаволенасць па сітуацыі ў краіне.

Паказанні Карабейніка

Дзмітры Карабейнік працаваў кіроўцам у Ракаве. 17 лістапада звольніўся, каб ужо 23 лістапада пайсці на працу на фабрыку ў Заслаў’е. 22 лістапада яго затрымалі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС.

Карабейнік пазнаёміўся з абвінавачваемымі ў тэлеграм-чаце, яго дадалі туды прыкладна за тыдзень да здарэння. У чаце абмяркоўвалі выхад на скрыжаванне, Карабейнік не памятае, хто прапанаваў гэта зрабіць. Абмяркоўвалі гэта некалькі дзён.

– Дамовіліся сустрэцца ў Камсамольскім парку, расцягнулі белую матэрыю. Там было пяцёра чалавек, прабылі хвілін 5-10. Расцягнулі і сцягнулі банер, паглядзелі, колькі атрымаецца па часе.

Абмеркаванне, дзе будуць расцягваць банер, праходзіла ў чаце. Карабейнік пацвярджае словы Саладоўнікава: пяцёра чалавек выйшлі на дарогу на зялёнае святло. Там стаялі не больш за хвіліну, а калі загарэлася жоўтае святло, то пачалі сыходзіць. Пасля ўвечары Карабейнік спаліў чырвоную куртку, у якой быў, бо зразумеў, што здзейсніў злачынства.

– Я бачыў у інтэрнэце, як збіваюць дзяўчыну. Як мужчыне, мне такі ўчынак не спадабаўся. Таму вырашыў выйсці, – адказаў Карабейнік на пытанне дзяржабвінаваўцы, чаму перакрыў вуліцу.

Наступнае пасяджэнне пройдзе 25 сакавіка ў 10:30.