Падчас выпускнога. Юлія Шпакоўская (злева) і Алена Фрэнкель віншуюць з заканчэннем праекта удзельніцу Лілію Грыбанаву (у цэнтры). Фота забяспечанае Юліяй Шпакоўскай.

«Веру, што ў кожнай з жанчын, якая прыйшла ў праект разам са мной, будуць адбывацца якасныя змены. І я дакладна ведаю, што, толькі прыклаўшы высілкі, можна нечага дасягнуць», – такі допіс пакінула на сваёй старонцы ў сацсетках удзельніца беларуска-фінскага праекта «Школа прававой адукацыі» Вольга Прусаловіч. А вынікі праекта, пра які пісала жанчына, падвялі ў Смаргоні.

Праект дзейнічаў ад снежня 2019 года да сакавіка 2021 і фінансаваўся Міністэрствам замежных спраў Фінляндыі. А з беларускага боку ладзіўся Смаргонскім раённым аддзяленнем ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын». А тэрытарыяльны цэнтр як партнёр прапанаваў памяшканне для рэалізацыі.

Чаму вучылі жанчын у праекце

– Гэта першы мой досвед супрацоўніцтва і з краінай, і з арганізацыяй. Камфортна было працаваць і мне, і жанчынам-удзельніцам праекта. Праўда, ад красавіка 2020 года з-за пандэміі праект часова прыпынілі. Аднавілі ў жніўні, – расказвае кіраўніца праекта Юлія Шпакоўская.

Юлія прызнаецца: распусціўшы групу ў красавіку, хвалявалася, што не збярэ жанчын, якія прыйшлі на праект у сакавіку. Паўгода – немалы тэрмін. Аднак у жніўні ўсё атрымалася.

Падчас майстар-класа «Шлюбны дагавор». Фота забяспечанае Юліяй Шпакоўскай.

– Удзельніцы – 15 жанчын розных прафесій і ўзростаў – былі ў розных сітуацыях. Аднак кожную з іх тэма гвалту ў сям’і неяк закранула, – працягвае знаёміць з праектам Юлія. – А бывала і такое: жанчына прыходзіць у праект і кажа, што ў яе ўсё нармальна, а праблемы мае яе знаёмая.

Калі ж з ёй пачыналі працаваць нашы псіхолагі, аказвалася, што ўсё ж праблемы менавіта ў той жанчыны, якая звярнулася.

Мэтай праекта стала фарміраванне ў жанчын і дзяўчат прававой культуры па пытаннях палавой дыскрымінацыі, гендарнай няроўнасці, гвалту. Для яе дасягнення арганізатары ладзілі фокус-групы, сумесныя з прадстаўнікамі міліцыі, медыцыны, грамадскіх арганізацый, пракуратуры, праводзілі сацыялагічныя апытанні на тэму гвалту ў сям’і, выпускалі друкаваную тэматычную прадукцыю. Для ўдзельніц праекта спецыялісты ладзілі трэнінгі і інфармацыйныя сустрэчы.

– Эксперты-прафесіяналы працавалі з жанчынамі вельмі сумленна. У выніку тыя, хто прыходзіў з перакананнем тыпу «навошта мне гэта гендарная роўнасць?», у канцы выходзілі з разуменнем усёй важнасці пытання, – прыгадвае Юлія.

Агульнае фота на выпускным. Забяспечанае Юліяй Шпакоўскай.

Падчас васьмі адукацыйных трэнінгаў жанчыны павысілі ўзровень прававых, фінансавых ведаў, а таксама набылі навыкі самаабароны. Трэнер-юрыст змагла пераканаць жанчын у тым, што шлюбны дагавор – гэта нармальная практыка, калі абодва партнёры абараняюць сябе. А выкладчыца трэнінгу па асертыўных паводзінах данесла да жанчын, як пераканаўча сказаць «не», адстаяць сваё меркаванне і дабіцца пастаўленай мэты.

Што ў выніку

Яшчэ на пачатку рэалізацыі праекта заўважылі недапрацоўкі ў сістэме міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі тым, хто сутыкнуўся з гвалтам. І каб спецыялістам было лягчэй працаваць з гэтай няпростай тэмай, стварылі дапаможнік – «Алгарытм дзеянняў пры аказанні комплекснай дапамогі пацярпелым ад гвалту». Аднак не толькі ён стаў вынікам праекта.

Яшчэ – сабраная бібліятэка з кнігамі па псіхалогіі, гендарнай роўнасці, фінансавай адукацыі, вялікі ахоп людзей у інтэрнэце, шчырыя пасты ўдзельніц у сацсетках, дзе смаргонкі адкрыта расказалі пра свае праблемы і пра ўдзел у праекце.

– Падчас планавання праекта мы думалі данесці інфармацыю аб праблеме гвалту ў сям’і да трохсот чалавек, а ў выніку атрымалася больш за сем тысяч. Як ні дзіўна, гэта станоўчы вынік пандэміі – праз яе людзі больш, чым звычайна, былі ў анлайне, – дзеліцца Юлія.

Дзякуючы Міністэрству замежных спраў Фінляндыі партнёры праекта атрымалі падарункі. На фота Юлія Шпакоўская (справа) узнагароджвае дырэктара Смаргонскага тэрытарыяльнага цэнтра Марыну Нікалайчык. Фота Аксаны Ярашонак.

Арганізатары праекта сцвярджаюць: сёння жанчыны Смаргоншчыны не лічаць сямейны гвалт нормай, ведаюць, да якіх спецыялістаў звяртацца, калі ўзнікаюць праблемы ў сям’і, інфармаваныя пра тое, што ў раёне дзейнічае крызісны пакой.

Янне Хейсканен: Смаргонь – горад, у якім жанчыны хочуць палепшыць сваё жыццё

Дарадца-пасланнік, глава аддзялення пасольства Фінляндыі Янне Хейсканен у гутарцы з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» адзначыў, што, праводзячы конкурс праектаў у 2019 годзе, Міністэрства замежных спраў Фінляндыі з шасцідзесяці прадстаўленых абрала толькі два. І сярод гэтых двух быў праект са Смаргоні.

– Праект Смаргоні быў блізкі нам тым, што яго асноўная задача – падтрымка жанчын. Таксама ў праекце адразу бачылася ўстойлівасць і доўгатэрміновасць, – расказаў Янне.

Спадар Хейсканен першы раз быў у Смарогоні. Адзначыў, што для яго гэта пазітыўны беларускі горад, у якім шмат актыўных жанчын, што жадаюць мяняць сваё жыццё ў лепшы бок.

…Дарэчы, выпускны «Школы прававой адукацыі», што правялі ў канцы лютага, 15 удзельніц з кіраўніцай праекта адзначылі з песнямі, танцамі, падарункамі і… дзіцячым шампанскім.

• Текст доступен на языке: Русский