Фота wikipedia.org.

На Вілейскім вадасховішчы лёд пакуль 15-20 сантыметраў, але вельмі небяспечны: рыхлы і з прамыінамі. Таму выратавальнікі заклікаюць грамадзян быць вельмі асцярожнымі і не рызыкаваць.

– Нягледзячы на тое, што афіцыйнай забароны Вілейскага райвыканкама выходзіць на лёд пакуль няма, зімовая рыбалка стала ўжо вельмі небяспечнай, – кажа начальнік Вілейскай выратавальнай станцыі Ягор Роўда. – Таму мы раім рыбакам быць вельмі асцярожнымі і паберагчы сябе.

Лёд ужо адышоў ад берагоў, сядзім у поўнай баявой гатоўнасці, адзначыў начальнік станцыі.

Аднак адчайных рыбакоў хапае. Проста цяпер побач з выратавальнай станцыяй на лёдзе, па падліках выратавальнікаў, сядзіць каля 20 чалавек.

Афіцыйна выходзіць на лёд могуць забараніць, калі пакрыццё стане танейшым за сем сантыметраў.